• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Дайджэст Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, Лістапад 2022 / Выпуск 19

    05 снежня, 2022

    Дасылайце, калі ласка, інфармацыю пра ўсё, што датычыцца адукацыі ў Беларусі, у наш бяспечны і ананімны чат-бот @eduOST_bot. Паведамляйце нам пра навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўных ведамстваў што да рэпрэсій і розных форм ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія падаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі. Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванню сістэмы адукацыі.

    У нас з’явіўся сайт www.asvetaby.org, на якім можна знайсці ўсе выпускі дайджэста «Асвета» на беларускай, рускай і англійскай мовах.

    Спампаваць дайджэст па пытаннях адукацыі і навыкі магчыма па спасылцы.

    • Міжнародныя магчымасці

    – 28-29 красавіка адбудуцца штогадовыя Лонданскія чытанні па беларускіх даследаваннях. Запрашаюцца даследчыкі ў вобласці гісторыі, палітычных навук, эканомікі, літаратуры, сацыялогіі і рэлігіі для прэзентацыі вынікаў сваіх даследаванняў; вітаюцца міждысцыплінарныя даследаванні. Вылучаныя працы будуць апублікаваныя ў «Журнале беларускіх даследаванняў». Мерапрыемства пройдзе ў гібрыдным фармаце. Працоўная мова – англійская. Прыём заявак – да 15 студзеня 2023 г.

    – Дзярждэпартамент ЗША запрашае беларускіх студэнтаў апошняга курса ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў да ўдзелу ў летняй праграме студэнцкага абмену «Даследаванне інстытутаў ЗША для студэнцкіх лідараў з Еўропы» (SUSI) па тэме «Грамадзянская ўцягнутасць». Для ўдзелу ў праграме неабходна веданне англійскай мовы. Апошні тэрмін падачы заявак – 1 студзеня 2023 г.

    – Дзярждэпартамент ЗША запрашае маладых IT–прадпрымальнікаў да ўдзелу ў 5-месяцовай стажыроўцы ў амерыканскіх арганізацыях, звязаных з інавацыямі. Для ўдзелу ў праграме неабходна мець грамадзянства РБ, адпавядаць узроставаму крытэрыю (25–35 гадоў), валодаць англійскай мовай, быць занятым у інфраструктуры падтрымкі інавацый і прадпрымальніцтва. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 31 студзеня 2023 г.

    – Еўрапейскі каледж запрашае на навучанне па магістарскай праграме ў Бруге (Бельгія) або Варшаву (Польшча) па такіх спецыяльнасцях як: еўрапейскія эканамічныя даследаванні, еўрапейскае заканадаўства, еўрапейская палітыка і кіраванне, міжнародныя адносіны Еўрапейскага саюза, дыпламатыя і інш. Навучанне платнае, для суіскальнікаў з Беларусі прадугледжаны стыпендыі, якія пакрываюць расходы на навучанне, пражыванне і дарогу. Апошні тэрмін падачы заявак на навучанне – 18 студзеня 2023 г.

    – Дзярждэпартамент ЗША прапануе беларускім студэнтам, якія вучацца ў ВНУ Беларусі, стаць удзельнікам «Глабальнай праграмы студэнцкага абмену» (Global UGRAD) і пачаць навучанне ў ЗША. Для ўдзелу ў праграме неабходна веданне англійскай мовы. Больш падрабязна аб крытэрах адбору ўдзельнікаў – на сайце арганізатара. Апошні тэрмін падачы заяўкі для ўдзелу ў праграме – 15 снежня 2022 г.

    – Енскі каледж ім. Імрэ Кертэса запрашае суіскальнікаў на стажыроўку для правядзення самастойнага даследавання ў сферы гісторыі, сацыялогіі, антрапалогіі, паліталогіі, філасофіі, літаратуры, лінгвістыкі – па тэме, якая тычыцца Цэнтральнай або Усходняй Еўропы. Працягласць стажыроўкі – ад 3 да 12 месяцаў. Адно з патрабаванняў да суіскальнікаў – наяўнасць ступені кандыдата навук. Арганізатары забяспечваюць удзельнікаў праграмы штомесячнай стыпендыяй, а таксама месцам для працы над даследаваннем і падтрымкай ва ўладкаванні ў Ене. Апошні тэрмін падачы заяўкі на ўдзел у стажыроўцы ў 2023 г. – 31 снежня 2022 г., на ўдзел у стажыроўцы ў 2023-2024 гг. – 30 красавіка 2023 г.

