• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Выступ Святланы Ціханоўскай у Саэйме Латвіі, 2022

    09 чэрвеня, 2022

    Сёння, 9 чэрвеня, пачаўся другі дзень працоўнага візіту Святланы Ціханоўскай у Латвію. Яна выступіла на пленарным пасяджэнні парламента Латвіі ў Рызе. 

    • Тэкст выступу Святланы Ціханоўскай:

    «Шаноўная спадарыня старшыня, 
    шаноўныя дэпутаты, 
    шаноўныя міністры, 
    дарагія сябры,

    Для мяне, як і для большасці беларусаў, Латвія не чужая краіна. Мы маем супольную гісторыю, межы і, безумоўна, каштоўнасці. Мы з дзецьмі і мужам Сяргеем, які цяпер у турме, сюды прыязджалі адпачыць на мора і пагуляць па старых вулачках Рыгі. Тады я ўявіць не магла, што буду мець гонар выступіць тут, перад Саэймай.

    Сёння я бачыла бела-чырвона-белы сцяг насупраць Нацыянальнай бібліятэкі. Гэты сцяг там лунае ўжо амаль два гады, ад самага пачатку нашай рэвалюцыі як жэст салідарнасці Латвіі з беларускім народам. Гэты сцяг стаў сімвалам нашай барацьбы за Свабоду. За гэты сцяг тысячы беларусаў выходзілі на вуліцы, траплялі ў турмы. І калі мэр Рыгі, спадар Мартыньш Стакіс, узняў яго тут у 2021 падчас хакейнага чэмпіянату, у нашай краіне ён стаў амаль нацыянальным героем.

    Нашыя з вамі сцягі маюць падобныя літаратурныя легенды. Князя,  параненага ў баі, абматалі белым палатном. Асвечанае крывёю палотнішча стала сцягам і прывяло ваяроў да перамогі. Як і ў легендзе, я веру, што наш сцяг прывядзе нас да свабоды.

    Сённяшні выступ я хацела б пачаць са словаў падзякі: «Liels paldies draugiem!» 

    Палдіес – дэпутатам Саэймы за стварэнне групы «За Дэмакратычную Беларусь». Асобны «paldies» – Інэсе Войка, якая стала рухавіком гэтай важнай для беларусаў ініцыятывы. Гэта не толькі знак салідарнасці, але і інвестыцыя ў адносіны паміж нашымі парламентамі ў будучыні. Запрашаю ўсіх дэпутатаў далучыцца да складу групы. 

    Paldies – усім тым дэпутатам Саэймы, хто ўзяў ці плануе ўзяць апякунства над палітычнымі зняволенымі ў Беларусі. Многія з іх – у жахлівых умовах і ізаляцыі, іх спрабуюць пераканаць, што пра іх забыліся. Лісты, якія вы ім пішаце, даюць ім сілы трымацца і верыць у перамогу.

    Paldies – латвійскаму ўраду. Латвія была другой пасля Літвы краінай, якая ўвяла санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Міністар Рынкевіч стаў маторам кампаніі за перанос Хакейнага чэмпіянату – любімай цацкі дыктатара. Я памятаю, як ваш прэзідэнт тут, у Рызе, стаяў на пікеце з вялікім беларускім сцягам.

    Paldies – супрацоўнікам латвійскіх школаў. Беларусы распавялі мне, як добра настаўнікі і адміністрацыя прымаюць беларускіх дзяцей. 

    Paldies латвійскім НДА, такім як МАРТА, LAPAS, Baltic Centre for Media Excellence ды многім іншым, якія дапамагалі беларусам.

    Paldies – латышскім дзеячам культуры. Адбываюцца беларускія фотавыставы і культурныя імпрэзы, чытанні беларускай паэзіі ў музеі Райніса ды Аспазіі ў Юрмале. Латышы ўзнавілі вядомую ўсім беларусам Плошчу Пераменаў у парку Эспланада ў Рызе на знак салідарнасці з Беларуссю. Мы ніколі не забудземся вашую дапамогу.

    Paldies – народу Латвіі за салідарнасць, якую вы праявілі спачатку з беларусамі, а цяпер і з украінцамі. Мы не забудземся пікеты салідарнасці, бела-чырвона-белыя сцягі ў вокнах. А ўкраінцы не забудуцца, як вы самаахвярна дапамагаеце ўцекачам, перадаеце гуманітарную дапамогу. Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб спыніць гэтую жахлівую вайну і дапамагчы яе ахвярам.

