• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • «Суверэнітэт Беларусі і трансатлантычная бяспека»: Прамова Святланы Ціханоўскай на сайд-івэнце па Беларусі падчас Саміту НАТА ў Вільні, 2023

    11 ліпеня, 2023

    «Спадарыні і спадары,

    Дарагія сябры Беларусі,

    Для мяне гонар вітаць вас сёння на гэтым мерапрыемстве. Мы сабраліся тут падчас сапраўды гістарычнага саміту НАТА. Гэты саміт у нейкай ступені з'яўляецца выпрабаваннем для трансатлантычнай супольнасці – выпрабаваннем для яе рашучасці і адзінства.

    Я хачу, каб трансатлантычная супольнасць заставалася адзінай у падтрымцы Украіны, як яна была адзінай у падтрымцы Беларусі ў 2020 годзе, з самага пачатку нашых мірных пратэстаў.

    Беларусы зразумелі, што спыніць тыранію і прыгнёт можна толькі аб'яднаўшыся. Толькі аб'яднаўшыся мы зможам дасягнуць росквіту і міру для нашых народаў.

    Я веру, што беларусы вартыя такой будучыні. Беларусы заслугоўваюць жыць ва ўмовах свабоды, дэмакратыі і міру. Беларусы заслугоўваюць свайго месца ў еўрапейскай сям'і народаў.

    Гэта падобна на мару, але за такую мару трэба змагацца. І я хачу сёння абмеркаваць, як ажыццявіць гэтую мару.

    У сённяшняй дыскусіі будуць удзельнічаць выдатныя дзяржаўныя дзеячы. Я хачу падзякаваць міністру Гільфадаўтыру, міністру Кравіньа, дзяржаўнаму сакратару Тыералу, намесніку міністра Адаменасу, што прынялі маё запрашэнне, што выказалі выключную салідарнасць і падтрымку.

    Асобна хачу падзякаваць Літве. Літва разам з Польшчай зрабіла найбольшы ўнёсак у нашую барацьбу за свабодную і незалежную Беларусь, дала прытулак тысячам змагароў за свабоду, стала нашым голасам на міжнароднай арэне. Мы ніколі гэтага не забудземся. Дзякуй, Мантас.

    Я ведаю, што зараз усе погляды звернутыя на Украіну і Расію. Але трэба памятаць, што Беларусь таксама частка той праблемы бяспекі, з якой мы сутыкнуліся.

    Відавочна, што без свабоднай і дэмакратычнай Беларусі Еўропа не будзе ў бяспецы. Беларусь – ключавы элемент бяспекі нашага рэгіёну.

    У Расіі даўно гэта ведаюць. Менавіта таму там так шмат укладваюць у падтрымку нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі – каб зрабіць яго яшчэ больш залежным і выкарыстоўваць гэтую залежнасць у сваіх мэтах.

    У 2020 годзе беларусы зрабілі свой выбар. Беларусы выбралі дэмакратыю – а не тыранію, вяршэнства закона – а не беззаконне, Еўропу – замест панавання Расіі.

    Гэты выбар стаў пагрозай імперскім амбіцыям Расіі. Убачыўшы мірныя пратэсты ў Беларусі, Расія дала Лукашэнку палітычную, ваенную і фінансавую падтрымку, каб ён утрымаўся ва ўладзе.

    Пры падтрымцы Пуціна рэжым развязаў тэрор супраць беларускага народа. Адчуўшы беспакаранасць, рэжым пачаў тэрарызаваць суседзяў, здзейсніў угон самалёта і арганізаваў штучны міграцыйны крызіс. Беларускі крызіс захліснуў увесь рэгіён.

    Прайшло два гады – і мы бачым наступствы. Рэжым Лукашэнкі стаў інструментам расійскай агрэсіі супраць Украіны, саўдзельнікам расійскіх вайсковых злачынстваў.

    У двух дыктатараў адзін светапогляд. Яны спрабуюць адрадзіць Савецкі Саюз ці Расійскую імперыю. Яны думаюць катэгорыямі сфераў уплыву. І гэта абсалютна не тое, чаго хоча беларускі народ.

    Расія павольна, але няўхільна паглынае Беларусь. У нашай краіне размешчаныя расійскія войскі і вось-вось будзе разгорнутая расійская ядзерная зброя, што парушае міжнародныя пагадненні аб нераспаўсюджанні зброі масавага паражэння, Будапешцкі мемарандум, Канстытуцыю Беларусі і, галоўнае, супярэчыць волі беларускага народа.

    Згодна з апытаннямі, толькі 20% беларусаў падтрымліваюць размяшчэнне ядзернай зброі. Толькі 4% падтрымліваюць аб'яднанне Беларусі і Расіі. Толькі 3% лічаць, што беларускае войска павінна ўступіць у вайну супраць Украіны. Гэтыя лічбы паказваюць, што як бы прапаганда ні імкнулася прамыць беларусам мазгі, народ не падтрымлівае расійскія імперскія амбіцыі.