    – Цэнтр расійскіх, усходнееўрапейскіх і еўразійскіх даследаванняў (CREEES) Стэнфардскага Універсітэта запрашае даследчыкаў у сферы гісторыі і актуальных праблем усходнееўрапейскага рэгіёна да ўдзелу ў стажыроўцы імя Уэйна Вучыніча. Удзел прадугледжвае правядзенне або працяг уласнага даследавання ў Цэнтры на працягу 12 тыдняў з выкарыстаннем яго бібліятэкі і працоўнай прасторы, удзел у мерапрыемствах Цэнтра, выкладанне ў Цэнтры (1 лекцыя і 1 семінар). Адабраным удзельнікам будзе аказана фінансавая падтрымка ў памеры 15000 долараў ЗША, падтрымка ў атрыманні візы, будуць кампенсаваны выдаткі на дарогу і медыцынскую страхоўку. Для ўдзелу ў праграме неабходна мець ступень кандыдата навук, атрыманую цягам апошніх 5 гадоў. Апошні тэрмін падачы заявак – 15 студзеня 2023 г.

    – Мюнхенскі ўніверсітэт Людвіга–Максіміліяна запрашае суіскальнікаў на ўдзел у правядзенні 4-гадовага дактаранцкага групавога даследавання на тэму фарміравання вобраза сям'і ў літаратуры і СМІ ад старажытнасці да сучаснасці. Рабочыя мовы: англійская і нямецкая. Патрабаванні да кандыдатаў: наяўнасць ступені магістра, праект дысертацыі ў межах тэмы даследавання. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 7 студзеня 2023 г.

    – Берлінская асацыяцыя «Акадэмічная сетка Усходняй Еўропы» (Akademisches Netzwerk Osteuropa) у межах праграмы «Навука ў небяспецы» (Science at risk) прапануе кансультацыйна-арганізацыйную дапамогу беларускім даследчыкам і навукоўцам, якія пацярпелі ад рэпрэсій і вайны, якая ўключае два напрамкі: экстраны пошук праграм падтрымкі для працягу даследчай, выкладчыцкай дзейнасці або навучання і прапанова правядзення лекцый і заняткаў за ўзнагароджанне.

    – Фонд Дом навук пра чалавека і Цэнтр франка-расійскіх даследаванняў абвясцілі конкурс заявак для навукоўцаў на атрыманне стыпендыі тэрмінам ад 2 да 3 месяцаў для правядзення даследаванняў у сферы гуманітарных і сацыяльных навук. Памер стыпендыі складае 1600 эўра на месяц. Таксама абраным удзельнікам арганізатары абяцаюць аказаць візавую падтрымку, а таксама прадставіць рэкамендацыйныя лісты для працы ў бібліятэках і архівах. Для ўдзелу ў конкурсе неабходна мець ступень кандыдата навук і папярэднюю дамоўленасць з адной з акадэмічных устаноў Францыі пра тое, што яна выступіць у ролі прымаючага боку на перыяд правядзення даследавання. Апошні тэрмін падачы заявак – 9 снежня 2022 г.

    – Для беларускіх вучоных са ступенню магістра, кандыдата або доктара навук адкрыта магчымасць атрымання стыпендыі ўрада Швейцарыі тэрмінам на 1 год, якая складзе ад 1920 да 3500 швейцарскіх франкаў на месяц у залежнасці ад віду праграмы. Пачатак праграмы – 1 верасня 2023 года. Апошні тэрмін падачы заявак – 9 снежня 2022 г.

