Падчас Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы беларуская лідарка ўзяла ўдзел у панэльнай дыскусіі, прысвечанай грамадзянскаму супраціву і ролі жанчын у барацьбе за дэмакратыю. Дыскусія ўваходзіла ў асноўную праграму Форума – і выклікала велізарны ажыятаж з-за актуальнасці тэмы і аўтарытэтных спікерак, што далучыліся да абмеркавання. У прыватнасці разам са Святланай Ціханоўскай думкамі дзяліліся Нобелеўская лаўрэатка Марыя Рэса, лідарка жаночых пратэстаў у Іране Масіх Алінежад, а таксама Зін Ма Аўн, міністарка замежных справаў М’янмы ў выгнанні. Мадэратаркай панэлі выступіла былая дзяржсакратарка ЗША Хілары Клінтан.
Падчас дыскусіі Святлана Ціханоўская патлумачыла, чаму дыктатурам нельга даваць паслабленні:
«Я хачу, каб свет зразумеў, што дыктатараў нельга перавыхаваць. З імі нельга заключаць пагадненняў. Некаторыя палітыкі кажуць: можа, трэба даць дыктатарам тое, што яны хочуць, і яны спыняць вайну. Ці спыніць гэта вайну? Не. Гэта надасць ім сілаў і час нарасціць патэнцыял і ўдарыць з большай сілай.
Не думайце, што вы маеце справу з нармальнымі палітыкамі. Дыктатары не паважаюць дэмакратычных краінаў. Яны бачаць, што дэмакратычны свет часам павольна прымае рашэнні, часам не рашуча, і таму перасякаюць чырвоную лінію за чырвонай лініяй. Так якой жа будзе сапраўдная чырвоная лінія, пасля якой дэмакратыя пакажа сваю сілу? Ці ў дэмакратыі бязмежная цярплівасць?»
Асобна беларуская лідарка ўзняла пытанні прыцягнення рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за вываз украінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі.