Святлана Ціханоўская: «Беларуская культура заўсёды была побач з намі, і часам у не вельмі заўважных рэчах. То вышыўку пабачыш у кагосьці на кашулі ці пачуеш вельмі знаёмую з дзяцінства песню. У размове праскочыць слова, якое ведаюць толькі беларусы. І вось так беларуская культура хаваецца за кожным куточкам. Яна ў Купаллі і любімых кнігах, у святах, вопратцы, а галоўнае ва ўласным адчуванні, што гэта — маё, гэта — пра нас.
І таму бачыць, як у Беларусі гэта адчуванне спрабуюць выціснуць з жыцця людзей вельмі балюча.
За апошнія тыдні зачыніліся Honar, LSTR Adzenne і Ragna. Было адменена святкаванне Купалля ў «Дукорскім маёнтке» пад Мінскам і фестываль «Наш Грунвальд». Затое на «Славянскім базары» выступаць будут артысты, якія падтрымліваюць вайну, гвалт і імперскае стаўленне да іншых народаў.
Так беларусам навязваюць думку, што свайго трэба саромецца або баяцца. Што беларуская мова, гісторыя, традыцыі гэта нешта падазронае. Што лепш маўчаць, не вылучацца, не спяваць сваё, не насіць сваё, не святкаваць сваё.
Але ж нашую культуру нельга проста адмяніць, бо яна жыве ў кожным з нас. Мы заўсёды захоўваем яе ў нашым сэрцы. Беларускасць можа быць рознай: ціхай і гучнай, традыцыйнай і вельмі сучаснай, у вышыванцы і ў худзі, у народным спеве і ў новай песне. Гэта тое, кім мы ёсць. І ніякія забароны не змогуць гэта змяніць».
