• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Візіт у Гаагу і запуск міжпарламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь» пры АБСЕ. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 29 чэрвеня – 5 ліпеня

    06 ліпеня, 2026

    НА ПАЛЯХ СЕСІІ ПАРЛАМЕНЦКАЙ АСАМБЛЕІ АБСЕ БЫЛА ЗАПУШЧАНАЯ ГРУПА «ЗА ДЭМАКРАТЫЧНУЮ БЕЛАРУСЬ».

    4 ліпеня ў Гаазе была запушчаная міжпарламенцкая група «За дэмакратычную Беларусь». Ініцыятыва аб’яднала 35 парламентарыяў з 17 краінаў. Парламенцкая група пры АБСЕ будзе каардынаваць падтрымку дэмакратычных сілаў і трымаць беларускае пытанне ў цэнтры ўвагі АБСЕ. У сваім выступе Святлана Ціханоўская падзякавала парламентарыям за падтрымку Беларусі і падкрэсліла, што пытанне свабоднай Беларусі — гэта пытанне еўрапейскай бяспекі.

    ПРАМОВА СВЯТЛАНЫ ЦІХАНОЎСКАЙ ДА 3 ЛІПЕНЯ

    3 ліпеня адзначаецца вызваленне Мінска ад нацысцкай акупацыі. Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з гэтай нагоды: «Незалежнасць пачынаецца з простых рэчаў: магчымасці жыць дома і выхоўваць дзяцей, размаўляць на сваёй мове, выбіраць уладу і ведаць, што ніхто не распараджаецца тваёй краінай замест цябе. Менавіта такой Беларусь і павінна быць: без бясконцых рэпрэсій, без расійскай ваеннай прысутнасці і саўдзелу ў вайне. Беларусь, якая з’яўляецца бяспечным домам для свайго народа і самастойна вызначае сваю будучыню».

    СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ НАВЕДАЛА ХУТАР «МРОЯ»

    Святлана Ціханоўская разам з Паўлам Латушкам, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і беларускай дыяспары наведала хутар «Мроя», які знаходзіцца непадалёк ад беларускай мяжы. Хутар набылі Сяргей Гунь і Наталля Цюлюпава, вымушаныя пераехаць з Беларусі ў Польшчу праз палітычны пераслед. Цяпер яны будуюць экавёску — «частку нашай краіны са сваім асаблівым вайбам». Гаспадары правялі экскурсію і распавялі гісторыю стварэння хутара. На свята Купалля тут сабралася больш за 50 чалавек. Разам з удзельнікамі Святлана Ціханоўская пляла купальскія вянкі, вадзіла карагоды і спявала беларускія песні.

    СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ ПРАКАМЕНТАВАЛА ЎДАР ПА АЎТОБУСЕ З БЕЛАРУСАМІ НА ТЭРЫТОРЫІ РАСІІ

    1 ліпеня дрон прыляцеў у пасажырскі аўтобус на мяжы Расіі і Беларусі. Аўтобус ехаў з Мінска ў Анапу праз Гомель і Добруш. Унутры былі два кіроўцы і 12 пасажыраў. Святлана Ціханоўская: «Ужо другі раз за два тыдні аўтобус з беларусамі трапляе пад удар на тэрыторыі Расіі. У чарговы раз нашыя людзі становяцца ахвярамі злачыннай вайны, якую Расія развязала супраць Украіны, і працягвае ўцягваць у яе і нашую Беларусь.

    Гэта таксама наступствы безадказнай палітыкі Лукашэнкі і рэжымнай прапаганды, якія зацята гэтую вайну падтрымліваюць, і тых прадстаўнікоў улады, якія ігнаруюць пагрозы і працягваюць адпраўляць беларусаў у Расію».

    ВЫЗВАЛЕННЕ 28 ПАЛІТВЯЗНЯЎ

    Святлана Ціханоўская пракаментавала вызваленне 28 палітвязняў: «Навіна пра вызваленне 28 палітвязняў — гэта перадусім палёгка для іх родных: для тых, хто быў разлучаны з блізкімі і жыў надзеяй на момант сустрэчы.

    І пры гэтым нельга забывацца: у беларускіх турмах па-ранейшаму застаюцца сотні палітвязняў, і ўсе яны павінны быць вызваленыя.

    Мы чакаем дома кожнага і кожную». 

    НОВЫ ВЫПУСК «ЯК ЁСЦЬ» З АНАТОЛЕМ ЛЯБЕДЗЬКАМ

    Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька адказаў на галоўныя пытанні пра палітычныя падзеі апошніх тыдняў: ультыматум Зяленскага для Беларусі, выгада ад уцягвання краіны ў вайну, праца новай Каардынацыйнай Рады, што адбылося вакол рэзалюцыі Еўрапейскага парламента аб беларускіх палітвязнях.

    МЕДЫЯ: 

    AP News (міжнароднае), Gazeta Prawna (Польшча), Новини. LIVE (Украіна), Новини. LIVE (Украіна), Новини. LIVE (Украіна), Новини. LIVE (Украіна), БелСАТ (Беларусь).

    Апошнія навіны