Святлана Ціханоўская прыбыла ў Швейцарыю, каб узяць удзел у Сусветным эканамічным форуме. Асноўная тэма форума, які пройдзе з 15 па 18 студзеня ў Давосе, – «Аднаўленне даверу».
У рамках афіцыйнай праграмы, Святлана Ціханоўская выступіць на панэлі высокага ўзроўню «Абарона адзінага фронту Еўропы» разам з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам, прэзідэнткай Венгрыі Каталінай Новак, прэм’ер-міністрам Харватыі Андрэем Пленкавічам і міністрам замежных спраў Украіны Дзмітрыем Кулебам. Таксама ў планах удзел у панэльнай дыскусіі пра свабоду слова. Разам з прадстаўнікамі ключавых міжнародных СМІ беларуская лідарка абмяркуе тэму «Куды рухаецца воля слова?».
Акрамя асноўных мерапрыемстваў, Ціханоўская далучыцца да панэляў, прысвечаных дэмакратыі і яе будучыні, а таксама падзеліцца меркаваннем пра Украіну і Беларусь на панэлі CNBC.
Падчас форума ў Ціханоўскай запланаваныя сустрэчы з прэм’ер-міністрам Нідэрландаў Маркам Рутэ, прэм’ер-міністрам Фландрыі Янам Ямбонам. Таксама Святлана сустрэнецца з прадстаўнікамі топавых бізнес-суполак і тэхналагічных кампаніяў – у тым ліку Google.
Акрамя таго, Святлана Ціханоўская стане госцем вячэры Біла Браўдэра і возьме ўдзел у дыскусіі высокага ўзроўню пра будучыню Еўропы на штогадовых сустрэчах IGWEL.
Фота: World Economic Forum