• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Дайджэст Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, Верасень 2023 / Выпуск 16

    19 верасня, 2023

    Дасылайце, калі ласка, інфармацыю пра ўсё, што тычыцца адукацыі ў Беларусі, у наш бяспечны ананімны чат-бот: @eduOST_bot. Паведамляйце нам навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўнага ведамства датычна рэпрэсій і розных формаў ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія здаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі. Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванні сістэмы адукацыі.

    • МІЖНАРОДНЫЯ МАГЧЫМАСЦІ

    Стыпендыя імя Джорджа Кенана ў ЗША

    Інстытут Кенана шукае кандыдатаў на стыпендыю з розных, арыентаваных на палітыку сектараў, такіх як сродкі масавай інфармацыі, бізнес, мясцовае самакіраванне, права, грамадзянская супольнасць і навука. Мэта – вывучэнне важных палітычных, сацыяльных, эканамічных, культурных і гістарычных праблем у Расіі, Украіне і рэгіёне. Падавацца на стыпендыю можна індывідуальна або даследчай групай (павінны быць прадстаўнікі розных краін). Памер стыпендыі – 4000 долараў ЗША, а таксама стыпендыя ўключае забеспячэнне рэсурсаў для даследаванняў ды транспартную падтрымку.

    Прыём заявак: да 30 верасня 2023.
    Падрабязнасці

    Спампаваць заяўку

    Стыпендыя MOUNTAINTOP

    з двухтыднёвай стажыроўкай у Гарвардскім універсітэце, ЗША. Прапаноўваецца выдатным лідарам-пачаткоўцам, якія могуць зрабіць свой унёсак у сістэмныя змены ў краінах з нізкімі даходамі па ўсім свеце. Mountaintop аб'ядноўвае стыпендыятаў з мясцовымі НДА, сацыяльнымі прадпрыемствамі і дзяржаўнымі ўстановамі для кіравання высокаэфектыўнымі праектамі, умацоўвае патэнцыял прымаючых стыпендыятаў. Праграма ўзмацняе патэнцыял стыпендыятаў з дапамогай настаўніцтва, грантаў, уключэння ў супольнасці натхняльных калег і навучання. Стыпендыя ўключае штомесячныя выплаты 3 600 -7 200 долараў ЗША, медыцынскую страхоўку, візавую падтрымку, пакрыццё транспартных расходаў ды інш.

    Прыём заявак: да 30 верасня 2023.
    Падаць заяўку онлайн

    Erasmus Student Network у Брусэлі

    Валанцёрская праграма запрашае маладых людзей ва ўзросце да 30 гадоў у якасці валанцёраў па камунікацыі ў Erasmus Student Network, найбуйнейшую студэнцкую арганізацыю ў Еўропе, якая працуе ў сферы мабільнасці. У абавязкі валанцёра ўваходзіць дапамога ва ўсіх задачах, звязаных з камунікацыяй, такіх як рэалізацыя камунікацыі ў сацыяльных сетках і стратэгічнае планаванне для прасоўвання магчымасцяў мабільнасці людзям па ўсёй Еўропе. Праграма пакрывае транспартныя выдаткі, пражыванне, харчаванне.

    Прыём заявак: да 22 кастрычніка 2023.
    Падаць заяўку онлайн

    Стыпендыя ад Cullman Center у ЗША

    праграма стыпендый у Цэнтры Кулмана для навукоўцаў ды пісьменнікаў – гэта магчымасць для правядзення даследаванняў, напісання і творчай працы ў Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы. Стыпендыя прадастаўляецца акадэмікам, незалежным вучоным, журналістам, пісьменнікам (раманісты, драматургі, паэты), перакладчыкам і мастакам. Памер стыпендыі – 75 000 долараў. Для заяўкі неабходна падрыхтаваць: план працы, рэзюмэ, рэкамендацыйныя лісты, прыклад працы.

    Прыём заявак: да 29 верасня 2023.
    Падаць заяўку онлайн

    Дзяржаўныя стыпендыі ўрада Ірландыі

    Для суіскальнікаў, якія жадаюць атрымаць падтрымку ў атрыманні ступені магістра або PhD. У фокусе – наватарскія прапановы, звязаныя з абласцямі даследаванняў, якія развіваюцца, альбо абсалютна новымі. Прапановы з інавацыйнымі падыходамі, а таксама праекты міждысцыплінарнага характару. Максімальны памер стыпендыі – 28 000 еўра на год.