    • Рэпрэсіі

    – Былую настаўніцу беларускай мовы, палітвязня Эму Сцепулёнак асудзілі на 2 гады калоніі. Суддзя Ірына Яскевіч Міёрскага раённага суда палічыла яе вінаватай у парушэнні арт. 368 (абраза прэзідэнта) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады). Сцепулёнак была ўзятая пад варту ў зале суда. Вядома, што асуджаная мае некалькі хранічных захворванняў, якія абвастрыліся падчас яе знаходжання пад вартай. У сувязі са знаходжаннем пад арыштам да суда на працягу года, пазбаўленне волі Сцепулёнак пасля вынясення прысуду працягнецца каля 4 месяцаў.

    – 21 лістапада падчас заняткаў быў затрыманы навучэнец Беларускага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Максім Гуйдо. Вядома, што раней ён працаваў у міліцыі, адкуль звольніўся ў 2020 годзе.

    – Затрыманы сузаснавальнік навукова-адукацыйнага праекта «Разумны Мінск» Сяргей Саўкін. Паводле інфармацыі ў відэа, апублікаваным у праўладным Тэлеграм-канале, Саўкіна абвінавачваюць у тым, што ў сцэнары навагодняй праграмы «Разумнага Мінска» для дзяцей прысутнічае фраза «Стары Дзед Мароз стаміўся, таму прыйшоў час выбіраць новага». Таксама ў відэа Саўкін сцвярджае, што ён удзельнічаў у акцыях пратэсту, блакаваў рух транспарту, быў падпісаны на Тэлеграм-каналы, прызнаныя ўладамі «экстрэмісцкімі».

    – Дзве настаўніцы сельскіх школ Гомельскай вобласці (меркавана – Буда-Кашалёўскага раёна) былі затрыманыя і аштрафаваныя за падпіску на інфармацыйныя рэсурсы, прызнаныя ўладамі «экстрэмісцкімі». Відэазапіс з імі з'явіўся ў адным з гомельскіх праўладных Тэлеграм-каналаў.

    – Праваабарончая арганізацыя «Вясна» апублікавала гісторыі дзяцей, якія былі асуджаныя за ўдзел у пратэстах ці антываеннай дзейнасці на турэмныя тэрміны яшчэ непаўналетнімі. Публікацыя расказвае пра тое, як да іх ужывалі фізічны гвалт, як іх судзілі, і як цяпер яны адбываюць пакаранне.

    – 23 лістапада Магілёўскі абласны суд паўторна разгледзеў справу 20–гадовай студэнткі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. А. Куляшова, палітвязня Дануты Перадні, паколькі Кіраўскі раённы суд, які раней вынес дзяўчыне прысуд, не меў права разглядаць гэтую справу. У выніку новага разгляду быў вынесены такі ж прысуд: 6,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму за рэпост публікацыі, у якой асуджаліся дзеянні Пуціна і Лукашэнкі па развязванні вайны супраць Украіны.

    • Палітыка рэжыму

    – Аляксандр Лукашэнка даручыў міністру ўнутраных спраў Івану Кубракову адкрыць ліцэі МУС ва ўсіх абласцях Беларусі (цяпер дзейнічае толькі адзін у Мінску), якія стануць падрыхтоўчым этапам фарміравання кадраў для міліцыі.

    – Міністэрства адукацыі прапануе ўвесці абавязковую фармальную характарыстыку вучня пасля заканчэння школы, якая будзе ўключаць звесткі пра яго ўдзел у грамадскім жыцці і будзе мець значэнне пры яго паступленні ў ВНУ.

    – Па ініцыятыве кіраўніка Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, экс-міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, на грамадскае абмеркаванне вынесены праект указа Лукашэнкі, які прадугледжвае прыняцце ў Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў дзяцей, пачынаючы з 8-гадовага ўзросту.

    – Тэлеграм-канал Вольны БДУ заявіў пра тое, што ў БДУ пачаліся масавыя звальненні нелаяльных выкладчыкаў праз непрацягненне кантракта. Згодна з атрыманымі звесткамі, плануецца скараціць штат кожнага факультэта на 10–12 працоўных ставак.

