• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Удзел у Генасамблеі ААН, III Беларускі бізнес-форум, слуханні па Беларусі ў Радзе па правах чалавека ААН. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 18-24 верасня 2023

    25 верасня, 2023

    ГЕНАСАМБЛЕЯ ААН. Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у тыдні высокага ўзроўню – Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку, дзе ўдзельнічала ў мерапрыемствах, прысвечаных Беларусі, а таксама правяла больш за 30 сустрэчаў з замежнымі лідарамі, міністрамі замежных справаў і прадстаўнікамі міжнародных арганізацыяў.  У інтэрв’ю Зеркалу вы можаце даведацца падрабязней пра вынікі гэтага візіту.

    САЙД-ІВЭНТ ПА БЕЛАРУСІ. Падчас Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку дэлегацыя Еўрапейскага Саюзу па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай арганізавала сайд-івэнт па Беларусі на тэму «Пагроза незалежнасці Беларусі і міжнародны адказ» з удзелам міністраў замежных справаў Ісландыі, Германіі і Славакіі, дзяржсакратара Германіі. У сваім выступе Святлана Ціханоўская падкрэсліла неабходнасць выпрацоўкі адзінай стратэгіі захавання беларускай незалежнасці. «Калі казаць пра падраздзяленні ААН, то яны пакуль не выкарыстоўваюць у Беларусі ўсіх магчымасцяў сваіх мандатаў. УВКБ ААН, ЮНЕСКА, ЮНІСЕФ, Сусветная арганізацыя аховы здароўя не выказваюцца з нагоды крызісу ў Беларусі. Ствараецца ўражанне, што ААН на баку рэжыму. І прапаганда карыстаецца гэтым. Занадта доўга свет належным чынам не рэагаваў на дзеянні рэжыму, а рэжым заставаўся беспакараным. Так больш быць не павінна», – адзначыла беларуская лідарка.

    СЛУХАННІ Ў РАДЗЕ ПА ПРАВАХ ЧАЛАВЕКА ААН. 22 верасня адбыліся слуханні 54 сесіі Рады па правах чалавека ААН, у якім прыняла ўдзел дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр. Падчас слуханняў быў абмеркаваны даклад «Беларусь напярэдадні выбараў 2020 года і пасля іх». На слуханнях падкрэслілі, што з моманту публікацыі даклада сітуацыя ў Беларусі толькі пагоршылася, а з трыбуны Рады таксама гучалі заклікі да дзяржаваў расследаваць справы ў рамках універсальнай юрысдыкцыі, каб забяспечыць адказнасць тых, хто парушаў правы чалавека.

    БІЗНЕС-ФОРУМ. 20 верасня ў Варшаве адбыўся ІІІ Беларускі бізнес форум, арганізаваны Асацыяцыяй беларускага бізнесу за мяжой АВВА. Святлана Ціханоўская, у рамках Форума, звярнулася да ўдзельнікаў і заклікала іх і далей захоўваць добрае імя беларускага бізнесу: «Яно павінна асацыявацца з празрыстасцю, сумленнасцю, крэатыўнасцю. Гэта якраз тыя каштоўнасці, якія мы з вамі павінны прынесці ў Беларусь пасля таго, як адбудзецца палітычная трансфармацыя».

    СУД НАД ГАРАЎСКІМ. У Швейцарыі, пасля шматгадовага расследавання, пачаўся судовы працэс над Юрыем Гараўскім, які ўваходзіў у лукашэнкаўскі «эскадрон смерці». Гэты працэс быў распачаты ў рамках універсальнай юрысдыкцыі. У сваім каментары Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што абвінаваўчы прысуд Гараўскаму таксама будзе прысудам для Лукашэнкі. «Спадзяюся, мы ўбачым больш справаў па ўніверсальнай юрысдыкцыі супраць памагатых рэжыму і разам даможамся справядлівасці», – адзначыла Ціханоўская.