    Прыём заявак: да 29 верасня 2023.
    Падаць заяўку онлайн

    Стыпендыя Бостанскага ўніверсітэта, ЗША

    Стыпендыя апекуна – самая прэстыжная стыпендыя Бостанскага ўніверсітэта, у якім студэнты становяцца часткай унікальнай супольнасці з шырокімі інтэлектуальнымі, культурнымі і сацыяльнымі магчымасцямі. Стыпендыя пакрывае навучанне ва ўніверсітэце для атрымання ступені бакалаўра. Пры выкананні неабходных крытэраў, стыпендыя можа быць працягнута на 4 гады. Для падачы неабходна падаць эсэ на адну з прапанаваных тэм.

    Прыём заявак: да 1 снежня 2023.
    Падрабязней пра стыпендыю

    SCIENCE AT RISK Emergency Office і часопіс Topos

    абвясцiл конкурс для рэпрэсаваных беларускіх даследчыкаў на публікацыю навуковых артыкулаў. Аўтары публікацый, абраныя рэдакцыяй часопіса, атрымаюць ганарар у памеры 750 еўра.

    Прыём матэрыялаў: да 15 кастрычніка 2023.
    Падрабязней пра ўмовы ўдзелу

    Постдоктарская даследчая стажыроўка па гісторыі

    праграма рэалізуецца на базе Цэнтра гісторыі і эканомікі Каледжа Магдаліны Кембрыджскага ўніверсітэта. Працягласць – 3 гады, старт праграмы – 1 кастрычніка 2024 года. Вобласць даследаванняў стыпендыятаў можа закранаць працоўную, юрыдычную, транснацыянальную гісторыю і не толькі.

    Прыём заявак: да 29 верасня 2023.
    Падрабязней пра праграму

    Стыпендыі ўрада Чэхіі

    прапаноўваюцца беларусам для навучання ў чэшскіх універсітэтах у навучальным годзе 2024/2025. Стыпендыя даступная для навучання ў ВНУ на факультэтах з англійскай мовай навучання. Суіскальнікі стыпендыі павінны будуць пацвердзіць узровень валодання англійскай мовай. Прэтэндэнты таксама могуць даслаць рэзюмэ і матывацыйны ліст для атрымання дадатковага ліста падтрымкі, адрас – czechia.office@tsikhanouskaya.org.

    Прыём заявак: да 30 верасня 2023.
    Падрабязнасці

    Даследчая стажыроўка ў OIST

    Акінаўскі інстытут навук і тэхналогій прапануе магчымасці для стажораў-даследчыкаў у абласцях STEM. Працягласць стажыроўкі – ад 2 да 6 месяцаў. Гэтыя кароткатэрміновыя стажыроўкі даюць студэнтам магчымасць атрымаць досвед працы ў канкрэтнай лабараторыі або вывучыць канкрэтную тэхніку. Стажыроўка прадастаўляецца студэнтам бакалаўрыяту або магістратуры на апошніх курсах навучання. Стыпендыя пакрывае транспартныя выдаткі, пражыванне і выплаты ў памеры 2400 ен на дзень.

    Прыём заявак: да 15 кастрычніка 2023.
    Падрабязней пра праграму

    Стыпендыі American Association of University Women

    праграма аказвае падтрымку жанчынам, якія праходзяць вочнае навучанне ў аспірантуры або дактарантуры ў Злучаных Штатах, якія не з'яўляюцца грамадзянкамі ці пастаяннымі жыхаркамі ЗША і якія маюць намер вярнуцца на радзіму, каб працягнуць навучанне або прафесійную кар'еру. Аб'ём фінансавання – ад 20 000 да 50 000 долараў ЗША.

    Прыём заявак: да 15 лістапада 2023.
    Падрабязней пра праграму

    Міжнародная стыпендыя Універсітэта Калгары

    штогод прапануецца замежным студэнтам, якія паступаюць на першы курс бакалаўрыяту любой спецыяльнасці ў восеньскі семестр. Памер стыпендыі – 20000 долараў. Ад прэтэндэнтаў патрабуецца матывацыйны ліст, два рэкамендацыйныя лісты і моўны сертыфікат.

