• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская: «Я ўпэўненая, што перамены ў Беларусі наступяць раней, чым у Расіі»

    10 красавіка, 2024

    Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай на брыфінгу для дыпламатаў у амбасадзе Польшчы на Кіпры:

    «Паважаныя дыпламаты,

    Дарагія сябры,

    Я хачу пачаць са слоў падзякі амбасадзе Польшчы і амбасадару Марэку Шчапаноўскаму за тое, што прапанавалі нам гэтае памяшканне.

    Польшча адыгрывала і адыгрывае выключную ролю ў падтрымцы дэмакратычных пераменаў у нашай краіне. Яна прыняла сотні тысячаў беларусаў, якія ўцяклі ад палітычных рэпрэсіяў і вайны.

    Я таксама радая бачыць тут амбасадараў, якія актыўна працавалі на беларускім напрамку. Напрыклад, маю добрую сяброўку, амбасадара ЗША Джулі Фішэр, з якой я мела гонар сустрэцца яшчэ ў 2020 годзе, і амбасадара Фінляндыі Хары Макі-Рэйніка, які працаваў па Беларусі дзесяць гадоў таму. Дзякуй!

    Я ўдзячная кожнай з вашых краінаў. Вы былі з намі, калі пачалася нашая мірная рэвалюцыя. Я з гонарам магу сказаць, што з таго часу мы шмат чаго дабіліся. І мы зрабілі гэта разам.

    У 2020 годзе беларусы паўсталі супраць тыраніі, супраць несправядлівасці і гвалту, якія панавалі ў нашай краіне на працягу 26 гадоў.

    Упэўненая, вы ўсё памятаеце масавыя мітынгі па ўсёй краіне. Беларусы наглядна паказалі, што мы хочам, каб нашая краіна была свабоднай, дэмакратычнай і еўрапейскай, а не нейкім ізгоем ці расійскай правінцыяй.

    Як вы ведаеце, я ніколі не была прафесійным палітыкам. Я балатавалася ў прэзідэнты, бо хацела падтрымаць свайго мужа. Рэжым Лукашэнкі пасадзіў яго ў турму, і мае дзеці не бачылі яго ўжо чатыры гады. Я нават не ведаю, ці жывы ён.

    Адзіным маім абяцаннем было правядзенне свабодных і справядлівых выбараў. І ў нас ёсць доказы таго, што я перамагла ў тых выбарах. Але нашую перамогу скралі. Дыктатар развязаў жорсткі тэрор, які працягваецца да гэтага часу. Ён уцягнуў нашую краіну ў злачынную вайну супраць Украіны і трымае ў закладніках дзевяць мільёнаў беларусаў.

    Нягледзячы на гэта, мы працягваем супраціўляцца. Беларусы дэманструюць непадпарадкаванне, праводзяць дыверсіі і ніколі не пагодзяцца жыць пад тыраніяй ці расійскім ярмом.

    У выгнанні мы сфарміравалі альтэрнатыўныя інстытуты ўлады – такія як Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада. Мы працягваем прадстаўляць і абараняць інтарэсы беларускага народа. Бо Лукашэнка не прэзідэнт. Ён злачынец, які захапіў уладу і служыць свайму заступніку ў Маскве, а не беларускаму народу.

    І ён павінен адказаць за ўсе здзейсненыя ім злачынствы. А спіс у яго доўгі: злачынствы супраць чалавечнасці, дзяржаўная здрада, захоп рэйса Ryanair, гвалтоўнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей і саўдзел у вайне.

    Нашая місія, місія беларускіх дэмакратычных сілаў, застаецца нязменнай. Нашая мэта – вызваліць Беларусь ад дыктатуры і расійскага ўплыву. Рэжым Лукашэнкі павінен быць скінуты. Кожны палітычны вязень павінен быць вызвалены. Злачынцы павінны быць пакараныя. Павінны быць праведзеныя вольныя і сумленныя выбары пад міжнародным назіраннем.

