• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская і беларускія дэмсілы сустрэліся з камітэтам па замежных справах парламента Польшчы

    25 сакавіка, 2022

    Падчас свайго візіту ў Польшчу Святлана Ціханоўская сустрэлася з камітэтам па замежных справах польскага Сейма. З боку дэмсілаў і беларускіх ініцыятываў на сустрэчы прысутнічалі Павел Латушка (НАК), Вольга Кавалькова (КР), Таццяна Хоміч (каманда Бабарыкі), Уладзімір Астапенка (НАК), Юры Губарэвіч (рух «За свабоду»), Алег Талерчык (ByPol), Юры Рававы (Рабочы Рух), Андрэй Ягораў (грамадзянская супольнасць), Алесь Зарэмбюк (Беларускі дом у Варшаве), Марыя Мароз (Фонд «Страна для жизни»). З боку камітэта – чальцы прэзідыума Марэк Кучынскі, Павел Коваль, Аркадыўш Мулярчык, Мацей Канечны і іншыя прадстаўнікі.

    Марэк Кучынскі, старшыня камітэта па замежных справах, павіншаваў беларускі народ у асобе Святланы Ціханоўскай і ўсёй дэлегацыі з Днём Волі. Святлана Ціханоўская ў адказ выказала пажаданне, каб наступныя Дні незалежнасці мы ўсё адзначалі ў новай Беларусі.

    Юры Рававы на сустрэчы распавёў пра дзейнасць Рабочага Руху, падрыхтоўку да стачкі. Рабочыя працягваюць змагацца, нягледзячы на ​​пераслед з боку рэжыму. Амаль кожны тыдзень ладзяцца дыверсійныя акцыі на чыгунцы ў Беларусі.

    Таццяна Хоміч распавяла пра неабходнасць таго, каб парламентарыі розных краінаў бралі пад апеку палітвязняў, – гэта дапамагае ім вытрымаць у такі складаны час. Шмат каго трымаюць у інфармацыйнай ізаляцыі, і палітвязні нават не ведаюць пра вайну.

    Алесь Зарэмбюк казаў пра палітвязняў Анжаліку Борыс і Анджэя Пачобута, беларускіх палякаў, якія ўжо роўна год знаходзяцца ў турме [сустрэча праходзіла да з'яўлення навіны пра А. Борыс].

    Размова ішла і пра практычныя рэчы, пра стаўленне да беларусаў у Польшчы – часта беларусаў успрымаюць як агрэсараў, у нашых суседзяў няма поўнага разумення таго, што адбываецца. Паўтара гады рэпрэсій і тэрору ў Беларусі ствараюць ілжывае ўражанне, што ў краіне пратэст скончыўся. Ціханоўская і дэлегацыя распавялі пра Беларускі Антываенны Рух – менавіта такі фармат мае цяпер дэмакратычны рух, у межах якога наш народ змагаецца з рэжымам Лукашэнкі, а цяпер – і са спробамі дыктатара ўцягнуць Беларусь у вайну. Таму так неабходная падтрымка з боку польскіх суседзяў. Вельмі важна разумець і казаць, што беларусы і рэжым – не адно і тое ж. Трэба накладаць максімальна сур'ёзныя санкцыі на рэжым, разрываць з ім любыя адносіны, пры гэтым падтрымліваючы беларусаў, у тым ліку тых, хто быў вымушаны перабрацца ў Польшчу.

    На сустрэчы таксама казалі пра пытанні інфармацыйнай бяспекі і важнасць працы незалежных медыя, такіх як Белсат і Радыё Рацыя; тэлеграм-канала NEXTA, блогераў, якія пераехалі ў Польшчу. Менавіта яны з'яўляюцца крыніцай праўды пра сітуацыю ў Беларусі, вайну ва Украіне і змагаюцца з прапагандай.

    Абмеркавалі і магчымасць стварэння цэнтра ці фонду імя Францішка Скарыны, каб узмацніць праекты ў культурнай сферы, падтрымліваць беларуска-польскія сувязі і развіваць беларускую ідэнтычнасць.

    Старшыня камітэта запрасіў Святлану Ціханоўскую прыняць удзел у міжнароднай сустрэчы кіраўнікоў камітэтаў па замежных справах еўрапейскіх краінаў і абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі і ролю Беларусі ў еўрапейскім крызісе.

    Апошнія навіны