    Прыём заявак: да 1 снежня 2023.
    Падрабязней пра стыпендыю

    Leiden University Excellence Scholarship

    Лейдэнскі ўніверсітэт прапаноўвае стыпендыю на навучанне ў магістратуры выбітным замежным студэнтам. Стыпендыя пакрывае навучанне цалкам або часткова, адкрыта для суіскальнікаў, якія плануюць навучанне ў сферах гуманітарных навук, медыцыны, кіравання і міжнародных адносін, права, сацыяльных навук ды інш.

    Прыём заявак:
    Для праграм са стартам навучанння 1 лютага – да 1 кастрычніка 2023.
    Для праграм са стартам навучанння 1 верасня – да 1 лютага 2024.
    Падрабязней пра стыпендыю

    Swiss Government Excellence Scholarships

    стыпендыя ўрада Швейцарыі для маладых замежных навукоўцаў і дзеячаў мастацтва на 2024/2025 навучальны год. Тыпы стыпендый: даследчая, доктарская, постдоктарская, мастацкая. Патрабаванні да кандыдатаў: ступень магістра ці доктара навук, для мастакоў – ступень бакалаўра. Стыпендыя пакрывае выдаткі на вучобу, а таксама аплату жылля, транспартныя выдаткі і медыцынскую страхоўку. Узрост прэтэндэнтаў – ад 35 гадоў, таксама патрабуецца веданне англійскай, нямецкай, французскай або італьянскай мовы.

    Прыём заявак: да 8 снежня 2023.
    Падрабязней пра стыпендыю і алгарытм падачы заяўкі

    Стыпендыі нямецкай службы акадэмічных абменаў (DAAD)

    магчымасць атрымаць стыпендыю па розных дысцыплінах замежным выпускнікам з краін, якія развіваюцца, і новых індустрыяльных краін. Тэрмін фінансавання – адзін або два гады. Стыпендыя можа пакрыць аплату навучання ў аспірантуры або атрымання ступені магістра ў дзяржаўным ці прызнаным дзяржавай нямецкім універсітэце. Таксама ў выключных выпадках можна атрымаць доктарскую ступень.

    Прыём заявак: залежыць ад абранай праграмы.
    Падрабязней пра стыпендыю і алгарытм падачы заяўкі

    Стыпендыі Erasmus Mundus

    на навучанне ў магістратуры ва ўніверсітэтах Еўропы. Праграма пакрывае транспартныя выдаткі, кошт навучання, штомесячную стыпендыю. Для падачы неабходны матывацыйны ліст, дакументы аб адукацыі, 2 рэкамендацыі. Тэрміны прыёму заявак залежаць ад канкрэтнай праграмы, як правіла, ахопліваюць перыяд з кастрычніка па студзень.

    Абноўлены каталог праграмы

    Стыпендыяльная праграма Цэнтра Мірашэўскага

    накіравана на рэалізацыю штомесячных навукова-даследчых праектаў у Польшчы. Стыпендыя дазволіць праводзіць кароткія навуковыя даследаванні, такія як: інтэрв'ю, апытанні, архіўныя і бібліятэчныя запыты ў сферы гісторыі, палітычнай сітуацыі, культуры і спадчыны народаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Памер стыпендыі: 6500 злотых.

    Падаць заяўку

    International Excellence Scholarship Program (IES)

    Стыпендыяльная праграма, якая дазваляе матываваным студэнтам усіх спецыяльнасцяў з Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы, Каўказа і Цэнтральнай Азіі з адзнакамі вышэй за сярэдні правесці семестр і паглыбіць свае веды ў найлепшых універсітэтах Германіі (HU Berlin, FU Berlin, HWR Berlin, University of Potsdam). COPERNICUS BERLIN прапануе 3 магчымасці фінансавання ў межах праграмы IES: поўная стыпендыя, частковая стыпендыя плюс, частковая стыпендыя.

