Святлана Ціханоўская: «Сёння рэжым Лукашэнкі адмовіў беларусам у консульскай дапамоге. Тым самым дзяржава самаўхілілася ад яшчэ адной сферы жыцця, дзе павінна клапаціцца аб грамадзянах. Шматлікія важныя паслугі становяцца недаступнымі – напрыклад, нельга будзе памяняць пашпарт у пасольствах і консульствах. А значыць, тыя з вас, хто не могуць бяспечна вярнуцца ў Беларусь, рызыкуюць застацца без найважнейшага дакумента для легальнага жыцця і працы за мяжой.
Мы праводзім кансультацыі з тымі краінамі, дзе знаходзяцца беларусы, каб вырашаць праблемы беларусаў на заканадаўчым і выканаўчым узроўні. Ужо ў гэтым месяцы мы правядзем кансультацыі з Еўракамісіяй, а таксама я падыму гэтае пытанне перад Еўрапарламентам і падчас Генасамблеі ААН.
Ужо цяпер Польшча і Літва выдаюць праязныя дакументы – так званы пашпарт замежніка – для беларусаў, у якіх скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта або скончыліся старонкі, але ёсць дазвол на пастаяннае пражыванне, часовае знаходжанне або іншыя дакументы, якія даюць права легальна знаходзіцца ў краіне. Мы ведаем пра праблемы з легалізацыяй дзяцей беларускіх грамадзян, якія нарадзіліся пасля 2020 года не ў Беларусі, і працуем над іх рашэннем.
Мы рыхтуем да запуску выдачу новых пашпартоў Беларусі і працуем над іх прызнаннем. Працэс гэта не хуткі, і тут нам будзе патрэбна дапамога ўсіх беларусаў, якія жывуць за мяжой. Нам неабходна будзе заручыцца падтрымкай урадаў краін, дзе пражываюць беларусы. Мы спадзяемся, што пашпарт зможа вырашыць шэраг праблемаў з легалізацыяй.
Дарагія беларусы, я прашу вас не паддавацца паніцы і не здзяйсняць неабдуманых учынкаў. Нават калі тэрмін дзеяння вашага пашпарту скончваецца, не варта вяртацца на радзіму, калі вам пагражае пераслед. Бо ні адзін дакумент у свеце не варты чалавечай свабоды. Галоўнае – паклапаціцеся пра сябе і сваю бяспеку. Бо людзі – гэта галоўная каштоўнасць Беларусі».