На сустрэчы быў прадстаўлены праект дакумента, які дапаможа беларусам за мяжой ідэнтыфікавацца, пацвярджаць сваё грамадзянства, а ў ідэале – падарожнічаць. Хаця наперадзе яшчэ вялікая праца, зроблены першы важны крок у гэтым напрамку, каб дакумент быў узгоднены з міжнароднымі стандартамі. У сакавіку-красавіку адбудуцца кансультацыі з міністрамі замежных справаў па пытаннях выдачы такіх часовых дакументаў і спрашчэння знаходжання беларусаў за мяжой. Еўракамісія падтрымлівае працу па распрацоўцы пашпартоў для дэмакратычнай Беларусі.
Акрамя таго, абмеркавалі і спрашчэнне візавых працэдураў. Святлана Ціханоўская заклікала да пашырэння практыкі выдачы гуманітарных візаў, якія дазваляюць беларусам выязджаць з краіны, а таксама да падаўжэння тэрміну і выдачы доўгатэрміновых шэнгенскіх візаў на 2, 3 і 5 гадоў.
Абмеркавалі злоўжыванні, якія трэба спыняць. Польшча пачала важны крок, каб зрабіць больш хуткую рэгістрацыю і не дазваляць пасярэднікам маніпуляваць выдачай візаў. Але важна, каб гэтыя злоўжыванні былі сістэмна вырашаныя на ўзроўні Еўракамісіі. Таксама гаварылі пра спрашчэнне выдачы міграцыйных дакументаў беларусам, якія знаходзяцца на тэрыторыі ЕС: каб не патрабавалі апастыль, даведкі аб несудзімасці, а сам тэрмін разгляду дакументаў быў хутчэйшы ў дачыненні да беларусаў. Дэмакратычныя сілы гатовыя дапамагаць з верыфікацыяй грамадзянаў, каб тыя, хто не замазаныя ў злачынствах супраць чалавечнасці і ў вайне, мелі магчымасць перамяшчацца паміж краінамі.
Гаварылі таксама пра магчымасць адкрыцця гуманітарных калідораў у выпадку эскалацыі і на выпадак закрыцця межаў – каб беларусы, якія ўцякаюць ад пераследу і вайны, маглі бяспечна выехаць з краіны.