    Тэрміны падачы заяўкі: з 1 кастрычніка па 30 снежня на наступны зімовы семестр.
    Прыняць удзел

    Стажыроўкі ў навучальных установах Славакіі

    урад Славацкай Рэспублікі ў межах Нацыянальнай стыпендыяльнай праграмы для замежных студэнтаў, аспірантаў, выкладчыкаў універсітэтаў, даследчыкаў і мастакоў працягвае прыём заявак на праходжанне стажыроўкі ў навучальных установах Славакіі.

    Прыём заявак: да 30 кастрычніка 2023.
    Прыняць удзел

    Офіс па адукацыі для новай Беларусі

    прымае заяўкі на кампенсацыю расходаў ад былых палітзняволеных студэнтаў_ак/вучняў_ніц з Беларусі, якія маюць патрэбу ў фінансавай дапамозе. Ініцыятыва рэалізуецца ў межах праграмы Orange Scholarships Каралеўства Нідэрландаў. Максімальная сума падтрымкі складае 3000 €.

    Падаць заяўку

    Еўрапейскі Саюз у рамках праграмы «EU4Belarus – SALT-II»

    (Support for Advanced learning and training) абвяшчае прыём заявак на атрыманне фінансавай падтрымкі ў памеры да 1450 еўра на вывучэнне адной з еўрапейскіх моў (на выбар суіскальніка) і здачы па ім іспыту. Праграма прызначана для беларускіх студэнтаў-палітвязняў.

    Умовы праграмы і падача заяўкі

    • ГРАМАДЗЯНСКАЯ СУПОЛЬНАСЦЬ І АДУКАЦЫЯ

    З 28 па 30 верасня ў Вільні пройдзе Міжнародная канферэнцыя «Дэкаланізацыя адукацыі і навуковых даследаванняў у Беларусі і Украіне: тэарэтычныя выклікі і практычныя задачы». Вядомыя навукоўцы, эксперты і практыкі з розных сфер збяруцца, каб абмеркаваць актуальныя тэмы, у тым ліку вынікі і ўрокі посткаланіяльных даследаванняў у Беларусі і Украіне, ролю універсітэтаў як рухавікоў дэкаланізацыі, праблемы, якія ўзнікаюць на стыках працэсаў дэкаланізацыі, нацыянальнага будаўніцтва і еўрапеізацыі. Падрабязнасці і рэгістрацыя слухачоў – тут.

    З 22 па 24 верасня ў Гданьску пройдзе ХІ Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі. Праца Кангрэса запланавана па 14 даследчых панэлях, якія ўключаюць усе асноўныя сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны: гісторыя, міжнародныя адносіны, паліталогія, сацыялогія, лінгвістыка, літаратуразнаўства ды іншыя. Поўную праграму Кангрэса можна знайсці на сайце мерапрыемства.

    Беларускі Хельскінскі Камітэт запрашае на стажыроўку студэнтак і студэнтаў, а таксама магістрантак і магістрантаў юрыдычных спецыяльнасцяў. У фокусе: дыскрымінацыя, міжнародныя праваабарончыя механізмы, бізнес і правы чалавека, human rights based approach, SDG, агульная аналітыка па правах чалавека, правы асобы. Заяўкі прымаюцца да 17 верасня, падаць заяўку можна тут.

    Вольны беларускі ўніверсітэт абвяшчае набор на курс «Сацыялогія недэмакратычных рэжымаў: этнаграфічны падыход». Выкладчык – вядомы даследчык Беларусі, прафесар Ранан Эрвю (універсітэт Бардо, Францыя). Курс прызначаны для ўсіх, хто цікавіцца сацыяльнымі навукамі і хоча адкрыць для сябе асаблівы погляд на недэмакратычныя рэжымы, заснаваны на этнаграфічным метадзе доўгатэрміновага палявога вывучэння аб'екта даследавання. Курс уключае 20 акадэмічных гадзін у анлайн-фармаце. Старт – 25 верасня. Умовы ўдзелу можна знайсці тут. Прыём заявак – да 25 верасня тут.

