• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская – лідар дэмакратычнай Беларусі

    26 кастрычніка, 2020

    Святлана Ціханоўская нарадзілася 11 верасня 1982 года ў горадзе Мікашэвічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыла філалагічны факультэт Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя І.П. Шамякіна, пасля працавала ў фондзе дапамогі пацярпелым ад аварыі ў Чарнобылі.

    У 2005 годзе яна пабралася шлюбам з Сяргеем Ціханоўскім. Яны маюць дзесяцігадовага сына  і пяцігадовую  дачку, выхаванню і здароўю якіх Святлана прысвячала ўсе свае сілы і час. У 2019-м Сяргей завёў свой youtube-канал, каб распавядаць на ім пра рэальнае жыццё ў Беларусі – тое, якога не паказваюць па тэлебачанні. Канал хутка набраў папулярнасць, і ўжо праз паўгода – у траўні 2020 года – Сяргей публічна абвясціў: яго гледачы і паплечнікі лічаць, што менавіта ён павінен балатавацца ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

    Але ўжо 30 чэрвеня 2020 года дакументы на рэгістрацыю кандыдатам у прэзідэнты ў ЦВК падала Святлана Ціханоўская. Яна прыняла гэтае валявое рашэнне, таму што рэжым палічыў яе мужа палітычнай пагрозай, арыштаваў і пазбавіў магчымасці ўдзельнічаць у выбарах.

    З тых часоў гісторыя Святланы Ціханоўскай – гэта гісторыя аб'яднання і палітычных сілаў, і ўсяго народа Беларусі. У ліпені яе штаб аб'яднаўся са штабамі Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы. Абодва кандыдаты былі адхіленыя ад удзелу ў выбарах, і гэта была стратэгічная памылка рэжыму. Аб'яднаныя штабы на чале з Марыяй Калеснікавай, Веранікай Цапкалай і Святланай Ціханоўскай як галоўным кандыдатам ад дэмакратычных сілаў Беларусі даказалі, што пераменаў у краіне хоча не апазіцыя, а большасць.

    9 жніўня, у дзень выбараў прэзідэнта рэжым не змог годна вытрымаць паразы – і запусціў машыну гвалту над беларускім народам. 10 жніўня Святлану Ціханоўскую маніпулятыўна выставілі з краіны. Аднак гісторыя яднання не скончылася нават у гэты момант. Святлана, як і ўвесь беларускі народ, працягнула барацьбу, але ўжо ў вымушанай эміграцыі ў Вільні. Справаздачы незалежных назіральнікаў і сумленных, а не сфальсіфікаваных пратаколаў з выбараў паказалі, што менавіта Святлана – лідар, абраны народам Беларусі. Яна мае легітымнасць, каб стаць прэзідэнтам пераходнага перыяду – і дамагчыся трох галоўных мэтаў яе штабу:

    1. Спыніць гвалт у дачыненні мірных беларусаў;

    2. Вызваліць палітычных зняволеных;

    3. Правесці новыя дэмакратычныя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

     

    Таймлайн

    6 мая блогер і стваральнік youtube-канала “Страна для жизни” Сяргей Ціханоўскі абвясціў, што мае намер стаць кандыдатам у прэзідэнты Беларусі.

    15 мая Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі адмовіла Сяргею Ціханоўскаму ў рэгістрацыі яго ініцыятыўнай групы.

    20 траўня Святлана Ціханоўская рэгіструе сваю ініцыятыўную групу па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты.

    29 траўня на перадвыбарчым пікеце ў падтрымку Святланы Ціханоўскай пасля правакацыі затрымалі Сяргея. Ён знаходзіцца пад арыштам і сёння. Міжнародныя арганізацыі прызналі яго палітычным вязнем.

    15 чэрвеня Святлана паведаміла, што сабрала неабходныя 100 тысяч подпісаў для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Беларусі.

    18 чэрвеня па неафіцыйным указе прэзідэнта Лукашэнкі затрыманы вылучэнец у кандыдаты на прэзідэнцкіх выбарах Віктар Бабарыка – па сфальшаванай крымінальнай справе. Беларусы выходзяць на мірныя пратэсты, ствараючы ланцугі салідарнасці.

