Святлана Ціханоўская правяла брыфінг для дыпламатаў краін Лацінскай Амерыкі і Еўропы пры падтрымцы амбасадаркі Іспаніі Вікторыі Артэгі Гуцьерэс. У сустрэчы ўзялі ўдзел амбасадары Бразіліі, Чылі, Панамы, Партугаліі і Іспаніі.
Ціханоўская заклікала дыпламатаў падтрымліваць Беларусь на міжнароднай арэне, у тым ліку падтрымліваць мандат Спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і мандат Групы незалежных экспертаў ААН па правах чалавека ў Беларусі. Таксама яна заклікала дапамагаць беларусам, якія сутыкаюцца з праблемамі з дакументамі і прававым статусам за мяжой.
Асобна Святлана Ціханоўская адзначыла досвед краін Лацінскай Амерыкі ў аднаўленні справядлівасці і дэмакратычных інстытутаў пасля дыктатур.
Таксама беларуская лідарка прапанавала чатыры практычныя крокі для падтрымкі беларусаў:
«Першае: мы былі б рады арганізаваць сумесныя мерапрыемствы, дыскусіі, канферэнцыі, універсітэцкія праграмы і праекты з вашымі пасольствамі.
Па-другое, трымайце Беларусь на міжнародным парадку дня, асабліва ў Генеральнай Асамблеі ААН і Савеце па правах чалавека ААН. Вашы галасы і вашы галасаванні маюць значэнне.
Па-трэцяе, гаварыце пра нашых палітычных зняволеных і правы чалавека. Згадвайце Беларусь у вашых прамовах і зносінах. Разгледзьце магчымасць далучэння да Міжнароднага гуманітарнага фонду для ахвяр рэпрэсій; нават невялікі ўнёсак стане моцным сігналам салідарнасці.
І, нарэшце, калі ласка, дапамажыце беларусам у вашых краінах, якія сутыкаюцца з праблемамі з пашпартамі, дакументамі і прававым статусам. У некаторых краінах Лацінскай Амерыкі беларусы ўжо сутыкаліся з затрыманнямі і рызыкай дэпартацыі. Важна, каб беларусы, якія не могуць бяспечна вярнуцца ў Беларусь, не былі дэпартаваныя туды і маглі атрымаць статус бежанца або іншую неабходную міжнародную абарону».