    Да 20 верасня працягваецца прыём заявак на курс «Школа грамадскіх лідараў». Удзел адкрыты для лідараў беларускіх ініцыятыў з Беларусі і за яе межамі, якія маюць вопыт грамадскай дзейнасці. У праграме даследаванне тэмы лідарства, грамадзянскай супольнасці, вывучэнне спосабаў умацавання грамадства і мадэляў сацыяльных дзеянняў. У працы школы прымуць удзел беларускія і польскія эксперты па грамадзянскай супольнасці. Удзельнікаў чакаюць 4 анлайн-сесіі па выхадных днях. Школа працягнецца з 16 кастрычніка па 10 снежня. Прыём заявак – да 20 верасня тут.

    Павал Баркоўскі склаў гайд па адукацыйных магчымасцях для беларускіх школьнікаў, а «Васьмiног» зрабіў на аснове гэтага матэрыялу зручныя карткі. У гайд уключана інфармацыя пра тое, дзе дзеці могуць вучыцца па-беларуску ў Літве, Латвіі, Польшчы, Грузіі, Вялікабрытаніі, Украіне, Чэхіі, Канадзе.

    На сайце Asveta апублікаваны гайд для школьнікаў і бацькоў па дадатковых магчымасцях «Як вывучаць школьную праграму і рабіць гэта цікава?». У гайд уключаны адкрытыя рэсурсы, дзе можна знайсці цікавыя і карысныя матэрыялы, якія дапамогуць у вучобе, пашыраць веды і зробяць працэс навучання больш займальным. Многія відэалекцыі будуць цікавыя не толькі школьнікам, але і іх бацькам.

    У Беластоку пачала працу беларуская школа. Тут дзеці вывучаюць беларускую мову і літаратуру, а таксама прадметы «Мая радзіма – Беларусь» і «Чалавек і свет». Школа працуе як філіял Беларускай школы ў Варшаве, заняткі праводзяцца па суботах для вучняў 1-4 класаў. Дырэктар школы ў Беластоку, Алег Юрчык, адзначыў, што, магчыма, у наступным навучальным годзе будзе адкрыта навучанне і для вучняў старэйшых класаў.

    Яшчэ адна магчымасць вывучаць беларускую мову, на гэты раз для дарослых – адкрыты прыём заявак на восеньскі курс «Беларуская мова пакрысе». У курсе два модулі – базавы і паглыблены, заняткі праходзяць анлайн. Праграма модуляў прадстаўлена тут. Таксама на сайце можна прайсці тэст, які дапаможа абраць модуль для навучання.

    • РЭПРЭСІІ

    Камітэт дзяржаўнай бяспекі ў канцы жніўня чарговы раз пашырыў спіс асоб, якія маюць «дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». Па паведамленні праваабаронцаў, зараз у спіс уключаны палітолаг Валерыя Касцюгова, сузаснавальніца школы маладых менеджараў публічнага адміністравання Sympa Таццяна Кузіна і навуковы супрацоўнік інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі Аляксандр Кандрацюк.

    Магілёўскі абласны суд разгледзеў апеляцыю і пакінуў без зменаў прысуд прафесару і доктару сацыялагічных навук Юрыю Бубнову. У траўні гэтага года яго асудзілі на 2 гады калоніі агульнага рэжыму – суддзя Аксана Зарычнюк прызнала яго вінаватым у «паклёпе на Лукашэнку» (арт. 367 КК РБ) за яго артыкул аб перадумовах беларускага пратэсту, які быў апублікаваны ў навуковым альманаху. Прафесар сваю віну не прызнаў.

    23 жніўня Магілёўскі абласны суд на закрытым паседжанні вынес прысуд Ганне Скрыган, кандыдату геаграфічных навук, былому кіраўніку Магілёўскага аддзялення міжнароднай асацыяцыі «Экапраект». Суд прызнаў навукоўцу вінаватай ва «ўзбуджэнні варожасці» і прыгаварыў яе да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

    У канцы жніўня ў Наваполацку паўторна затрымалі настаўніцу Алену Зубраву. У 2022 годзе яе асудзілі на 15 сутак за рэпост навіны «Радыё Свабода» пра Станіслава Шушкевіча, у жніўні 2023 года настаўніца атрымала 20 сутак арышту за падпіску на «Радыё Свабоду» ў Facebook і аздабленне профілю ўкраінскім сцягам.