    19 чэрвеня беларусы працягваюць мірныя пратэсты. Апошні дзень збору подпісаў для вылучэння ў кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі. Хутка ў краіне пачынаюцца рэпрэсіі.

    24 чэрвеня сканчваецца фармаванне ўчастковых выбарчых камісій. Беларусам масава адмаўляюць у рэгістрацыі ў камісіях. Яны фармуюцца з прыхільныкаў рэжыму.

    30 чэрвеня Святлана Ціханоўская падала дакументы ў Цэнтральную выбарчую камісію для ўдзелу ў выбарах.

    14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў Святлану Ціханоўскую ў якасці кандыдата. Тым часам, беспадстаўна адмовілі ў рэгістрацыі Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу. Лукашэнка ліквідуе сваіх мацнейшых апанентаў. У краіне працягваюцца пратэсты.

    16 ліпеня Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала абвяшчаюць аб аб'яднанні трох перадвыбарчых штабоў: Ціханоўскай, Бабарыкі і Цапкалы.

    19 ліпеня Ціханоўская і аб'яднаны штаб пачынаюць праводзіць пікеты па Беларусі. На агітацыйнае мерапрыемства ў Мінску прыйшло больш за 7 тысяч чалавек. Беларусы яшчэ не ведаюць, што праз пару тыдняў на такім жа мітынгу будзе ў 9 разоў больш людзей.

    30 ліпеня ў Мінску праводзіцца найбуйнейшы мітынг у падтрымку Святланы Ціханоўская, на якім таксама выступілі Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала. Паводле ацэнак праваабаронцаў, на ім прысутнічала каля 63 тысяч чалавек.

    4 жніўня пачынаецца датэрміновае галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. Незалежных назіральнікаў масава пазбаўляюць магчымасці ажыццяўляць сваю працу. Заўважаны мноства парушэнняў і фальсіфікацыя яўкі.

    9 жніўня праводзяцца выбары ў прэзідэнты Беларусі. Назіральнікі працягваюць фіксаваць парушэнні. Грамадзяне масава прыходзяць галасаваць на ўчасткі, а ўвечары чакаць вынікаў падліку. Здараюцца канфлікты з камісіямі, грамадзян пазбаўляюць магчымасці даведацца пра вынікі. На многіх участках па краіне паведамляюць, што Святлана Ціханоўская набрала большасць галасоў. Аднак паводле дадзеных экзіт-пола, каля 80% галасоў было аддадзеных за Лукашэнку. Увечары беларусы масава выходзяць на мірныя пратэсты па ўсёй краіне супраць фальсіфікацыі выбараў. Улады жорстка душаць пратэсты, выкарыстоўваючы гумовыя кулі і светлашумавыя гранаты. Ёсць інфармацыя пра першыя ахвяры. Адбываюцца масавыя затрыманні.

    10 жніўня становіцца вядома, што паводле афіцыйных звестак, Лукашэнка набраў 80,8% галасоў, Ціханоўская – 10,9%. Святлана Ціханоўская падае скаргу ў ЦВК па выніках выбараў, але ўлады праводзяць там з ёй закрытую размову і вывозяць з Беларусі ў Літву. Працягваюцца масавыя мірныя пратэсты і неправамерныя дзеянні сілавікоў у адказ.

    12 жніўня жанчыны праводзяць на вуліцах Мінска першы марш супраць гвалту пасля падзей 9-11 жніўня. Традыцыйна яны сталі праходзіць кожную суботу.

    14 жніўня Святлана Ціханоўская паведамляе аб стварэнні Каардынацыйнай рады. З самага яе ўзнікнення рэжым палітычна пераследваў чальцоў прэзідыюму і асноўнага складу. Сёння чальцы прэзідыюму знаходзяцца або пад арыштам, або па-за межамі Беларусі.

