У Міжнародны дзень дэмакратыі Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў. Яна падкрэсліла важнасць таго, што беларусы працягваюць аб'ядноўвацца, дапамагаць адзін аднаму і змагацца за свабоду, нягледзячы на спробы рэжыму падзяліць людзей.
Ціханоўская: «Кожны дзень беларусы беражліва ахоўваюць парасткі дэмакратыі ў сабе. Калі ідуць па цэнтры Мінска і ўключаюць у навушніках песні «Акіяна Эльзы» і Лявона Вольскага. Калі пераходзяць на беларускую мову ў сацыяльных сетках і вучаць яе па шоу на YouTube. Калі ўсталёўваюць VPN, каб чытаць «Нашу Ніву» і глядзець «Белсат». Калі вераць у тое, што ўжо хутка гэтыя парасткі дэмакратыі абавязкова прабʼюцца з-пад асфальту шэрасці і дыктату.
Дэмакратыя – гэта не толькі вялікае дабро, але і вялікая адказнасць. За рашэнні, за выбар, за ўчынкі. Але я ведаю, што мы да яе гатовыя. І не ў нейкай адлеглай будучыні, а тут і цяпер. Мы захавалі ўнутраную свабоду, навучыліся шанаваць адзін аднаго, паверылі ў сябе. І цяпер дакладна ведаем, на якім падмурку будаваць новае грамадства».