    Для нас зразумела, што будучыня Беларусі цесна звязаная з будучыняй Украіны. Калі Украіна пераможа на палях бітваў, у Беларусі з'явіцца шанц вырвацца з кіпцюроў Расіі. Аднак перамены ў Беларусь могуць прыйсці і раней. Мы ўбачылі гэта два тыдні таму падчас прыгожынскага мецяжу. Беларускае грамадства ўбачыла ў ім магчымасць. Мяцеж паказаў крохкасць рэжыму Лукашэнкі. Любая турбулентнасць можа прывесці да яго краху. І крах рэжыму Лукашэнкі будзе найлепшай падмогай для Украіны і вялізным ударам па Пуціне.

    Таму я прашу міжнародную супольнасць памятаць пра Беларусь. Нельга дапусціць, каб Беларусь стала суцяшальным прызам для Пуціна. Стабільнага міру не наступіць, пакуль Беларусь не стане свабоднай – свабоднай ад тыраніі і расійскай прысутнасці.

    Мы хочам, каб нашыя заходнія партнёры выразна заявілі: будуць міжнародныя гарантыі незалежнасці Беларусі, яе бяз'ядзернага статусу, яе будучай інтэграцыі ў еўрапейскія і трансатлантычныя структуры. Пасляваенная прылада ў будучыні абавязкова павінна ўключаць гэтыя элементы.

    Нельга баяцца супрацьстаяць расійскім інтарэсам у нашым рэгіёне. У рэшце рэшт, менавіта Расія выбрала шлях канфрантацыі. Нельга дапусціць, каб з-за пуцінскай Расіі беларускі народ не мог абраць еўрапейскі шлях развіцця.

    Калі беларускія дэмакратычныя сілы прыйдуць да ўлады, канстытуцыйны парадак будзе адноўлены. Беларусь дэнансуе ўсе дамовы, падпісаныя нелегітымным дыктатарам з 2020 года. Мы выйдзем з АДКБ, з Саюзнай дзяржавы з Расіяй, з Еўразійскага эканамічнага саюза. Мы не павінны знаходзіцца ў ваенна-палітычным саюзе з агрэсарам, які разбурае суверэнітэт сваіх суседзяў і не паважае іх нацыянальную ідэнтычнасць.

    Беларусь не павінна пакутаваць ад дзеянняў Крамля і быць пагрозай Еўропе. Яна павінна быць донарам бяспекі і міру. Мы адновім добрыя адносіны з усімі суседзямі, асабліва з Украінай. Мы прадэманструем нашую прыхільнасць да трансатлантычных каштоўнасцяў не толькі на словах, але і на справе.

    Нашаму рэгіёну патрэбны будзе новы план Маршала, план аднаўлення, і Беларусь павінна быць яго часткай. Такі план дапаможа нам правесці ўсе неабходныя рэформы і звярнуць Беларусь на шлях дэмакратычнага развіцця.

    Не трэба чакаць пераменаў. Мы можам пачаць супрацоўніцтва паміж НАТА і дэмакратычнай Беларуссю ўжо зараз – у межах праграмы «Партнёрства ў імя міру». Так мы зможам пабудаваць узаемны давер і трывалую аснову для будучага супрацоўніцтва.

    Мы таксама можам стварыць кансультатыўную групу паміж НАТА і дэмакратычнымі сіламі, як гэта ўжо зроблена з Еўрасаюзам. Група можа стаць платформай для абмену ідэямі і выпрацоўкі сумесных стратэгій.

    Я таксама заклікаю сябраў НАТА дапамагчы беларускім дэмакратычным сілам і грамадзянскай супольнасці, асабліва беларускім незалежным юрыстам, у расследаванні датычнасці Лукашэнкі да ваенных злачынстваў супраць Украіны, уключаючы дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Такім чынам, аднойчы ўсе вінаватыя ў гэтых злачынствах паўстануць перад судом.

    Абмяркоўваючы трыбунал па Расіі, не забывайцеся пра Лукашэнку. Ён злачынец, а не прэзідэнт. Выдача ордэра на ягоны арышт стане магутным сігналам беларускаму народу і будзе спрыяць расколу элітаў. Каб прадухіліць тыранію ў будучыні, абавязкова трэба прыцягнуць тыранаў да адказнасці.

    Дарагія сябры,

    Зараз вельмі важна падарыць беларусам промень надзеі. Надзеі на будучыню, якую яны заслужылі і выбралі. Думаю, калі мы дамо ім надзею, гэта стане адным са станоўчых вынікаў гэтага саміту НАТА і сённяшняга мерапрыемства ў прыватнасці.

    Я ведаю, што шлях да дэмакратыі і міру няпросты, але ён адзіны правільны. Давайце пройдзем гэты шлях разам.

    Дзякуй».

    Апошнія навіны