12 лістапада, на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Дубліне, Святлана Ціханоўская паразмаўляла з прэм’ер-міністрам Канады Маркам Карні.
Яны абмеркавалі ход перамоваў аб завяршэнні вайны ва Украіне і будучыню Беларусі. Ціханоўская падкрэсліла, што мір павінен быць справядлівым і трывалым, а Беларусь не павінна застацца пад кантролем Расіі.
«Нельга саступаць дыктатарам. Мы ўсе хочам міру, але не коштам незалежнасці іншых народаў. Для беларусаў вельмі важна, каб у выніку перамоваў наша краіна не стала суцяшальным прызам для Пуціна. Беларусь не павінна быць разменнай манетай. Без свабоднай і незалежнай Беларусі не будзе трывалай бяспекі ў рэгіёне»,
— адзначыла Ціханоўская.
Асобна абмеркавалі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку — на беларускія калійныя ўгнаенні, а таксама далейшую палітыку міжнароднага ціску на рэжым да дасягнення сістэмных змен у Беларусі. Канада з’яўляецца адным з найбуйнейшых у свеце вытворцаў калійных угнаенняў.
Ціханоўская падзякавала Канадзе за паслядоўную падтрымку беларускага народа і беларускай грамадзянскай супольнасці.