    Стала вядома аб тым, які прысуд вынеслі супрацоўніцы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Жанне Сядлецкай. Яе прызналі вінаватай ва ўдзеле ў пратэстах, а таксама ўнеслі ў спіс асоб. «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». Прыгавор быў вынесены 29 чэрвеня, справу разглядала суддзя Вольга Емяльяненка. Сядлецкую прыгаварылі да 2,6 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Яе вызвалілі з–пад варты ў залі суда.

    7 верасня з'явілася інфармацыя пра тое, што аднаго са студэнтаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, Германа Лебедзева, затрымалі сілавікі. На адно з тэлеграм-каналаў з’явілася «пакаяльнае відэа», у якім малады чалавек прызнаецца, што нібыта «адміністраваў нацыяналістычны чат беларусаў і ўкраінцаў», а таксама ў распаўсюдзе «нацысцкіх і экстрэмісцкіх матэрыялаў».

    • ПАЛIТЫКА РЭЖЫМУ

    Са школьнай праграмы па беларускай літаратуры прыбралі гістарычны раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» пра падзеі напярэдадні паўстання Каліноўскага. Яшчэ ў праграме на 2022/2023 навучальны год на вывучэнне твора адводзілася пяць навучальных гадзін. У праграме на 2023/2024 навучальны год «Каласы пад сярпом тваім» замянілі на «Чорны замак Альшанскі» Караткевіча (таксама пяць гадзін). Больш за тое, з раздзела дадатковага чытання праграмы на 2023/2024 год прыбралі твор Алеся Разанава «У горадзе валадарыць Рагвалод». У 2019 годзе раман «Каласы пад сярпом тваім» быў прызнаны самай пакупанай кнігай беларускага аўтара. Гісторыю стварэння можна прачытаць тут.

    У інтэрв'ю дзяржаўнаму тэлеканалу міністр адукацыі Андрэй Іванец расказаў пра недахоп настаўнікаў у сістэме адукацыі і падкрэсліў вострую неабходнасць павелічэння колькасці выкладчыкаў у сферы фізікі і матэматыкі. Таксама чыноўнік прызнаў, што настаўнікі нясуць вялікую нагрузку і часта сумяшчаюць некалькі пасад праз недахоп кадраў. Міністэрства плануе вырашаць гэту праблему шляхам павелічэння набору на педагагічныя спецыяльнасці, а таксама паляпшэння ўмоў працы і павышэння заработнай платы настаўнікаў.

    Да восені 2024 года ўлады Мінска хочуць распрацаваць аднолькавую для ўсіх вучняў горада школьную форму з дзяржаўнай сімволікай. Чыноўнікі сцвярджаюць, што не ўсе бацькі рады разнастайнасці мадэляў дзелавога адзення для школы.

    У сістэму выкладання замежных моў з гэтага навучальнага года ўнеслі шэраг зменаў. Так, вучняў будуць менш апускаць у культуру і гісторыю носьбітаў мовы, а прыярытэтным зробяць выкладанне культуры і гісторыі Беларусі на замежнай мове. Зараз у праграме для ў звычайных класаў прадугледжана па 2 урокі замежнай мовы на тыдзень, замест папярэдніх 3, а ў профільных класах – 4 урокі замест 5. У новых метадычных рэкамендацыях таксама прапанавана надаць больш увагі чытанню і перакладам, чым камунікатыўным практыкам.

    Міністр адукацыі Андрэй Іванец паведаміў у інтэрв'ю дзяржаўнаму тэлеканалу, што ў Беларусі каля 40% школ ладзяць навучанне на беларускай мове, але толькі 10% дзяцей вучацца ў іх. Пераважна гэта сельскія школы. Міністр падкрэсліў, што кожны пяты выпускнік выбірае беларускую мову пры здачы дзяржаўнага іспыту па мове, што, паводле яго слоў, «дастаткова добрая лічба». Таксама паводле інфармацыі чыноўніка, школы колькасцю больш за 700 чалавек, да канца 2023 года перавядуць пад ахову Дэпартамента Міністэрства ўнутраных спраў. Неўзабаве пасля выхаду гэтага інтэрв'ю на міністра адукацыі абрынулася крытыка з боку праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай, якая абвінаваціла чыноўніка ў «пранацысцкай рыторыцы» і ў тым, што ён, на яе думку, супрацьпастаўляе «адну дзяржаўную мову іншай».

