• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • ​У Расіі ратыфікавалі дагавор аб агульных прынцыпах падаткаабкладання па ўскосных падатках паміж Беларуссю і Расіяй. Што гэта значыць – тлумачыць Алесь Аляхновіч

    30 снежня, 2022

    Дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч расказвае пра стварэнне паводле дагавору адзінага наднацыянальнага падатковага органа, гульню двух шулераў і шаха.

    «Дагавор быў падпісаны міністрамі фінансаў яшчэ ў кастрычніку, цяпер у Расіі яго ратыфікавалі. Гэта ўсё – працяг эпапеі з 28 інтэграцыйнымі праграмамі, падпісанымі ў лістападзе 2021 г. Сам гэты працэс вядзе да большай залежнасці Беларусі ад Расіі. Пры гэтым, як заўсёды, у дамоўленасцях паміж двума шулерамі не ўсё так адназначна, бо шулеры любяць махляваць. А рэжым у Беларусі ў гэтым профі – наабяцаць і не выканаць.

    Я лічу, што ўсе ці частка гэтых праграм будуць рэалізаваныя на практыцы настолькі няхутка, што альбо шах памрэ, альбо ішак здохне. Напрыклад, улады ўжо шмат гадоў спрабуюць скасаваць роўмінг паміж РБ і РФ. Падавалася б, зусім непалітычная рэч з карысцю для ўсіх бакоў, але, тым не менш, нейкія бізнес-інтарэсы замінаюць рэалізаваць гэту задуму.

    Трэба вельмі пільна сачыць за тым, што адбываецца ў інтэграцыйных справах паміж РБ і РФ, але захоўваць пры гэтым цвярозую галаву. На залежнасць Беларусі ад Расіі значна больш уплывае не плануемы адзіны наднацыянальны орган (такія існуюць і цяпер, напрыклад, парламент «саюзнай дзяржавы»), а павелічэнне долі Расіі ў гандлі Беларусі, у знешнім доўгу, а таксама ў іншых важных сферах. У экспарце тавараў з РБ доля РФ вырасла з 41% у 2021 г. прыкладна да 70% у апошнія месяцы. І гэта адбываецца без падпісання нейкіх інтэграцыйных карт – у выніку сыходу заходніх кампаній з РФ і адкрыцця такім чынам ніш для беларускіх тавараў.

    Такім чынам залежнасць Беларусі ад РФ вырасла на парадак не ў выніку заходніх санкцыяў і не ў выніку абмяркоўваемых 100500 разоў інтэграцыйных карт і праграм, а ў выніку ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў вайне на баку Крамля.

    Сутнасць «саюзных праграм» наўмысна хаваецца ад людзей. Дзяржаўныя органы не ініцыіруюць публічнай дыскусіі і не паказваюць грамадству ацэнак ад дзеяння гэтых праграм, а ў беларусаў ніхто не пытаецца пра іх меркаванне. Усё праводзіцца ціха і схавана, быццам нашая незалежнасць з’яўляецца прыватнай уласнасцю рэжыму і быццам ён мае права ёй распараджацца.

    Толькі пасля правядзення новых дэмакратычных выбараў і на аснове волевыяўлення беларускага народу можна будзе прымаць рашэнні, якія маюць уплыў на суверэнітэт Беларусі. Тады такое рашэнне будзе не толькі легальным, але і ўстойлівым. Тыя ж рашэнні, якія сёння прымаюць нелегітымныя ўлады ў Беларусі хутчэй за ўсё будуць перагледжаны ў будучыні».

    Апошнія навіны