• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • З’явіўся новы адукацыйны праект для беларускіх дзяцей – Васьміног

    13 студзеня, 2023

    Праект «Васьміног» будзе развіваць беларускую незалежную школьную адукацыю. Прэзентацыя праекта адбылася ў Вільні 12 студзеня, яго прадставілі Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь», Офіс Святланы Ціханоўскай і Беларуская Рада культуры, якая выступае партнёрам праекта.

    Сачыць за праектам можна таксама ў тэлеграме, інстаграме і фэйсбуке

    • Прамова Святланы Ціханоўскай на прэзентацыя праекта «Васьміног. Адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра»:

    «Добры вечар,

    Шаноўныя сябры,
    Паважаныя прадстаўнікі медыя, педагагічнай і экспертнай супольнасці!

    Скажу шчыра, для мяне як для беларускі і як для маці сённяшняя сустрэча – вельмі важная, бо размова ідзе пра запуск праекту, які тычыцца нашых дзяцей. 

    Як і многім з вас, мне важна, каб нашы дзеці атрымлівалі дастойную адукацыю, і не гублялі сувязі з Беларуссю.

    Таму найперш хачу сказаць вялікі дзякуй усім, хто далучыўся да гэтай прэзентацыі і асабліва тым, дзякуючы каму праект «Васьміног» стаў магчымым.

    Безумоўна, я ганаруся, што Офіс спрычыніўся да з’яўлення гэтага праекта, але найперш гэта вынік каманднай працы многіх людзей і арганізацыяў. 

    У прыватнасці, я хачу падзякаваць кансорцыюму Еўрабеларусь і Беларускай радзе культуры за тое што ўзялі адказнасць і давялі справу да рэалізацыі. 

    І, вядома, хачу выказаць падзяку Еўракамісіі за падтрымку. Вельмі важна падтрымліваць адукацыйныя і культурніцкія ініцыятывы менавіта цяпер, калі рэжым ваюе з усім беларускім, у тым ліку ў школах і ўніверсітэтах.

    Абсалютна відавочна, што сённяшняя сістэма адукацыі Беларусі патрабуе рэфармавання. І спадзяюся, што праект “Васьміног” стане адным з першых крокаў у гэтым напрамку. 

    Гэты праект сапраўды ўнікальны. Бо ён нацэлены як на дзяцей унутры краіны, так і на тых, хто разам з бацькамі з’ехаў праз рэпрэсіі. Праект яднае самыя разнастайныя адукацыйныя ініцыятывы, сумленных настаўнікаў і беларускіх дзяцей па ўсім свеце. 

    Для маленькіх беларусаў досвед пасля 2020 года стаў не менш, а можа нават больш траўматычным, чым для дарослых. Многія апынуліся ў чужой краіне і сярод незнаёмых людзей. Іншыя засталіся, але так сама апынуліся кінутыя ў зусім іншыя ўмовы – калі ў школах дзейнічаюць вайсковыя правілы, праходзяць палітгадзіны, усё больш сяброў з’язджае за мяжу. 

    Афіцыйная беларуская школа не здольная даць ім ані належных ведаў, ані раскрыць асобу. Яна рыхтуе ідэалагічна паслухмяных выканаўцаў, а не адказных грамадзянаў. 

    І таму зараз, калі дзяржава не выконвае свой абавязак па забеспячэнні якаснай адукацыі, мы павінны ўзяць гэты абавязак на сябе. Даць нашым дзецям лепшае. Забяспечыць самымі актуальнымі ведамі. Дапамагчы ім раскрыць свае таленты і знайсці сваё месца ў Беларусі будучыні.

    Ведаю, што па ўсім свеце з’яўляецца ўсё больш незалежных адукацыйных ініцыятываў для беларусскіх дзяцей, якія адказваюць на сучасныя запыты. Але нам важна так сама клапаціцца пра тых, хто не мае доступу да нармальнай адукацыі унутры краіны.

    І я радая, што цяпер, дзякуючы праекту “Васьміног”, мы зможам сабраць усе ініцыятывы і адукацыйныя магчымасці ў адным месцы. Забяспечыць годнай адукацыяй як беларускіх школьнікаў у Беларусі, так і тых, хто вымушана апынуўся за мяжой. 

    Гэтая платформа таксама зможа вярнуць сумленным і звольненым беларускім настаўнікам магчымасць займацца любімай працай. Вучыць і выхоўваць дзяцей, не ідучы на здзелку з сумленнем. Замест паслухмянасці вырошчваюць у дзецях самастойнасць і ўменне думаць крытычна. Вучыць любові да нашай культуры, ды павазе да нашай гісторыі і нацыянальных герояў.

    Я памятаю, як Ганна Севярынец, напэўна адна з найвядомейшых беларускіх настаўніц, аднойчы сказала, што не варта выхоўваць паслухмяных дзяцей, трэба выхоўваць шчаслівых дзяцей! 

    Гэта сапраўды так. І галоўнай мэтай адукацыі ў Новай Беларусі павінен стаць не прыгнёт вольнай ініцыятывы, а дапамога станаўленню вольнай асобы.

    Такая адукацыя – і ёсць аснова вольнай нацыі і ўстойлівай дэмакратыі.

    Нашыя дзеці ўжо лепшыя за нас. Я гэта бачу на ўласныя вочы. І зараз мы ўсе займаемся тым, каб здабыць для іх лепшую будучыню, якую яны сапраўды заслугоўваюць. 

    Ведаю, што кожны з прысутных робіць для гэтага штосьці кожны дзень. Кожны – у сваёй галіне. Дзякуй вам, што не чакаеце лепшага часу для дзеянняў. Бо найлепшы час – цяпер. 

    Мы ўжо рыхтуем глебу для таго, каб у Беларусі будучыні нашыя дзеці не ведалі такіх змрочных часоў. Каб не паўтарылі нашых памылак. Каб убачылі краіну магчымасцяў, а не забаронаў. 

    І сёння для мяне асаблівая радасць ведаць, што калі мы з нашымі дзецьмі вернемся дадому, па якім разам так сумуем – яны змогуць атрымаць годную адукацыю ў Беларусі, а не шукаць яе за мяжой.

    Дзякую вам за гэта. І зычу поспехаў у рэалізацыі праекта!»

    Апошнія навіны