    – Прапагандыст Ігар Тур стаў выкладчыкам па сумяшчальніцтве на кафедры тэлебачання і радыёвяшчання журфака БДУ. Ён вядзе факультатыў «Рэпарцёр тэлебачання» для студэнтаў 2–га курса.

    – У снежні Нацыянальная акадэмія навук Беларусі ў супрацоўніцтве з расійскімі партнёрамі правядзе два ідэалагічныя мерапрыемствы на тэму агульнай гісторыі Беларусі і Расіі: навукова-асветніцкі фестываль «Адзінства народаў Беларусі і Расіі: шматвяковая гісторыя» і экспертна-асветніцкі форум «Яднанне народаў Беларусі і Расіі: ад агульнага мінулага да агульнай будучыні».

    – 16-17 лістапада ў Мінску адбыўся беларуска-расійскі форум «Моладзь і выбары». Арганізатарамі форума выступілі ЦВК Беларусі і Міністэрства адукацыі Беларусі. Цэнтральным мерапрыемствам форуму стала сустрэча моладзі са старшынём ЦВК Беларусі Ігарам Карпенкам і старшынёй ЦВК Расіі Элай Памфілавай.

    – Сталічная гімназія №50 аб'явіла конкурс для навучэнцаў 2-5 класаў пад назвай «Крамлёўская ялінка». Сярод конкурсных заданняў: малюнак на тэму «Беларускія школьнікі на Крамлёўскай ялінцы» і сачыненне на тэму «Навагоднія прыгоды беларусаў у Маскве». Прызёры наведаюць навагоднюю ўрачыстасць у Крамлі. Спонсарам паездкі стане пасольства РФ у Беларусі.

    – Навучэнцаў сярэдняй школы №2 г.Ельска звадзілі на экскурсію ў папраўчую калонію №20 у Мазырскім раёне «з мэтай прафілактыкі ўчынення непаўналетнімі злачынстваў і правапарушэнняў».

    – Адміністрацыя дзіцячага сада №5 г. Лельчыцы арганізавала выступленне дзяцей для намесніка пракурора Лельчыцкага раёна ў межах «выхаваўча-патрыятычнага» мерапрыемства. Для гасцей дзеці выканалі дзяржаўны гімн РБ.

    – Для навучэнцаў 2-3 класаў Урэцкай сярэдняй школы №2 Любанскага раёна Мінскай вобласці былі праведзены заняткі, на якіх ваенрук прадэманстраваў дзецям баявую зброю і для азнаямлення прадаставіў інфармацыйныя матэрыялы «Зброя перамогі» і «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны». У гэтай жа школе функцыянуе раённы рэсурсны цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі, які наведваюць малодшыя школьнікі ў якасці экскурсій. Таксама пасля заняткаў у гэтым цэнтры, па ўказанні ваенрука, два сямікласнікі Урэцкай СШ №2 наведалі Урэцкі дзіцячы садок №35 і прадэманстравалі зброю пяцігадовым дзецям.

    • Грамадзянская супольнасць і адукацыя

    – 4 снежня на пляцоўцы «Беларускага Міждысцыплінарнага семінара» адбудзецца адукацыйны анлайн-семінар на беларускай мове на тэму «Працоўная камунікацыя па0англійску: важныя моманты, парады, культурныя асаблівасці». Для ўдзелу неабходна запоўніць заяўку. «Беларускі Міждысцыплінарны семінар» – свабодная пляцоўка для прэзентацыі і абмеркавання навуковых даследаванняў беларусаў з мэтай развіцця міждысцыплінарных сувязяў у беларускай навуцы і кансалідацыі беларускай акадэмічнай супольнасці.

    – Прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова пракаментавала з'яўленне ў школьных атэстатах графы для ацэнкі за паводзіны: «рэжыму неабходна, каб на выхадзе, пасля навучання ў школе, у нас былі грамадзяне, галоўнай дабрадзейнасцю якіх з'яўляецца лаяльнасць у адносінах да аўтарытэту, улады».

    Апошнія навіны