• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Прамова Святланы Ціханоўскай на форуме ў фармаце «Люблінскай чацвёркі», 2023

    06 кастрычніка, 2023

    Шаноўныя сябры,

    Дазвольце падзякаваць Літоўскаму інстытуту гісторыі і МЗС Літвы за арганізацыю гэтай канферэнцыі ў фармаце «Люблінскай чацвёркі».

    У нашых краінаў – Літвы, Польшчы, Украіны і Беларусі – агульная спадчына і, як мне здаецца, агульная будучыня. Але самае галоўнае – у нас агульныя каштоўнасці.

    Канешне, у нашай гісторыі былі і трагічныя старонкі. На нашых землях праходзілі ўсе буйныя еўрапейскія войны, адбываліся зверствы двух таталітарных монстраў.

    Але былі і перыяды, якімі мы па-сапраўднаму ганарымся. Гэта часы Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, дзе напрацягу стагоддзяў разам жылі продкі палякаў, літоўцаў, украінцаў і беларусаў. Мы разам змагаліся падчас паўстанняў супраць Расіі і дапамагалі адзін аднаму падчас савецкай акупацыі.

    Беларусы разам з літоўцамі стаялі перад парламентам на пачатку дзевяностых. Мы былі разам з украінцамі падчас усіх майданаў. У 2020 годзе літоўцы і палякі першымі працягнулі руку дапамогі беларусам, калі пачалася наша мірная рэвалюцыя, а ў 2022 годзе – ужо ўкраінцам, калі Расія пачала сваю злачынную вайну супраць Украіны.

    У цяжкую хвіліну мы заўсёды падтрымлівалі адзін аднаго. І я спадзяюся, што гэтае сяброўства застанецца назаўжды.

    Мы ўсе народы Еўропы. Мы з'яўляемся яе неад'емнай часткай. У 2020 годзе беларусы зрабілі свой выбар — гэта еўрапейскі выбар. Мы – частка еўрапейскай цывілізацыі.

    У жніўні гэтага года ўсе дэмакратычныя партыі і сілы зрабілі сумесную заяву аб тым, што мы імкнёмся да сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе.

    У нас няма іншага выбару. Толькі ў Еўрапейскім Саюзе Беларусь можа быць па-сапраўднаму суверэннай, вольнай і квітнеючай краінай. У саюзе з атрутнай і агрэсіўнай Расіяй у нас будучыні няма і не будзе. Расія не хоча бачыць ні Беларусь, ні Украіну ў якасці незалежных дзяржаў. Пуцінская Расія хоча зрабіць нашы народы вернымі і паднявольнымі васаламі. Але ў яе ніколі не атрымаецца.

    Калі Беларусь і Украіна стануць членамі ЕС, спробы Расіі аднавіць сваю імперыю будуць асуджаныя на правал. Менавіта таму Пуцін падтрымаў тэрор Лукашэнкі супраць беларусаў. Менавіта таму Пуцін развязаў вайну супраць Украіны. І менавіта таму так важна падтрымліваць дэмакратычную Беларусь і Украіну.

    У Беларусі і Украіны ўзаемазвязаныя лёсы. І я ніколькі не сумняваюся, што і Беларусь, і Украіна стануць членамі Еўрапейскага Саюза. І чым раней, тым лепей. Нягледзячы на 30 гадоў страчанага часу, беларускае грамадства гатовае да еўрапейскай будучыні.

    І мы, беларускія дэмакратычныя сілы, таксама павінныя быць гатовыя. Прыйдзе час рэформаў, і мы ўжо рыхтуем гэтыя рэформы: канстытуцыйную, эканамічную, палітычную. Акно магчымасцяў можа адкрыцца раптоўна, у нечаканы момант, як гэта адбылося ў 2020 годзе. На гэты раз мы не можам прапусціць свой шанец.

    Як і ў слаўныя часы нашага агульнага мінулага, мы, беларусы, разлічваем на вашую дапамогу ў барацьбе з расійскай тыраніяй і ў нашым імкненні стаць часткай Еўропы.

    Падтрымка барацьбы беларусаў за свабоду сёння, як і падтрымка Украіны, – гэта не дабрачыннасць. Гэта інвестыцыя ў нашу бяспечную, квітнеючую і дэмакратычную еўрапейскую будучыню.

    Дзякуй.

    Апошнія навіны