    У канцы жніўня Лукашэнка правёў нараду ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, дзе звярнуў увагу на праблемы ВНУ. Паводле яго слоў, ва ўніверсітэце праходзяць працэсы, якія яго «насцярожваюць». Верагодней за ўсё, гаворка ідзе пра даклады, падрыхтаваныя рознымі ведамствамі, у т.л. Акадэміяй навук. У іх адзначана непрадуманая кадравая палітыка кіраўніцтва, недастатковая ўцягнутасць рэктарата ў адміністрацыйную працу, нізкі ўзровень арганізацыі ідэалагічнай і выхаваўчай работы. Лукашэнка таксама адзначыў, што атэстацыя рэктараў, якая адбылася ў Беларусі, таксама паказала «несуцяшальныя» вынікі, і хоць рэктар Андрэй Кароль захоўвае сваю пасаду, «кантроль будзе сур'ёзны».

    Прапагандыст Рыгор Азаронак будзе вучыць студэнтаў у Полацкім дзяржаўным універсітэце. Ён стаў выкладчыкам кафедры сацыяльных камунікацый фінансава–эканамічнага факультэта і будзе весці заняткі ў трэцяга курса. Як паведамляюць СМІ, у раскладзе ўжо стаяць лекцыі і семінары Азаронка па тэме «Асновы медыябізнесу».

    Год таму 35 прыватных беларускіх школаў сутыкнуліся з хваляй праверак. У выніку да верасня 2023 года толькі шэсць з іх атрымалі ліцэнзіі на працу і працягваюць дзейнасць. Чатыры з іх размешчаны ў Мінску і Мінскім раёне, адна – у Магілёве.

    Прапагандыст Андрэй Мукавозчык выказаў абурэнне новым падручнікам гісторыі, які падрыхтавалі для беларускіх школаў. На яго думку, у ім шчыра ўсхваляецца Польшча. Які менавіта падручнік выклікаў такую рэакцыю – пакуль невядома. Да 2023/2024 навучальнага года ў Беларусі падрыхтавана 29 навучальных дапаможнікаў для школ. Сярод іх ёсць «Гісторыя сярэдніх вякоў. 6 клас» і «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі» для 10–га класа, які будзе праходзіць з новага навучальнага года апрабацыю на базе 14 школ.

    У траўні 2023 года ў Беларусі абнавілі закон «Аб воінскім абавязку і воінскай службе», і вучоба за мяжой перастала быць падставай для адтэрміноўкі ад арміі. Адказваючы на запыты бацькоў першакурснікаў, якія паступілі ў расійскія ВНУ, Мінабароны адзначыла, што адтэрміноўка ад войска для працягу адукацыі за мяжой можа быць дадзена толькі тым абітурыентам, якіх у замежныя навучальныя ўстановы накіроўваюць беларускія дзяржорганы (г. зн. мэтавікам). Таксама адтэрміноўка пакладзена для атрымання ваенна–тэхнічных спецыяльнасцяў, для праходжання інтэрнатуры і здачы кваліфікацыйнага экзамену па спецыяльнасці інтэрнатуры. Якія яшчэ тлумачэнні дало Мінабароны – можна прачытаць тут.

    Праваабаронцы звярнулі ўвагу на кампанію «Вучыся ля мора», якая прапануе беларускім абітурыентам атрымліваць вышэйшую адукацыю у адной з ВНУ ў Крыме па квоце ўрада РФ. Набор праводзіцца на розныя спецыяльнасці, у тым ліку і на медыцынскія.

    Экс–выкладчыца факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ксенія Мартуль дала інтэрв'ю «Люстэрку», у якім распавяла пра сітуацыю на факультэце восенню 2020 года, якія патрабаванні і прэтэнзіі прад'яўляла адміністрацыя, а таксама пра тое, хто напісаў данос, які прывёў да затрымання Мартуль проста ў час заняткаў у снежні 2021 года. Ксенія Мартуль правяла 14 сутак на Акрэсціна. Поўны тэкст інтэрв'ю можна знайсці тут.

    Апошнія навіны