    Рэжым Лукашэнкі значна больш уразлівы, чым падаецца. Ён быццам крэсла, якое стаіць на трох ножках – грошах, рэпрэсіях і Расіі. Калі ўпадзе адна ножка, разваліцца і ўсё крэсла.

    Таму так важна працягваць ізаляваць рэжым эканамічна, палітычна і дыпламатычна. Таму важна ўзмацніць санкцыі і адкрыць справы супраць злачынцаў. Таму важна дапамагчы Украіне і аслабіць Расію, якая з’яўляецца галоўным спонсарам рэжыму Лукашэнкі і гарантам ягонага існавання.

    Калі з’явіцца новае акно магчымасцяў, мы павінны быць гатовымі. Перамены могуць наступіць раптоўна. Мы не ведаем, што паслужыць штуршком: эканамічны крызіс, ваенная эскалацыя, раскол элітаў ці нешта яшчэ. Але ў гэты момант дэмакратычныя сілы павінны быць дастаткова моцнымі, каб узяць на сябе ўладу і павесці Беларусь да дэмакратыі.

    А перамены ў Беларусі, я лічу, могуць шмат што змяніць. Яны дапамогуць Украіне перамагчы ў вайне і стануць наймацнейшай санкцыяй супраць Пуціна. Без Беларусі магчымасці Расіі працягваць вайну будуць вельмі абмежаваныя.

    Я ўпэўненая, што змены ў Беларусі адбудуцца раней, чым у Расіі. У Беларусі людзі не падтрымліваюць дыктатуру. Не падтрымліваюць удзел Беларусі ў вайне. Беларусы – глыбока еўрапейская нацыя, якая стала ахвярай расійскіх імперскіх амбіцыяў, як і Украіна.

    Падтрымка перамогі Украіны – наш галоўны прыярытэт, бо лёсы нашых народаў пераплеценыя. Беларусы і ўкраінцы змагаюцца з адным і тым жа ворагам, і мы змагаемся за адну і тую ж будучыню – будучыню дэмакратычных еўрапейскіх краінаў.

    Я вельмі радая бачыць сёння сярод нас амбасадара Украіны Руслана Німчынскага. Я хачу вам дакладна сказаць: мы, беларускі народ, падтрымліваем вас! Мы зробім усё магчымае, каб дапамагчы Украіне перамагчы ў гэтай вайне. Пуцін і Лукашэнка павінны быць пераможаны. І яны будуць пераможаны.

    Нядаўна Украіна прызначыла амбасадара па адмысловых даручэннях для ўзаемадзеяння з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Гэта важны крок наперад ва ўмацаванні даверу паміж нашымі краінамі – даверу, які разбурылі Пуцін і Лукашэнка. Гэта таксама знак таго, што Украіна падзяляе беларускі народ і рэжым.

    Я хачу падкрэсліць важнасць прызначэння спецпасланнікаў для ўзаемадзеяння з дэмакратычнай Беларуссю. Яшчэ да Украіны іх прызначылі Швецыя, Эстонія, Францыя, Польшча і Літва. Мы спадзяемся, што Злучаныя Штаты і іншыя краіны неўзабаве зробяць тое самае.

    Дарагія сябры,

    Гэта мой першы візіт на Кіпр. Сёння я планую сустрэцца з прэзідэнтам Нікасам Хрыстадулідзісам, спікерам парламента Анітай Дзімітрыу і прадстаўнікамі камітэта па замежных і еўрапейскіх справах у парламенце. Мы абмяркуем санкцыі і падтрымку беларусаў, якія жывуць на Кіпры. Я папрашу Кіпр прытрымлівацца трансатлантычнай палітыкі ў дачыненні да Лукашэнкі і Расіі.

    Хаця сёння Беларусь і Кіпр не вядуць актыўнага гандлю, у Беларусі налічваецца больш за 500 кампаніяў з кіпрскім капіталам, і многія з іх цесна звязаныя з Лукашэнкам і яго набліжанымі. Некаторыя з іх звязаныя з падтрымкай рэпрэсіяў і вайны. Кіпр мог бы адыграць важную ролю ў іх выяўленні і прымяненні санкцыяў.

