• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Уступнае слова Святланы Ціханоўскай на міжнароднай канферэнцыі «Дэмакратычныя выбары для вырашэння крызісу ў Беларусі»

    01 чэрвеня, 2021

    «Дарагія беларусы, міжнародныя партнёры і сябры!

    Я рада вітаць вас на міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай правядзенню дэмакратычных выбараў у Беларусі. Неверагодна важна, што мы ўсе сабраліся сёння з мэтай абмеркаваць правядзенне свабодных, сумленных і справядлівых выбараў для вырашэння крызісу ў Беларусі. Чаму менавіта зараз? Адказ даволі просты.

    Захоп самалёта Ryanair у паветранай прасторы Беларусі, пераслед рэдактара незалежнага медыя-партала TUT.by, гібель палітвязня Вітольда Ашурка ў турме і самагубства 17-гадовага Дзмітрыя Стахоўскага – гэта толькі частка тых жудасных і трагічных падзей, якія адбываюцца ў нашай краіне. Некалькі хвілін таму мы даведаліся, што актывіст Сцяпан Латыпаў спрабаваў перарэзаць горла ў зале суда, таму што яму пагражалі пераследам сваякоў, калі ён не прызнае віну за тое, чаго не рабіў.

    Усё гэта паказвае, што пік беспрэцэдэнтных рэпрэсій, якія працягваюцца апошнія 10 месяцаў, яшчэ не прайшоў. Маштаб рэпрэсій толькі ўзмацняецца. Гэтыя падзеі нагадваюць нам: нічога гэтага не адбылося б, калі б у жніўні 2020 года выбары прэзідэнта Беларусі былі свабоднымі і празрыстымі.

    І таму нам час пагаварыць пра датэрміновыя выбары як комплекснае вырашэнне крызісу ў Беларусі. Гэтай вясной амаль 800 000 беларусаў прынялі ўдзел у анлайн-галасаванні і выказаліся ў падтрымку перамоў, якія вядуць да новых выбараў. Гэтую ідэю падтрымала і міжнародная супольнасць, за што мы вельмі ўдзячныя.

    І беларусы, і нашы міжнародныя партнёры разумеюць, што мы працуем над стварэннем новай Беларусі – дэмакратычнай краіны, у якой урад у сваіх рашэннях будзе абапірацца выключна на волю народа. Для гэтага мы патрабуем спыніць гвалт і вызваліць усіх палітычных зняволеных. Іх колькасць на дадзены момант дасягнула больш за 450 чалавек і ўвесь час расце, і яшчэ тысячы людзей толькі чакаюць афіцыйнага прызнання вязнямі сумлення.

    Пачуццё беспакаранасці рэжыму звязана з тым, што яго прадстаўнікі не былі абраныя дэмакратычным шляхам. Яны не адчуваюць адказнасці перад беларускім народам. Яны думаюць, што палітыка гвалту і распальвання страху дапаможа ім утрымаць уладу. У той жа час рэжым спрабуе імітаваць дыялог, высоўваючы фіктыўныя ініцыятывы і праводзячы кансультацыі са старанна адабранымі хаўруснікамі. Гэта датычыцца і абвешчанай рэжымам канстытуцыйнай рэформы, якая не ўключае ніякіх рэальных зменаў або выхаду з крызісу. Гэта проста імітацыя рэформаў. Мы не павінны дазволіць ім падмануць нас ці затармазіць рэалізацыю нашых планаў, асабліва калі рэжым пераносіць выбары, што маюць адбыцца, у мясцовыя органы ўлады.

    Мы ведаем, што арганізацыя новых свабодных і справядлівых прэзідэнцкіх выбараў – гэта складаны працэс. Менавіта таму мы запрасілі нашых міжнародных партнёраў, у тым ліку выбарчыя камісіі дэмакратычных краін, – для абмену вопытам. Сёння разам з намі больш за 200 чальцоў беларускіх палітычных партый і грамадскіх ініцыятыў, прадстаўнікі дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый з іншых краін.

    Мы таксама накіравалі запрашэнні прадстаўнікам рэжыму. Мы адкрытыя для дыялогу з імі, каб знайсці выхад з існуючага крызісу. На жаль, мы не атрымалі адказу на нашае афіцыйнае запрашэнне. Тым не менш, я хацела б звярнуцца да беларускіх чыноўнікаў урада, якія зараз вагаюцца. Лукашэнка прайграў леташнія выбары і ведае гэта. Не дазваляйце яму зацягнуць вас за сабой у прорву. Хачу нагадаць, што згодна з Канстытуцыяй, адзінай крыніцай улады ў Беларусі з'яўляецца народ. І вы павінны паважаць яго волю. Я заклікаю вас падтрымаць свой народ і разам з усімі намі будаваць новую Беларусь.

    Паважаныя ўдзельнікі!

    У першы дзень канферэнцыі мы абмяркуем, якім чынам будзе ажыццёўлена правядзенне датэрміновых выбараў у самыя кароткія тэрміны. Другі дзень будзе прысвечаны тэме свабодных і справядлівых выбараў у кароткатэрміновай перспектыве, а таксама доўгатэрміновым рэформам, неабходным у новай Беларусі.

    Магчыма, мы не знойдзем усе неабходныя адказы за гэтыя два дні, але мы закранем актуальныя тэмы, правядзем важныя абмеркавання, і за імі рушаць услед экспертныя дыскусіі. Літаральна праз хвіліну адбудзецца панэль высокага ўзроўня з удзелам прадстаўнікоў Еўрапарламента, Парламенцкай асамблеі АБСЕ і арганізацыі International IDEA. І я ўдзячная, што яны змаглі далучыцца да нас у гэты дзень. Я ведаю, што Кангрэсмен Біл Кіцінг не зможа, на жаль, далучыцца да нас сёння. Але я толькі што сустрэлася з трыма сенатарамі ЗША і я ведаю, што амерыканскі народ падтрымлівае нас.

    Таксама я ўдзячная камандзе экспертаў і суарганізатараў – IFES, DRI, International IDEA – за плённае супрацоўніцтва. Я ўдзячная ўсім, хто будзе прысутнічаць на канферэнцыі, у тым ліку прадстаўнікоў Еўрапейскіх цэнтральных выбарчых камісій і іх асацыяцыі. Мы хочам абмеркаваць, як арганізаваць свабодныя і справядлівыя выбары па міжнародных стандартах, і мы гатовы падзяліцца сваімі ідэямі.

    Дарагія беларусы,

    Пакуль міжнародная супольнасць зачыняе свае дзверы для рэжыму, гэтыя ж дзверы адчыняюцца для народа Беларусі і новай краіны, якую мы з вамі будуем. Свабодныя і сумленныя выбары – зарука новай дэмакратычнай Беларусі, давайце ствараць яе разам!».

    Апошнія навіны