12 лістапада, перад пачаткам саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Дубліне, Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу са старшынёй Еўрапейскай камісіі Урсулай фон дэр Ляен.
Ціханоўская падзякавала Еўрапейскаму саюзу за паслядоўную падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі, а таксама за дапамогу Украіне ў супрацьстаянні расійскай агрэсіі. Яна падкрэсліла, што будучыня Беларусі і Украіны непарыўна звязаная, а свабодная і незалежная Беларусь зробіць усю Еўропу больш бяспечнай.
Ціханоўская абмеркавала з фон дэр Ляен захаванне і ўзмацненне еўрапейскіх праграм дапамогі беларускім незалежным медыям, праваабаронцам, грамадзянскай супольнасці, культурным ініцыятывам, моладзі і людзям, якія пацярпелі ад рэпрэсій.
Святлана Ціханоўская:
«Беларускія незалежныя медыі штогод дасягаюць мільёнаў беларусаў. Яны даносяць праўду, супрацьстаяць расійскай прапагандзе і дапамагаюць людзям не губляць сувязь са свабодным светам.
Нашы праваабаронцы ратуюць людзей ад пераследу, дапамагаюць палітвязням і іх сем’ям. Культурныя дзеячы захоўваюць беларускую мову, культуру і нацыянальную ідэнтычнасць. А моладзевыя і адукацыйныя праграмы выхоўваюць новае пакаленне беларусаў, якія бачаць сваю будучыню ў Еўропе.
Гэта тое, што дапамагае беларускаму грамадству выстаяць, захоўваць сваю еўрапейскую ідэнтычнасць і рыхтавацца да дэмакратычных пераменаў».