    На сваіх сустрэчах я таксама буду казаць аб супрацоўніцтве на ўзроўні ЕС. Я спадзяюся, што Кіпр і іншыя краіны ЕС падтрымаюць не толькі нашую барацьбу за дэмакратыю, але і нашыя памкненні да еўрапейскай будучыні. Мінулым летам беларускія дэмакратычныя сілы прынялі супольнае рашэнне, што будучыня Беларусі – у Еўропе. Гэта адзіная рэальная альтэрнатыва тыраніі Лукашэнкі і рускаму свету. Людзям трэба ведаць, за што яны змагаюцца.

    Учора ўвечары я таксама сустрэлася з прадстаўнікамі беларускай дыяспары на Кіпры. На Кіпры жыве больш за 5000 беларусаў. У іх ёсць свая структура, і яны падтрымліваюць дэмакратычныя змены.

    Яны папрасілі мяне перадаць вам просьбу прымаць іх заявы на атрыманне шэнгенскіх візаў у вашых амбасадах і консульствах тут, на Кіпры.

    Важна захоўваць мабільнасць беларусаў. Яна ўмацоўвае нашыя сувязі з Еўропай. І я спадзяюся на вашую дапамогу ў гэтым пытанні.

    Многія беларусы тут сутыкаюцца з праблемамі, звязанымі з пашпартамі і легалізацыяй. Як вы ведаеце, рэжым пазбавіў беларусаў у выгнанні не толькі права голасу, але і магчымасці падоўжыць свае дакументы. Людзі могуць стаць дэ-факта асобамі без грамадзянства. Я спадзяюся абмеркаваць з кіпрскімі палітыкамі магчымыя рашэнні, хаця б пачаць выдаваць праязныя дакументы тым, чые пашпарты пратэрмінаваныя.

    Акрамя таго, мы працуем над выпускам альтэрнатыўнага беларускага пашпарта і будзем дабівацца яго міжнароднага прызнання. Я ведаю, што гэта даволі амбіцыйны праект, але мы жывем у няпросты час, і простых рашэнняў ужо недастаткова.

    Сёння ўвечары я сустрэнуся з прадстаўнікамі беларускага IT-сектара, якія пераехалі сюды пасля 2020 года. Адна з гэтых кампаніяў – Wargaming – і іх офіс знаходзіцца побач з амбасадамі Аўстрыі і Германіі, непадалёк ад прэзідэнцкага палаца. Я спадзяюся, што аднойчы ўсе гэтыя кампаніі змогуць вярнуцца дадому і ажывіць нашу эканоміку.

    Паважаныя дыпламаты,

    Дазвольце мне скончыць самай балючай тэмай. Цяпер за кратамі знаходзяцца тысячы палітычных зняволеных. Людзей у турмах ізалююць ад знешняга свету і катуюць, утрымліваюць у вельмі цяжкіх умовах. Сама меней пяць чалавек ужо загінулі.

    Гэта не толькі палітычнае, але і гуманітарнае пытанне.

    Я прашу вас падтрымаць наш заклік да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў. Патрабуйце доступу да іх і настойвайце на тым, каб інстытуты ААН звярнулі ўвагу на гэты крызіс.

    Без ціску і міжнароднай увагі рэжым будзе працягваць знішчаць нашае грамадства і забіваць нашых людзей за кратамі.

    Дарагія сябры,

    Яшчэ раз дзякуй вам, што падтрымліваеце Беларусь. Я ведаю, што шлях да свабоды можа быць доўгім і цяжкім. Але давайце пройдзем гэты шлях разам.

    Я ўпэўненая, што разам мы ўбачым свабодную і квітнеючую Беларусь – краіну, якой зможа ганарыцца яе народ.

    Жыве Беларусь!»

    Апошнія навіны