Святлана Ціханоўская прапанавала Літве змяніць афіцыйную назву Беларусі на літоўскай мове

Святлана Ціханоўская даслала міністру замежных справаў Літвы Габріэлюсу Ландсбергісу ліст з заклікам змяніць назву нашай краіны на літоўскай мове з Baltarùsija на Belarusià. Раней Габріэлюс Ландсбергіс сам выказаў прапанову, каб Офіс Ціханоўскай звярнуўся да Літвы з такім лістом. Вось поўны тэкст ліста:

«Шаноўны спадар міністр,

Яшчэ раз сардэчна дзякую Вам за змястоўную і зычлівую размову, інфармацыю пра якую цёпла ацаніла беларускае грамадства.

Вы закранулі тэму афіцыйнай назвы нашай краіны і дзяржавы ў літоўскай мове, удакладненне якой магло б стаць знакам павагі Літвы да сувэрэнітэту Беларусі і падтрымкі моўна-культурнай ідэнтычнасці беларускага народу.

Цяперашняя афіцыйная назва Baltarùsija, на жаль, успрымаецца як калька з расейскай назвы Белоруссия, вядзе да памылковай асацыяцыі з дзяржавай Расеяй. Сярод прапановаў, якія ўжо гучалі ў літоўскім экспертным асяроддзі, форма Belarusià нашым экспертам бачыцца найбольш прымальнай. Іх аргументы наступныя.

1. Натуральна, мы не ўмешваемся ў пытанні агульнай кадыфікацыі нормаў літоўскай мовы. Дзяржаўная камісія літоўскай мовы пастановай № 48 ад 26.01.1995 г. „Пра назвы дзяржаваў“ пастанавіла была афіцыйна называць нашу дзяржаву Baltarùsijos Respubli­ka, а ў якасці кароткіх традыцыйных назваў краіны ўжываць Gùdija ці Baltarùsija. Аднак у канкрэтнай сітуацыі Беларусі было б магчыма размежаваць традыцыйныя назвы рознага паходжання, з аднаго боку, і кадыфікацыю абноўленай афіцыйнай назвы, з другога (аналагічна пратакольнай пастанове Камісіі № PN-11 ад 21.12.2020 аб назве Грузіі).

2. Для афіцыйнай змены назвы нашай краіны і дзяржавы ў афіцыйных дакументах Літоўскай Рэспублікі ёсць юрыдычная падстава, а менавіта п. 1 Закону № 1085-XII «Аб назве Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (…)» ад 19 верасня 1991 году: „…Гэтыя назвы [Рэспубліка Беларусь, Беларусь] транслітаруюцца на іншыя мовы ў адпаведнасці з беларускім гучаннем“.

Заканадаўчы акт быў тады ж перададзены праз дыпламатычныя каналы іншым дзяржавам і ў міжнародныя арганізацыі. Адпаведна ў ангельскамоўных дакументах ААН і ў ангельскамоўных краінах ужо з 1991 году пачалі ўжываць форму Belarus замест ранейшай Byelorussia.

У наступныя гады ў розных мовах свету адбываўся паступовы пераход да транслітараванай або блізкай да арыгіналу назвы нашай краіны — ці ў агульным ужытку, ці толькі ў афіцыйным (напр., нарматворчы слоўнік нямецкай мовы Duden назву Belarus азначае наступным чынам: „Уласная назва – прынятае ў афіцыйнай міжурадавай карэспандэнцыі абазначэнне для [краіны] Weißrussland“. Адпаведна ўрады Нямеччыны і Аўстрыі выкарыстоўваюць форму Belarus у афіцыйнай дакумэнтацыі).

3. Прыняты цяпер у літоўскай мове тэрмін Baltarusija ёсць дакладнаю калькаю расейскай назвы Белоруссия, асацыюецца з эпохай СССР і змястоўна не адпавядае назве Беларусь (агульнапрынятай у беларускай мове, а таксама прынамсі афіцыйна ў расейскай) у двух галоўных аспектах.

3.1.   Назва Беларусь этымалагічна паходзіць ад гістарычнай назвы Русь. У літоўскай мове кадыфікаваны тэрмін Rusià. Напр., „Rusià (Rus), rytų slavų žemių istorinis pavadinimas“ (Visuotinė lietuvių enciklopedija https://www.vle.lt/straipsnis/rusia/). Аднак другая частка літоўскага тапоніма Baltarusija супадае з тапонімам Rusija, якім абазначаецца цяперашняя дзяржава Расея: „Rùsija (Rossija), Rùsijos Federãcija (Rossijskaja Federacija), valstybė Rytų Europoje ir Šiaurės Azijoje“ (тамсама, https://www.vle.lt/straipsnis/rusija/).

3.2.   Назва Беларусь з гледзішча сучаснай мовы суцэльная і на марфэмы не дзеліцца. Колішні корань бел- этымалагічна мог значыць не колер, а геаграфічную арыентацыю ці ступень палітычнай свабоды. Сёння гэта вызначыць немагчыма, адпаведна няма падставаў калькаваць гэты складнік назвы краіны на іншыя мовы коранем колеру. Другі складнік -русь за некалькі стагодздзяў інтэграваўся з першым. Такім чынам, абедзьве часткі калькі „белы“ + „Расея“ не маюць дачыненьня да назвы Беларусі.

4. Літоўская граматыка вымагае граматыкалізацыі транслітараванае назвы. Выглядае, што форма Belarusià адпавядала б і граматычным вымаганням літоўскай мовы, і традыцыі (Rusià), і не пярэчыла б беларускаму закону 1995 г. Аднак тут, як і ў пытаньнях утварэння неабходных дэрыватаў (прыметніка, назваў жанчын і мужчын паводле нацыянальнасці) слова за літоўскімі мовазнаўцамі.

5. Што да слова Gudija з архаічнай традыцыяй, то корань gud-, паводле К. Бугі, мае першаснае значэнне ‘чужы’, ‘іншапляменны’ і толькі з цягам часу пачаў абазначаць менавіта беларусаў. Маючы адпаведную традыцыю ў тым ліку ў афіцыйнай практыцы міжваеннай Літоўскай Рэспублікі (напр. Gudų Reikalų Ministerija), назва Gudija магла б заставацца варыянтам для неафіцыйнага ўжытку.

На гэты момант афіцыйную назву нашай краіны і дзяржавы да беларускага арыгіналу наблізілі ў 24 дзяржавах Эўропы. Аналягічны крок Літвы азначаў бы падтрымку нашаму імкненню ўсведамляць сябе адметным эўрапейскім народам з адметным і гістарычна абумоўленым імем краіны і дзяржавы».

11 студзеня 2021 в 18:49