• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Прамова Святланы Ціханоўскай на Канферэнцыі Каліноўскага ў Еўрапарламенце, 2023

    13 верасня, 2023

    Паважаныя Юозас Олекас,

    Ганна Фатыга,

    Хайдзі Хаўтала,

    Эва Копач,

    Паважаныя арганізатары і ўдзельнікі форуму,

    Сябры і калегі,

    Дарагія беларусы,

    Тры гады таму, пасля пачатку жорсткага падаўлення мірных пратэстаў сілавікамі ў Мінску, наш добры сябар Жыгіс Павільёніс арганізаваў першую канферэнцыю Каліноўскага ў Вільні. З тых часоў гэты форум стаў падставовай платформай, якая набліжае Беларусь да Еўропы.

    Канферэнцыя-2023 – асаблівая для нас. Тут, у Страсбургу, суіснуюць ідэі парламенцкай дэмакратыі, еўрапейскай спадчыны і гармоніі розных культур.

    Сёння гэтыя ідэі знаходзяцца пад пагрозай з-за спробаў адраджэння Расійскай імперыі. Дзе няма дэмакратыі, там няма росквіту і міру. «Русский мир» – агрэсіўны звер, які напаў на Украіну, – антыеўрапейскі па сваёй сутнасці. Менавіта з лап гэтага звера спрабуе збегчы Беларусь. І ў гэтым нам патрэбна дапамога Еўропы.

    На сённяшняй пленарнай сесіі была прынятая рэзалюцыя ЕП па Беларусі. Гэта важная палітычная перамога для ўсіх нас. Мы абавязаныя гэтым дасягненнем шматлікім людзям, і некаторыя з іх цяпер з намі. Гэта старшыня дэлегацыі ЕП па Беларусі Юозас Олекас. Суаўтары рэзалюцыі, Ганна Фатыга і Тэйс Ройтэн. І, вядома ж, дакладчык, дарагі Пятрас Аўштрэвічус – вялікі дзякуй за вашу працу. Дзякуй за шчырую прыхільнасць аднаўленню дэмакратыі ў Беларусі.

    У рэзалюцыі падкрэсліваюцца еўрапейскія амбіцыі, якія выяўленыя ў дэкларацыі дэмакратычных сіл ад 6 жніўня. Цяпер нашай галоўнай мэтай з'яўляецца вяртанне Беларусі ў Еўропу. Каб дасягнуць гэтай мэты, здабыўшы статус кандыдата на ўступленне ў ЕС, нам трэба пазбавіцца ад дыктатуры, якая запавольвае развіццё краіны ўжо трыццаць гадоў. Дыктатуры, што стрымлівае нас на шляху да Еўропы.

    Беларусы ўвесь гэты час раўняліся на Еўропу. Яшчэ да распаду савецкай імперыі Еўропа сімвлізавала для нас якасць жыцця, эканамічнае развіццё, прававую дзяржаву і, нарэшце, свабоду. Сёння беларусы не едуць у Расію, яны едуць у Еўропу. Каштоўнасці Еўропы – гэта тое, што нас аб'ядноўвае.

    Беларусь заўсёды з'яўлялася часткай Еўропы. Дэмакратычныя традыцыі былі глыбока ўкаранёныя ў Рэчы Паспалітай. Кароль абіраўся ўсёй шляхтай краіны. Статут Вялікага Княства Літоўскага, напісаны на беларускай мове, папярэднічаў Канстытуцыі Польшчы і аказаў на яе значны ўплыў. Стагоддзямі нашы гарады і мястэчкі кіраваліся па Магдэбургскім праве.

    У 2020 годзе беларусы прадэманстравалі безумоўную прыхільнасць еўрапейскім каштоўнасцям. Выбраўшы дэмакратыю, мы выбралі Еўропу. З тых часоў мы, дэмакратычныя сілы Беларусі, захоўваем адзінства ў дэмакратычным і еўрапейскім выбары для Беларусі.

    Я абсалютна ўпэўненая, што Еўрапейскі Саюз ад Лісабона да Мінска аднойчы стане рэальнасцю. Для дасягнення гэтай мэты нам, верагодна, спатрэбіцца шмат часу. Але ў нас няма іншага выбару, акрамя як пачаць гэты шлях.

    Некаторыя крокі трэба зрабіць як мага хутчэй. У прыватнасці, фармалізаваць адносіны паміж беларускімі дэмакратычнымі сіламі і Еўрапейскім парламентам, падпісаўшы мемарандум аб супрацоўніцтве. Мы ўжо афіцыйна ўстанавілі нашы адносіны з Еўрапейскай камісіяй, стварыўшы кансультатыўную групу ЕС-Беларусь, а таксама з Радай Еўропы, дзе год таму была створаная кантактная група.

