• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская прызначыла прадстаўніцай па адукацыі і навуцы Таццяну Шчытцову

    20 кастрычніка, 2021

    Таццяна Шчытцова – доктарка філасофскіх навук, прафесарка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільня). Атрымала вышэйшую адукацыю і ступень кандыдата навук у Беларусі, доктарскую дысертацыю абараніла ў Расійскім дзяржаўным гуманітарным універсітэце (Масква). Стажыравалася ва ўніверсітэтах і каледжах Германіі, Вялікабрытаніі і ЗША. 

    У якасці прадстаўніцы Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова будзе:

    • Каардынаваць аказанне дапамогі студэнтам/студэнткам, адлічаным па палітычных матывах, а таксама педагогам сярэдняй і вышэйшай школы і навукоўцам, якія былі звольненыя з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі;
    • Удзельнічаць у распрацоўцы новых рашэнняў і рэформаў у сферы адукацыі і навукі;
    • Працаваць з беларускімі незалежнымі арганізацыямі, якія займаюцца пытаннямі адукацыі;
    • Развіваць міжнароднае супрацоўніцтва, каб зрабіць беларускую навуку інтэрнацыянальнай і прасоўваць даследаванні беларускай гісторыі і культуры;
    • Займацца маніторынгам і аналізам падзей у сферы адукацыі і навукі ў Беларусі.

    Каментар Таццяны Шчытцовай: «Ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму беларускія школы апынуліся ў палоне абсурдных бюракратычных патрабаванняў, а ўніверсітэты цалкам страцілі аўтаномію. Наша адукацыя і навука – асабліва ў сацыягуманітарных дысцыплінах – крытычна адстаюць ад міжнародных стандартаў. Замест клопату пра якасць адукацыі рэжым адлічвае і звальняе нелаяльных, імкнучыся цалкам падпарадкаваць навучальныя ўстановы сваёй разбуральнай ідэалогіі.

    Сёння перад намі стаяць дзве асноўныя задачы:

    1. Дапамагчы адлічаным студэнтам/студэнткам знайсці магчымасць працягваць адукацыю;

    2. Сумесна з экспертнымі супольнасцямі падрыхтаваць пакет прапаноў, якія стануць асновай рэформы адукацыі і навукі ў новай Беларусі».

    Звязацца з Таццянай Шчытцовай можна па пошце [email protected].

    Офіс Святланы Ціханоўскай дзякуе Вользе Шпарага і яе камандзе за супрацоўніцтва на працягу мінулага года.

    Апошнія навіны