Святлана Ціханоўская: «З дзяцінства ў мяне, як і ў многіх беларусаў, пра Вялікдзень цёплыя ўспаміны. Гэта святочныя яйкі і паскі, гэта бабуля і дзядуля, якія ўсміхаюцца, гэта ўся сям’я за адным сталом. За гэтым сталом не прынята размаўляць пра ядзерную зброю ці вайну, бо абмяркоўваюць больш датычныя да сям’і рэчы. Але справа ў тым, што вайна ўжо побач, а ядзерную зброю хутка могуць размясціць у Беларусі. І цяпер гэта датычыцца ўсіх беларусаў.
І таму трэба размаўляць са сваімі роднымі пра гэта. Тлумачыць бабулям і дзядулям, якія вераць тэлебачанню, што ўсе праблемы Беларусі цяпер не праз тое, што «калектыўны Захад» нападае – а таму што рэагуе на дзеянні Лукашэнкі, які захапіў уладу, рэпрэсуе людзей, дазволіў Расіі напасці на Украіну з нашай зямлі. Гэтыя праблемы ідуць менавіта ад яго. Гэта цяжка, але трэба, каб людзі ведалі праўду і не дазвалялі сябе ашукваць – нават у святочны дзень.
І нягледзячы ні на што – са святам вас, беларусы! Хрыстос уваскрос!»