    Дарадца Святланы Ціхноўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр звярнула да беларусаў з заклікам падаваць больш заяваў па ўніверсальнай юрысдыкцыі: «Калі вы з'яўляецеся ахвярай злачынства і зараз знаходзіцеся не ў Беларусі – не маўчыце. Вы можаце дамагчыся правасуддзя так, як зараз дамагаюцца справядлівасці Алена Захаранка, дачка зніклага Юрыя Захаранкі, і Валерыя Красоўская, дачка Анатоля Красоўскага. Каб атрымаць дапамогу па падачы справы па ўніверсальнай юрысдыкцыі, пішыце на адрас legal@tsikhanouskaya.org. Мы дапаможам вам звязацца з нашымі партнёрамі па гэтым профілі».

    ДЗЕНЬ СЦЯГА І ГЕРБА. 19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет зацвердзіў назву краіны – Рэспубліка Беларусь, а таксама яе дзяржаўную сімволіку – герб Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг. Святлана Ціханоўская, падчас свайго выступу ў Еўрапейскім Парламенце, адзначыла, што жадае пабачыць бел-чырвона-белы сцяг – сцяг незалежнай еўрапейскай краіны – сярод сцягоў Еўрасаюза: «Упэўнена, гэты дзень хутка настане, бо мы разам з вамі набліжаем яго!». Таксама, з нагоды дня нацыянальнага сцяга, вялізарны бел-чырвона-белы сцяг у напрамку Беларусі запусцілі ваяры палка Каліноўскага і беларускія актывісты ва Украіне. 

    МОЛАДЗЕВАЯ ПАЛІТЫКА. Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях моладзевай палітыкі і студэнцтва Маргарыта Ворыхава пракаментавала прапанову рэжыму аб увядзенні абавязковай адпрацоўкі для «платнікаў». Яна адзначыла, што гэтая прапанова – спроба ўтрымаць маладых спецыялістаў унутры краіны, ігнаруючы іх уласныя жаданні і амбіцыі. «Замест таго каб вінаваціць маладых людзей у тым, што яны недастаткова плацяць за сваю адукацыю, урад павінен імкнуцца паляпшаць яе якасць і даваць моладзі магчымасці для паўнавартаснага развіцця», – падкрэсліла дарадца. 

    БЕЛАРУСЬ-ЭСТОНІЯ. Дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька правёў кансультацыю са старшынём Камітэту па замежных справах Эстоніі Марка Міхкельсанам. Гаворка ішла пра тое, каб не пазбавяць беларусаў права голасу на мясцовых выбарах у Эстоніі. На сустрэчы яго запэўнілі, што ў выніку экспертызы гэта пытанне страціла актуальнасць і палітычную перспектыву.

    МАГЧЫМАСЦІ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ. Выйшаў новы выпуск дайджэста Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі «Асвета». У ім вы можаце знайсці розныя адукацыйныя магчымасці, стыпендыі і стажыроўкі.

    ВАЛАНЦЁРЫ ОФІСА. Валанцёры Офіса Святланы Ціханоўскай правялі анлайн-сустрэчу з прадстаўніком Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па замежных справах Валерам Кавалеўскім. Падчас сустрэчы ён адказаў на пытанні і распавёў пра наступныя тэмы: адказ дэмсілаў на нядаўні ўказ Лукашэнкі і высілкі па стварэнні новага пашпарту, адносіны з Украінай, Еўразвязам і іншымі партнёрамі, а таксама пра магчымае закрыццё межаў. Больш інфармацыі можна знайсці па спасылцы

    МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю CNN (Міжнароднае), Bild (Нямеччына), Sky news Italia (Італія), TV4 (Швецыя), Swedish National Radio (Швецыя), Svenska Dagbladet (1, 2) (Швецыя), ARD and ZDF (Нямеччына), LNK (1, 2) (Літва).

    Апошнія навіны