    Нашыя краіны не толькі суседкі, нас аб’ядноўвае гісторыя яшчэ з часоў плямёнаў крывічоў і латгалаў. Аб’ядноўвае нас і гісторыя Полацкага Княства, Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. 

    У Рызе жыў і працаваў Вацлаў Ластоўскі – беларускі вучоны і палітык, адзін з тых, хто абвесціў у 1918 годзе Беларускую Народную Рэспубліку. Яе дыпламатычнае прадстаўніцтва было ў Рызе, а Латвійская Рэспубліка прызнавала першую беларускую дэмакратычную незалежную дзяржаву. 

    Выбітныя латышы шмат супрацоўнічалі з беларускімі арганізацыямі. Напрыклад, Яніс Райніс застаўся ў памяці людзей, як абаронца правоў беларусаў Латвіі. У Саэйме ён прадстаўляў беларускую дыяспару. У Латвіі развіваліся беларускія навуковыя і асветніцкія таварыствы, беларускія гімназіі. У той час у савецкай Беларусі ішло знішчэнне беларускай эліты і моўная русіфікацыя. Падобна і цяпер, пакуль у краіне Лукашэнка праводзіць тэрор, у Латвіі знаходзяць часовы прытулак беларускія медыі і недзяржаўныя арганізацыі.

    Нашыя народы разам перажывалі цёмныя часы – акупацыю Расійскай Імперыяй, савецкую акупацыю… Русіфікацыю, забойства інтэлігенцыі і масавыя дэпартацыі  спазнала і Латвія. У адрозненне ад латышоў, якія здабылі і зберагаюць свабоду ўжо 32 гады, беларусы мелі свабоду зусім нядоўга, у самым пачатку 1990-х. 

    Цёмныя часы для майго народа працягваюцца і сёння. У краіну вярнуўся сталінскі тэрор. Верныя савецкім ідэям і Крамлю ўлады закрываюць выдавецтвы, што друкуюць кнігі на беларускай мове. Арыштоўваюць прадпрымальнікаў, як Павел Белавус, якія працуюць у крамах, дзе можна набыць беларускую сімволіку. 

    Людзей, якія выступаюць за еўрапейскую дэмакратычную будучыню – асуджаюць на сталінскія тэрміны. У савецкія часы ў Латвіі былі вязні сумлення, якія праходзілі праз лагеры не адзін і не два разы – такія як Гунарс Астра, Інтс Цалітыс або Лідзія Дароніна-Ласманэ. 

    На жаль, такія ж вязні сумлення ёсць у сучаснай Беларусі. Сярод іх – палітык Мікалай Статкевіч, якога пакаралі 14 гадамі турмы, а таксама прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, якому ў бліжэйшы час пагражае смяротны прысуд… Паводле новага закона, смяротнае пакаранне можа пагражаць і за бяскрыўдны пратэст, і нават за намер. Мэта закона – спыніць людзей страхам.

    Палітычных зняволеных у беларускіх турмах пазначаюць жоўтым прамавугольнікам. Яны мусяць быць заўсёды навідавоку ў адміністрацыі, а падчас пераклічак выкрыкваць, што яны нібыта «схільныя да экстрэмізму». 

    Такія жоўтыя прамавугольнікі носяць на сваіх робах больш за тысячу беларускіх вязняў. Сярод іх – Марыя Калеснікава і Максім Знак, якія заклікалі пратэставаць мірна і без гвалту. Сярод іх – 27-гадовая праваабаронца Марфа Рабкова, якая дапамагала параненым. Сярод іх – 28-гадовая журналістка Кацярына Андрэева, якая вяла відэастрым на Youtube з разгону акцыі. Першым пра гэты ганебны прамавугольнік паведаміў 40-гадовы вязень сумлення Вітольд Ашурак. Год таму ён таямніча загінуў у турме.

    Вітольд быў адным з 1220 – столькі палітвязняў налічылі праваабаронцы. За кратамі знаходзяцца тысячы, тысячы іншых, імёны якіх мы не ведаем. 

