Святлана Ціханоўская накіравала лісты Маршалку Вармінска-Мазурскага ваяводства і кіраўніцтву Музея Грунвальдскай бітвы з просьбай разгледзець магчымасць усталявання на Грунвальдскім полі гістарычнага бел-чырвона-белага сцяга. Такім чынам яна падтрымала грамадскую ініцыятыву беларусаў, пад якой ужо сабрана больш за тысячу подпісаў беларускіх палітыкаў, культурных і грамадскіх дзеячаў, гісторыкаў і актывістаў.
У сваім лісце Ціханоўская адзначыла, што Грунвальдская бітва — гэта супольная спадчына палякаў, беларусаў, літоўцаў, украінцаў і іншых народаў, якія разам абаранялі свабоду. Для беларусаў гэта адна з ключавых дат нацыянальнай гісторыі, а бел-чырвона-белы сцяг сімвалізуе гістарычную пераемнасць беларускай дзяржаўнасці і сучасную барацьбу за свабоду.
«Кожны год сотні беларусаў прыязджаюць на Грунвальдскае поле, каб ушанаваць гэтую перамогу. На жаль, у самой Беларусі ўлады мэтанакіравана выціскаюць памяць пра Грунвальдскую бітву і замяняюць яе расійскімі гістарычнымі наратывамі. Таму так важна захаваць гэтае месца як сімвал нашай агульнай еўрапейскай гісторыі», — адзначыла Ціханоўская.
У Офісе разумеюць, што сёлета рэалізаваць такую ініцыятыву ўжо практычна немагчыма. Аднак мы спадзяемся, што мясцовыя ўлады і арганізатары святкаванняў змогуць разгледзець гэтую прапанову пры падрыхтоўцы наступных угодкаў Грунвальдскай бітвы.
