• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Ліст Святланы Ціханоўскай – беларусу

    04 сакавіка, 2021

    «Вітаю.

    Гэтай ноччу я слухала новы запіс BYPOL – словы Караева ў развітальнай прамове да ГУБАЗіК. Яго тады прыбралі з пасады міністра ўнутраных спраў, і ў якасці пажадання ён сказаў сваім баявікам, што беларускі народ – «тупаваты і недалёкі». Што мы «ніколі ні за каго». Што нам «нельга даць паспрабаваць параўнанне, як можа быць па-іншаму». Што трэба кідаць усё, знаходзіць нас – і ці то прыбіраць, ці то забіваць. Таму што ім «лепш ведаць, як нам жыць». Таму што яны – «людзі гаспадаравы». А мы – «тлустыя абывацелі».

    У яго прамове шмат слоў, што паказваюць, як думаюць людзі, якія занадта доўга прабылі ва ўладзе і занадта доўга былі беспакараныя. Гэтая прамова – напамін не маўчаць, не згаджацца, не спыняцца. Інакш яны прывыкнуць, што можна ўрывацца ў нашыя бальніцы, школы, крамы, дамы – і прыстаўляць нам дула да скроні. А потым «прыдумляць мемы» і смяяцца над тысячамі змучаных і згвалчаных людзей.

    Але нават не гэта галоўнае ў яго прамове. Я ўбачыла ў ёй і іншае. У гэтай прамове Караеў распавёў, як мы пераможам.

    Ён кажа, калі мы паўсюль, калі мы змагаемся кожны дзень, калі не даем ім апамятацца – яны не могуць нападаць, а могуць толькі абараняцца. Яго словы даказваюць, што мы ўсё рабілі правільна і нам трэба працягваць кожны дзень: інфармацыя, вуліцы, партызаншчына, міжнародны ціск, выбудоўванне арганізацый. Яго словы даказваюць, што другой хвалі пратэсту рэжым не вытрымае. І што ў іх можа атрымацца, толькі калі мы самі вырашым, што прайгралі, і спынім супраціў.

    Ты памятаеш, Карпянкоў называў «лішнімі» людзьмі ўсіх пратэстоўцаў. Караеў жа лічыць лішнімі наогул усіх, акрамя «гаспадаравых людзей» – сябе і сваіх самых набліжаных. «Негаспадаравы» людзі – гэта ўся краіна. Гэта актывісты. Гэта лекары. Гэта нашыя бабулі і нашыя дзеці. Гэта «не даслужаныя» да ўдзелу ў захопе ўлады чыноўнікі. Гэта сагнаныя на сходы і праўладныя мітынгі «дэлегаты». Гэта выкарыстаныя і загнаныя ў пазыкі рэжыму сілавікі. Няма ніякіх «іх» і «нас». Ты, я, мы ўсе патрэбныя «гаспадаравым людзям», толькі каб забяспечваць ім сытную вячэру і цёплую казённую кватэру з лецішчам.

    Вось таму чалавек, які занадта доўга ва ўладзе, абараняе не дзяржаву, а сябе – і губляе прыхільнікаў. Ён ператварае ў расходны матэрыял сваіх жа байцоў – не задумваючыся, як блізкі момант, калі яны пакінуць яго аднаго і калі да сотняў тысячаў людзей на вуліцах дададуцца добра яму знаёмыя твары.

    І мы працягнем змагацца за сваю свабоду, а значыць, гэтая будучыня ўжо хутка. Так, яна патрабуе гераічных намаганняў, але мы і нашыя дзеці павінны даведацца як гэта – жыць па-іншаму».

    Апошнія навіны