Святлана Ціханоўская: «Беларусь працягваюць цягнуць у мінулае. Чарговы рэжымны чыноўнік прапануе «інавацыю» ў сферы адукацыі: заклікаць студэнтаў у войска непасрэдна падчас вучобы, як гэта рабілі ў СССР. Старыя, чыя маладосць прайшла пры савецкай сістэме, бачаць краіну толькі такой – якая не паважае чалавека, грэбуе асобай, імкнецца задушыць любую індывідуальнасць. У тым ліку праз «боты».
Цяпер вайскоўцы лічаць, што могуць расказваць беларусам, як павінна выглядаць адукацыя. І што гэта нібыта ахвотна прымуць усе. Але што думаюць самі студэнты пра такія новаўвядзенні? Учора я прачытала выдатны матэрыял з іх меркаваннямі на Zerkalo.io:
– «Не хочацца губляць цэлы год».
– «Гэта проста забіты час. Пасля тэрміновай службы не выходзяць навучаныя і падрыхтаваныя салдаты. Гэта, хутчэй за ўсё, робіцца для атупення моладзі і атручвання прапагандай».
– «Абавязковы прызыў – гэта маразм, пасля якога людзі выходзяць псіхічна нестабільнымі».
Усе гэтыя прапагандысты, ідэолагі і іншыя людзі ў пагонах не ўсведамляюць, што маладыя беларусы лічаць войска бессэнсоўным, а тэрміновую службу – перажыткам мінулага. Аматары СССР сапраўды думаюць, што «не служыў – не мужык» і «пасля войска дзяўчатам будзеш больш падабацца». Вось толькі на двары даўно не 1970-я.
Такія новаўвядзенні адкінуць Беларусь у развіцці яшчэ далей. У моладзі адбяруць жаданне атрымліваць веды для прафесіі ў роднай краіне. Бо абітурыенты аддадуць перавагу ўніверсітэту там, дзе іх не адправяць на другім ці трэцім курсе падмятаць пляц і будаваць лецішча генералам. Беларусь – гэта краіна з вялізным патэнцыялам, якая заслугоўвае не падаць у бездань цёмнага мінулага, а будаваць еўрапейскую будучыню, бо, як сказаў кіраўнік МЗС Польшчы Збігнеў Рау, месца беларусаў – у агульным еўрапейскім доме. І гэта адбудзецца – калі законы будуць прымаць не дзеля аднаго чалавека, а для ўсіх 9 мільёнаў беларусаў».