1 красавіка адбылася другая сустрэча працоўнай групы МУС па вырашэнні праблемаў беларусаў, якія жывуць у Польшчы. З боку дэмакратычных сілаў на сустрэчы прысутнічалі прадстаўніца па прававых пытаннях Офіса Святланы Ціханоўскай Крысціна Рыхтэр, кіраўніца юрыдычнага дэпартамента Цэнтра беларускай салідарнасці (ЦБС) Вольга Дабравольская і прадстаўнік НАК Міхаіл Кірылюк.
Сустрэча была прысвечаная зменам, якія маюць адбыцца ў заканадаўстве Польшчы для замежнікаў. Міністэрства падрыхтавала праўкі ў спецыяльны закон на аснове прапаноў, агучаных Офісам і ЦБС на папярэдняй сустрэчы:
– выдача гуманітарных візаў на тэрыторыі Польшчы;
– магчымасць атрымання спецыяльнага віду на жыхарства на тэрмін да 3 гадоў у сувязі з гуманітарнымі прычынамі. Такі від на жыхарства прадугледжвае доступ да рынку працы;
– выдача польскіх праязных дакументаў для грамадзянаў Беларусі з часовым відам на жыхарства.
Змены ў заканадаўства будуць разгледжаныя ў Парламенце на наступным тыдні.