27 лютага можа адбыцца так званы «рэферэндум» – мерапрыемства, на якім беларусам прапануюць выбар паміж Лукашэнкам і Лукашэнкам. Яго хочуць праводзіць у часы, калі ў Беларусі адсутнічае закон, а людзям адкрыта адмаўляюць у натуральных правах на жыццё, годнасць, свабоду меркавання і правасуддзе.
Але нават у гэтых умовах мы можам паказаць, што краіна належыць беларусам. Прыходзьце на ўчасткі і стаўце крыжыкі насупраць усіх варыянтаў адказу, робячы бюлетэнь нядзейсным.
Святлана Ціханоўская: «Рэферэндум» – нелегітымны, ён у інтарэсах і ў планах толькі аднаго чалавека ў краіне. Таму ў гэтыя планы час умяшацца грамадству, чыё меркаванне, як заўсёды, проста не сталі ўлічваць».
73% апытаных беларусаў ужо плануюць падтрымаць адзіную стратэгію дэмсілаў на «рэферэндум», і сёння мы запускаем платформу «Голас», каб вы маглі зафіксаваць свае дзеянні.
Ва ўмовах, калі дзяржава прыраўноўвае грамадзянскі кантроль да экстрэмізму, мы маем права ўзяць на сябе і функцыю падліку галасоў. Платформа ўлічыць ваш голас у любым выпадку: калі вы будзеце прытрымлівацца адзінай стратэгіі, калі застанецеся дома і нават калі прагаласуеце за адзін з варыянтаў.
Цяпер вы можаце прайсці апытанне і адказаць, ці падтрымліваеце вы адзіную стратэгію дэмакратычных сілаў, ці лічыце вы больш слушным ігнараваць «рэферэндум», ці вы яшчэ не вызначыліся. Але мы нагадваем, што нават калі вы не прыйдзеце на ўчастак, ваш бюлетэнь прыйдзе за вас. Таму, калі вы схіляецеся да байкоту, ваш байкот павінен быць актыўным і бачным.
Праходзьце апытанне па спасылках у Тэлеграме і Вайберы. Калі апытанне па рэферэндуме ў боце не запускаецца, увядзіце каманду /рэферэндум. І наведайце сайт Адзінай стратэгіі дэмсілаў.