    16 жніўня беларусы выходзяць на першы нядзельны мітынг – Марш свабоды. Паводле падлікаў журналістаў, у ім прынялі ўдзел каля 220 тысяч чалавек. Мірны пратэст паказвае салідарнасць беларускага народа – супраць гвалту з боку сілавікоў, супраць фальсіфікацыі выбараў, палітычных пераследаў і арыштаў, рэжыму Лукашэнкі. З таго дня масавыя маршы праходзяць у краіне кожную нядзелю.

    25 жніўня Святлана Ціханоўская выступае ў Еўрапейскім парламенце на пасяджэнні Камітэта па замежных справах, дзе абмеркоўвае сітуацыю ў Беларусі.

    4 верасня лідар дэмакратычнай Беларусі выступае з дакладам на пасяджэнні Рады Бяспекі ААН.

    7 верасня сілавікі выкрадаюць Марыю Калеснікаву, кіраўніцу штабу Віктара Бабарыкі і чальца прэзідыюму Каардынацыйнай рады. На наступны дзень яе гвалтоўна спрабуюць вывезці з Беларусі, аднак Марыя сабатуе аперацыю сілавікоў. З таго часу Марыя знаходзіцца пад арыштам у СІЗА на Валадарскага.

    8 верасня Святлана выступае ў Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы.

    21 верасня Святлана Ціханоўская выступае на пасяджэнні Камітэта па міжнародных справах Еўрапейскага парламенту, дзе заклікае прызнаць нелегітымнасць Аляксандра Лукашэнкі, вызваліць палітвязняў, накласці індывідуальныя санкцыі на прадстаўнікоў рэжыму і г.д.

    29 верасня ў Вільні Святлана Ціханоўская сустракаецца з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам.

    29 верасня беларускі лідар прызначае прадстаўніком па правах чалавека Гары Паганяйлу, а па эканамічных рэформах – Алеся Аляхновіча.

    5 кастрычніка Святлана называе новых прадстаўнікоў. Алана Гебрэмарыям становіцца прадстаўніцай па справах моладзі і студэнтаў. Старшынём Камісіі па канстытуцыйнай рэформе прызначаецца Мечыслаў Грыб, каардынатарам Камісіі – Анатоль Лябедзька. Старэйшым палітычным дарадцам Святланы Ціханоўскай становіцца Аляксандр Дабравольскі, дарадцам па міжнародных дачыненнях – Франак Вячорка.

    6 кастрычніка Святлана Ціханоўская сустракаецца з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Меркель з мэтай абмеркавання сітуацыі ў Беларусі.

    8 кастрычніка Святлана сустракаецца з прэзідэнтам Славаччыны Зузанай Чапутавай.

    10 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прыяджае ў СІЗА для размовы з палітычнымі вязнямі. Увечары Сяргею Ціханоўскаму даюць упершыню з моманту арышту патэлефанаваць жонцы.

    13 кастрычніка беларускі лідар абвяшчае пра тое, што 25 кастрычніка ў Беларусі адбудзецца Народны Ультыматум. Яго патрабаваннямі сталі: 1. Лукашэнка павінен аб'явіць аб сыходзе. 2. Гвалт на вуліцах павінен спыніцца цалкам. 3. Усе палітвязні павінны быць вызваленыя. У якасці наступстваў невыканання ультыматума – Народная забастоўка з 26 кастрычніка.

    16 кастрычніка Святлана Ціханоўская сустракаецца з міністрам замежных спраў Канады Франсуа-Філіпам Шампанем.

    22 кастрычніка беларускі народ становіцца пераможцам штогадовай прэміі Еўрапейскага парламенту «За свабоду думкі» імя Сахарава.

    25 кастрычніка ў Менску беларусы выходзяць на нядзельны мірны пратэст у знак Народнага ўльтыматуму.

    26 кастрычніка па ўсёй Беларусі пачалася Народная забастоўка. Яе падтрымалі працоўныя дзяржаўных заводаў, буйныя прыватныя кампаніі і малы бізнес, студэнты і выкладчыкі, медыкі, работнікі культуры.

    13 лістапада Святлана Ціханоўская аб'яўляе Народны Трыбунал і амністыю за захоп Лукашэнкі і членаў яго тэрарыстычнай групоўкі.

    Апошнія навіны