Падчас візіту ў Ірландыю Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у мерапрыемстве з нагоды Дня Канстытуцыі 3 траўня, дзе выступіла разам з літоўскім, польскім і ўкраінскімі амбасадарамі, а таксама прэзідэнтам ірландскага сената.
Мерапрыемства адбывалася ў польскай амбасадзе ў Дубліне. Удзел бралі больш за 100 чалавек, у тым ліку дыпламаты, прадстаўнікі ірландскага ўраду і грамадскіх арганізацыяў.
- Прамова Святланы Ціханоўскай – далей:
«Паважаная амбасадарка Ганна Саханьска,
Амбасадар Марыюс Гудынас,
Дарагія сябры,
Паважаныя спадарыні і спадары.
232 гады таму была прынятая першая ў Еўропе канстытуцыя – Канстытуцыя Рэчы Паспалітай. Яна спрыяла развіццю дэмакратыі, уводзіла падзел на тры галіны ўлады. Яна гарантавала свабоду веравызнання. Яна ўмацоўвала бяспеку і незалежнасць Рэчы Паспалітай ад замежных дзяржаваў.
У склад Рэчы Паспалітай ўваходзіла большая частка тэрыторыі Беларусі. За Канстытуцыю галасавалі дэпутаты ад Беларуска-Літоўскай шляхты. Такім чынам, гэтая гістарычная падзея стала нашай агульнай спадчынай. Разам з палякамі і літоўцамі нашыя беларускія продкі змагаліся за Канстытуцыю ў 1792 годзе і падчас паўстання Касцюшкі ў 1794 годзе.
Дэмакратыя, свабода, канстытуцыйныя правы – гэтыя словы дагэтуль гучаць для беларусаў як мара. У 2020 годзе нашая мара пра свабоду амаль спраўдзілася. Але на змену ёй прыйшоў жах дыктатуры і гібрыднай акупацыі.
Сёння рэжым у Беларусі змагаецца з нашай гісторыяй, нашымі агульнымі героямі і нашай агульнай спадчынай. Кнігі па гісторыі перапісваюцца. Марыянеткавы рэжым Пуціна спрабуе пасварыць нашыя народы і сярод іншага нападае на польскую і літоўскую меншасці. У лютым лідар польскай супольнасці ў Беларусі, журналіст Анджэй Пачобут быў асуджаны да 8 гадоў пазбаўлення волі. Многія іншыя сядзяць у турмах па палітычных матывах.
Рэжым Лукашэнкі можна параўнаць з неканстытуцыйнай манархіяй. У Беларусі не гарантаваная асабістая свабода. Людзей арыштоўваюць кожны дзень без аніякіх законных падставаў. Проста за іх меркаванне, за тое, што яны адважыліся мець сваё меркаванне.
Беларуская незалежнасць таксама становіцца далёкай марай. У 2020 годзе Расія не дапусціла дэмакратычных зменаў у Беларусі. Праз два гады Расія ўварвалася ва Украіну, каб забараніць гэтай краіне ўзяць праеўрапейскі курс. Расійская імперыя паўстала з мёртвых і хоча аднавіць свае мінулыя тэрытарыяльныя заваяванні. Як звычайна, за наш рахунак.
Каб забяспечыць свой кантроль над Беларуссю, Расія без ваганняў зноў увядзе ў нашую краіну ядзерную зброю. Гэта тое, чаму міжнародная супольнасць павінна перашкодзіць.
Толькі пасля сыходу рэжыму Лукашэнкі мы зможам аднавіць вяршэнства закону ў Беларусі, каб гарантаваць яе грамадзянам іх канстытуцыйныя правы. Я і мая каманда – палітычныя аптымісты.
Мы працуем над праектам Новай Канстытуцыі Беларусі. Я веру, што на гэты раз нашая новая Канстытуцыя будзе даўгавечнай. І мы вернемся да нашых старажытных традыцый дэмакратыі і канстытуцыяналізму, якія ўзыходзяць да 18 стагоддзя.
Дзякуй.»