• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Выступ Святланы Ціханоўская на форуме «Новая Беларусь супраць катаванняў»

    24 чэрвеня, 2021

    «Добры дзень. На жаль, за апошні год мільёны беларусаў даведаліся што такое катаванні. Беларусам не трэба распавядаць, што такое прэс-хата, навошта ў камеры зняволеным заліваюць хлорку, а ў замочныя вочкі кватэр – газ, як гэта зрабілі з Алегам Скаргам – каб выманіць яго з уласнага дома і затрымаць. Але ўсё гэта трэба распавядаць у іншых краінах – каб як мага больш людзей даведаліся, з чым прама зараз сутыкаюцца беларусы і чаму ў нас няма права адступіць.

    У нас, беларусаў, няма права адступіць, таму што практычна ў кожнага ёсць сябар, сваяк або калега, які прайшоў праз катаванні – ці зведвае іх і зараз. Гэтыя людзі не могуць прыйсці на форум і расказаць свае гісторыі самі. Гэта зручна для рэжыму – бо нашае маўчанне дапамагае яму працягнуць яшчэ некалькі месяцаў, паспрабаваць гандлявацца людзьмі, катаваць новых закладнікаў. Я веру і ўпэўненая, што ў будучыні яны ўсе яны выйдуць на свабоду – і іх гісторыі стануць матэрыяламі спраў сумленных судоў. Але сёння я буду казаць за іх – таму што зараз яны могуць казаць толькі нашымі галасамі.

    Калі Сцяпан Латыпаў апынецца на свабодзе, ён раскажа, праз якія катаванні ў «прэс-хаце» яму давялося прайсці. Прэс-хата – гэта ізаляванае памяшканне або проста камера, дзе вельмі гучна ўключаюць музыку, пакуль збіваюць і здзекуюцца над зняволеным. Сцяпан правёў у такім памяшканні 51 дзень – і паспрабаваў парэзаць горла ў зале суда, каб хаця б так данесці да свету праўду.

    Калі 19-гадовая Марыя Зайцава зможа не баючыся крымінальнага пераследу вярнуцца ў Беларусь, яна раскажа, як у яе трапілі тры гумовыя кулі сілавікоў, а прама каля яе разарвалася светлашумавая граната – і цяпер ёй патрэбны слыхавы апарат. Разам з ёй на рэабілітацыі ў Чэхіі быў малады чалавек, якога сілавікі прапусцілі праз «калідор пекла», збівалі некалькі гадзін і пагражалі згвалціць. Разам з імі быў і хлопец, якому сілавікі прастрэлілі лёгкае і куля зачапіла аорту. І нягледзячы на   тое, што са жніўня прайшло ўжо шмат месяцаў, хлопцы да гэтага часу плачуць, калі ўспамінаюць, што з імі адбылося.

    Калі грамадзянка Швейцарыі Наталля Хершэ выйдзе на волю, яна раскажа, як сядзела ў бетоннай клетцы без акна, дзе драўляны ложак прышпілены да сцяны. Як яна кожны дзень пакутавала ад вошай, клапоў і прусакоў. Як яе вечна адпраўлялі ў карцар, дзе цэлы дзень можна толькі стаяць, сядзець або ляжаць на бетоннай падлозе. Як зняволеныя хварэлі на каранавірус, і начальства турмаў не аказвала меддапамогу, але выкарыстоўвала яго фактычна як біялагічную зброю.

    Калі выйдзе на волю 17-гадовы Мікіта Залатароў, ён раскажа, як яго яшчэ 16-гадовым, літаральна дзіцем затрымалі, збівалі на допытах, даводзілі да прыступаў, таму што ён хворы на эпілепсію. На сустрэчах з бацькам Мікіта пастаянна пытаўся: «Татачка, мяне б'юць кожны дзень. Чаму я тут сяджу? Калі мяне выпусцяць?».

    Лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў мог бы расказаць пра тое, як яго разам з сямю зняволенымі трымалі ў аднамясцовай камеры. Як кожны дзень ім у камеру вылівалі на падлогу 20 літраў канцэнтраванай хлоркі, як яна раз'ядала вочы, слізістыя і скуру. Як пасля арышту яго вывезлі з турмы ў кайданках, з галавой, заціснутай паміж каленамі і выкінулі за горадам.

    Але ёсць і тыя, хто ўжо не выйдзе і не зможа распавесці свае гісторыі. Не выйдзе Вітольд Ашурак. Не пагаворыць з намі 17-гадовы Дзмітрый Стахоўскі, які скончыў з сабой з-за ціску Следчага Камітэта. Не раскажа, што адбылося ў РУУС, Раман Бандарэнка. Не ўбачыць сваіх дзяцей Аляксандр Тарайкоўскі, не пацалуе сваю дачку Генадзь Шутаў, не абдыме сваю маці Аляксандр Віхор. Гэта ўжо вечны шнар у сэрцы кожнага з нас, і мы не можам чакаць новых ахвяр.

    Таму мы заклікаем кіраўніцтва краін – да максімальнага ціску на рэжым і ўзмацнення дапамогі людзям, якія ад яго пацярпелі. Мы заклікаем ствараць і ўзмацняць інструменты збору і сістэматызацыі інфармацыі пра злачынствы і катаванні. Мы заклікаем рабіць усё магчымае, каб у цэнтры Еўропы не апынулася другой Паўночнай Карэі або турмы на 9 мільёнаў чалавек.

    Мы заклікаем дзейнічаць больш рашуча і хутка – бо тыя пяць хвілін, якія заняла мая гаворка, непараўнальныя з пяццю хвілінамі карцара для Сяргея Ціханоўскага. Усяго адзін дзень, на які могуць адкласціся санкцыі, – не параўнальны з адным днём у прэс-хаце для Сцяпана Латыпава. Адзін тыдзень гарачага надвор'я летам – не параўнальна з пеклам, у якое ператвараецца 4-мясцовая камера, у якой сядзіць 16 чалавек.

    Таму мы павінны дзейнічаць. У вашых сілах прасоўваць справы па ўніверсальнай юрысдыкцыі, дапамагаць збіраць дадзеныя і доказы для міжнародных расследаванняў злачынстваў рэжыму, як мага гучней гаварыць у медыя пра тое, што адбываецца з нявіннымі людзьмі ў турмах на нашай радзіме. Выкарыстоўваць усе рычагі прыцягнення вінаватых да адказнасці – і цяпер, і на будучых сумленных судах новай Беларусі. Беларусы дыяспары, вашыя намаганні ўжо дапамаглі нам дабіцца многага – і цяпер нашая з вамі галоўная задача – не дапусціць гандлю чалавечымі лёсамі і жыццямі. Штодзённай сумеснай працай мы даможамся таго, што ўсе невінаватыя людзі выйдуць на свабоду і вернуцца дадому.

    Дзякуй».

    Апошнія навіны