    Неабходна распрацаваць усеабдымную стратэгію па вырашэнні крызісу ў Беларусі і вяртанні Рэспублікі ў Еўропу. Стратэгія можа ахопліваць наступныя напрамкі: 1) ціск на рэжым; 2) дапамога людзям; 3) прыцягненне злачынцаў да адказнасці; 4) прыхільнасць еўрапейскай будучыні.

    Трэба пашыраць кантакты паміж свабоднай Беларуссю і Еўропай. На міжнародных мерапрыемствах неабходна адмовіцца ад практыкі «пустога крэсла». Рэжым не прадстаўляе беларусаў, але голас беларусаў павінен гучаць. І дэмакратычны рух Беларусі сёння – сапраўдны голас мільёнаў людзей, якім не даюць выказацца тэрор Лукашэнкі і прарасійская прапаганда.

    Хопіць ўраўноўваць Беларусь і рэжым Лукашэнкі. Паміж імі велізарная розніца – іх трэба супрацьпастаўляць адно аднаму.

    Лукашэнка – узурпатар улады і ваенны злачынец. Нельга называць яго прэзідэнтам. Яго трэба прыцягнуць да адказнасці за ўчыненыя злачынствы. Неабходна прымяніць прынцыпы універсальнай юрысдыкцыі, каб прывесці яго да суда. Справа Юрыя Гараўскага ў швейцарскім судзе – добры прыклад. Неабходна выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі – за загады аб катаваннях, забойствах палітычных апанентаў. За дапамогу расійскай агрэсіі супраць Украіны, выкраданне ўкраінскіх сірот і іншыя злачынствы.

    Трэба падтрымліваць Украіну ў яе шляхтнай барацьбе за свабоду і незалежнасць. Гэта і нашая барацьба. Гэта за нас украінскія салдаты кожны дзень аддаюць жыцці разам з беларускімі баявымі пабрацімамі. Яны ахвяруюць сабой не толькі дзеля Украіны, але і дзеля Беларусі і Еўропы.

    Трэба ўзмацніць жорсткасць санкцыі супраць Пуціна і Лукашэнкі. Не павінна быць шчылін, якія дазваляюць абыйсці абмежаванні. Расія павінна дорага заплаціць за падрыў беларускага суверэнітэту. Лукашэнка павінен дорага заплаціць за ўтрыманне ўсіх палітычных зняволеных і за падтрымку расійскай агрэсіі.

    Трэба дапамагаць палітвязням, якія знаходзяцца ў турме, якія выйшлі з турмаў, а таксама тым, хто пазбег пераследу, вымушана пакінуўшы краіну.

    Дарэчы, вельмі радая бачыць у гэтай зале праваабаронцу Леаніда Судаленку. У ліпені ён выйшаў з турмы пасля двух з паловай год зняволення. Упэўненая, што і тут вы, дарагі Леанід, працягнеце працу на карысць Беларусі.

    Сёння Лукашэнка помсціць беларусам, якія вымушана пакінулі краіну, не падаўжаючы ім тэрмін дзеяння пашпартоў. Еўропа павінна даць гэтым людзям прававы статус, каб яны не рызыкавалі свабодай, вяртаючыся на радзіму.

    Мы працуем над стварэннем новага беларускага пашпарта, які будзе выдавацца Аб'яднаным Пераходным Кабінетам і пацвярджаць грамадзянства ўладальніка. Вельмі хутка мы прадставім узоры гэтага пашпарта, а затым пачнем кампанію па прызнанні гэтых дакументаў нацыянальнымі ўрадамі.

    Дарагія сябры!

    Наперадзе доўгі шлях, таму лепш пачаць працу прама зараз, каб убачыць плён нашых намаганняў ужо ў найбліжэйшай будучыні. Беларусь і Украіна будуць вольныя. Абедзве краіны стануць часткай Еўрапейскага Саюза. Я асабіста не сумняваюся ў гэтым.

    Дазвольце працытаваць нашага лаўрэата Нобелеўскай прэміі Алеся Бяляцкага яшчэ раз: «Сёння Беларусь знаходзіцца на ростанях гісторыі. Куды яна пойдзе? Ці праз дваццаць гадоў яна будзе часткай Расійскай імперыі ці сапраўды еўрапейскай краінай?»

    Адказ на гэтыя пытанні залежыць ад нашых дзеянняў. Успамінаючы пра Алеся Бяляцкага, Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Марыю Калеснікаву, майго мужа Сяргея і іншых палітычных, я не магу спыніць змаганне за Беларусь і беларусаў. Мы не можам дазволіць сабе падвесці іх. Разам мы ўвасобім у жыццё іх мару – нашу агульную мару аб Еўрапейскай Беларусі.

    Жыве Еўропа!

    Жыве Беларусь!

    Апошнія навіны