    Ужо амаль два гады ў камеры-адзіночцы знаходзіцца мой муж Сяргей Ціханоўскі. Яго рэжым пакараў 18 гадамі турмы. Але як некалі сказаў Сяргей, як доўга ён і ўсе іншыя палітвязні будуць знаходзіцца за кратамі – залежыць толькі ад нас.

    Ад нас – гэта значыць ад нас з вамі. Калі пачаліся рэпрэсіі, мы крычалі пра дапамогу, але нас амаль не чулі. Толькі праз 10 месяцаў, пасля захопу самалёта, Еўрасаюз увёў рэальныя санкцыі. Надта позна. Гэта дазволіла рэжыму перагрупавацца і пайсці ў контрнаступленне. 

    Калі б мы тады спынілі Лукашэнку, Беларусь бы не стала плацдармам для Пуціна ў яго нападзе на Украіну. 

    Калі б мы тады перамаглі, прадмесці Кіева не былі б зруйнаваныя, расійскія войскі не разрабавалі б Чарнобыльскую АЭС, а тысячы мірных людзей з Бучы, Барадзянкі і Гастомеля былі б жывыя. 

    Кожная пятая расійская ракета, якая ўдарыла па ўкраінскіх гарадах, прыляцела з беларускай тэрыторыі. І хоць абстрэлы цяпер прыпыніліся, гэта толькі пытанне часу, калі яны зноў будуць бамбардаваць нашых суседзяў-украінцаў. 

    Сёння Беларусь дэ-факта акупаваная краіна. Аляксандр Лукашэнка выконвае волю не беларусаў, а Пуціна, які дапамог яму ўтрымацца ва ўладзе. Ён спрабуе сысці ад санкцыяў, прадставіць сябе як ахвяру. Але ён пасобнік у гэтай вайне, і павінен панесці поўную адказнасць за злачынствы.

    Пры гэтым простыя беларусы паводзяць сябе вельмі годна. 86% маіх суайчыннікаў супраць удзелу Беларусі ў гэтай вайне. У сакавіку і красавіку беларускія патрыёты арганізавалі на чыгунцы 80 дыверсіяў, каб запаволіць рух расійскіх войскаў. Было знішчана чыгуначнае злучэнне з Украінай. Беларускія кібер-партызаны ўзламалі сайты чыгункі і запаволілі рух цягнікоў. У інтэрнэце быў запушчаны праект Беларускі Гаюн – які збірае дадзеныя пра перамяшчэнні расійскіх войскаў, і гэта робяць простыя людзі, каб дапамагчы Украіне.

    Сотні маладых беларусаў далучыліся да палка Каліноўскага, каб змагацца супраць агрэсіі ў складзе ўкраінскай арміі. Мы разумеем, што перамога Украіны дасць шанец на свабоду Беларусі. Сярод гэтых добраахвотнікаў – 19-гадовы Цімур Міцкевіч, якога два гады таму жорстка збілі лукашэнкаўскія сілавікі. Тыдзень ён правёў у коме, яго маці не вытрымала перажыванняў і памерла, а сам Цімур быў вымушаны пакінуць краіну, і зараз ваюе за Украіну.

    Дарагія сябры, 

    Мне здаецца, апошнія месяцы выразна паказалі, што беларусы і рэжым Лукашэнкі – гэта не адно і тое ж. Стала відавочным і іншае: што Беларусь – гэта не Расія. 

    Нават ва ўмовах тэрору, беларусы знайшлі сілы супрацьстаяць рэжыму і супрацьдзейнічаць акупацыйным войскам. Больш за тое, беларусы самаахвярна падтрымліваюць Украіну, нават калі гэта каштуе ім здароўя і свабоды. 

    Сёння мы знаходзімся на гістарычным раздарожжы. Існуе толькі два шляхі – або Еўрапейская дэмакратычная Беларусь, або дэ-юрэ акупацыя Расіяй і шматгадовая ізаляцыя, рэгрэс і бяспраўе. 

    І здаецца, выбар тут відавочны. Але на гэтым шляху нам трэба будзе вашая дапамога. 

    Нам важна захаваць усё тое, што было збудавана да 2020 года: моцнае самастойнае грамадства, і не згубіць сувязі паміж тымі, хто з’ехаў, і тымі, хто застаўся.

    Дэмакратычны ўздым 2020 года быў бы немагчымым, калі б перад гэтым беларусы не падарожнічалі, не ездзілі вучыцца і працаваць у краіны Еўрапейскага саюза, не будавалі прыватны бізнес і кантакты. 

