• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская – пра дэфіцыт

    22 лістапада, 2022

    «Дэфіцыт.

    Гэтае слова многія памятаюць толькі па аповедах бацькоў пра савецкі час: прадукты па картках, чэргі па боты не па памеры, пустыя паліцы ў крамах. Усё гэта здавалася далёкім мінулым. Але зараз мы бачым, як яно зноў набліжаецца.

    Мы бачым, як з паліцаў крамаў па ўсёй краіне знікаюць тавары, і замест дзясятка відаў гарбаты ці шакаладу ў наяўнасці толькі два-тры брэнды. Мы бачым, як з савецкага мінулага вяртаюцца доўгія чэргі. Дэфіцыт тычыцца нават упакоўкі тых тавараў, якія пакуль дастаўляюцца ў крамы: малако ў белым, безназоўным тэтрапаку, ёгурт ва ўпакоўцы для вяршкоў, замежны тэкст на пачаку масла – даўно не навіна.

    Чыноўнікі пераконваюць нас, што гэтыя праблемы прыдуманыя і нібыта з'яўляюцца часткай інфармацыйнай вайны. Але эканамічныя праблемы не схаваць – іх відаць няўзброеным вокам. Аднаго погляду на паліцы ў краме дастаткова, каб зразумець: эканоміка Беларусі ў глыбокім крызісе, які з'яўляецца прамым следствам неэфектыўнай палітыкі.

    Пры гэтым чыноўнікі цудоўна разумеюць, што новыя законы пра рэгуляванне цэнаў, новыя забароны і ўказы яшчэ больш разбураюць нашую эканоміку. Але яны даўно дзейнічаюць не з жадання дапамагчы людзям і сваёй краіне, а зыходзячы з толькі адной мэты: утрымацца ў сваіх крэслах.

    У Беларусі шмат годных, адукаваных людзей, якія ведаюць, як аднавіць і палепшыць эканамічнае становішча. У нас шмат кваліфікаваных кадраў, якім проста не даюць раскрыць свой патэнцыял у гэтых умовах. Я ведаю, што ў новай Беларусі мы зможам дабіцца шмат чаго: у экспертаў дэмакратычных сілаў ужо ёсць праекты рэформаў, а таксама дамоўленасць пра фінансавую дапамогу для аднаўлення. Я ведаю, што беларусы могуць пабудаваць такую ​​эканоміку, каб спецыялісты з іншых краінаў змаглі прыязджаць да нас па заробак і новы вопыт, а не наадварот. Але для пачатку тыя, хто свядома цягнуць нашую краіну да сусветнай ізаляцыі, а нашых людзей – на дно беднасці, павінны пакінуць свае пасады, якія яны занялі, не з'яўляючыся абранымі прадстаўнікамі народа».

    Апошнія навіны