    Таму я заклікаю Латвію знайсці магчымасць выдаваць беларусам візы і аднавіць выдачу дазволаў на жыхарства. Асабліва тым беларусам, якія ўцякалі з Украіны. Гэта дапаможа і палітычным уцекачам, і беларускай моладзі. Мы гатовыя дапамагаць, каб не дапусціць злоўжыванняў з боку рэжыму.

    Я прашу вас павялічыць колькасць студэнцкіх стыпендыяў, а таксама прапанаваць праграмы для беларускіх даследчыкаў, навукоўцаў, журналістаў, культурных актывістаў. Незалежныя СМІ і беларуская культура супрацьстаяць савецкаму аўтарытарызму Лукашэнкі і прапагандзе Крамля.

    Я прашу падтрымаць малыя і сярэднія фірмы, якія рэлакуюцца ў Латвію. Даць ім доступ да фінансавання і дзяржаўных праграмаў падтрымкі. Многія з іх удзельнічалі ў нашых пратэстах, і таму патрапілі пад пераслед. 

    Дэпутаты, разглядзіце магчымасьць стажыроўкі ў Саэйме для маладых беларусаў. Атрымаўшы гэты досвед, беларуская моладзь скарыстаецца ім у будучыні – на карысць Беларусі, Латвіі і еўрапейскай кааперацыі.

    Гэтым месяцам Еўрапейскі Саюз будзе разглядаць заяўкі Украіны, Малдовы і Грузіі на наданне ім статуса кандыдатаў у ЕС. Мы шчыра зычым поспехаў нашым сябрам. Разам з гэтым, для нас надзвычай важна, каб выніковы дакумент Саміта ўзгадваў і пра еўрапейскую перспектыву для беларусаў.

    Я таксама прашу захоўваць цвёрдую пазіцыю да Лукашэнкі. Ніякіх кантактаў і ніякай супрацы, пакуль не вызваленыя палітвязні. Прашу не паддавацца на яго шантаж, які мы назіраем у справе транзіту ўкраінскага зерня. Я заклікаю не аслабляць, а наадварот узмацняць санкцыі супраць дзяржаўных прадпрыемстваў, якія даюць Лукашэнку грошы на рэпрэсіі.

    Ёсць санкцыі, якія Латвія можа ўвесці, не чакаючы Еўрапейскага Саюза – супраць так званага парламента Лукашэнкі, які адзінагалосна падтрымаў «смяротны» закон, які дае рэжыму «дазвол на забойства». 

    Я хачу звярнуцца да латышоў не купляцца без крайняй неабходнасці на «безвіз» ад Лукашэнкі. Едучы ў турыстычную забаўляльную паездку, вы едзеце ў краіну, дзе пакутуе больш за 1200 палітзняволеных і іх сем’яў. Мы вельмі чакаем латышоў у вольнай і дэмакратычнай Беларусі, якую мы пабудуем. 

    Я прашу падтрымаць нас у парламенцкіх асамблеях АБСЕ і Рады Еўропы. Замест дэлегацыяў рэжыму там павінны быць прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасці. Міжнародныя парламенцкія арганізацыі – гэта не месца для злачынцаў, якія вядуць вайну з уласным народам. Мы павінны адбіраць у рэжыма прастору, сантыметр за сантыметрам.

    Дарагія сябры,

    Гэтыя два дні ў Латвіі далі мне адчуванне сяброўскага пляча. Не было ніводнай сустрэчы, дзе я не адчувала б сябе як дома. Вы мяне зарадзілі аптымізмам, а таксама ўпэўненасцю, што мы на правільным шляху. 

    З вашага дазволу, я забяру з сабой гэтае адчуванне, і буду ім дзяліцца з беларусамі, якім так не хапае падтрымкі. 

    Я б хацела вас запрасіць у Беларусь, але сёння, мабыць, гэта была б не найлепшая ідэя. Таму няхай гэтае запрашэнне застаецца з адкрытай датай. 

    Я ўпэўненая, мы абавязкова сустрэнемся і будзем святкаваць супольную перамогу над цемрай. А цяжкія часы толькі загартуюць нашыя народы і нашае сяброўства. 

    Paldies, Latvija!»

    Апошнія навіны