Сёння па ўсёй Беларусі праходзяць ператрусы і допыты ў людзей, якія так ці інакш звязаныя з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам. Паводле паведамленняў, сілавікі пагражаюць родным студэнтаў крымінальным пераследам, калі іх дзеці не адлічацца з ЕГУ.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў пракаментаваў сітуацыю:
«Тое, што ўлады сапраўды распачалі крымінальны пераслед людзей за сувязь з ЕГУ, — гэта чарговае пацвярджэнне таго, што рэпрэсіі ў Беларусі ўжо даўно накіраваныя не толькі супраць палітычных апанентаў, але і супраць адукацыі, акадэмічнай свабоды і права чалавека на атрыманне ведаў. Гэтыя навіны сведчаць не пра сілу дзяржавы, а пра яе страх перад свабоднымі, адукаванымі і незалежнымі грамадзянамі. Крымінальнае права не можа выкарыстоўвацца як інструмент барацьбы з універсітэтамі і акадэмічнай свабодай.
Асаблівае абурэнне выклікаюць паведамленні пра ціск на родных студэнтаў і пагрозы крымінальнага пераследу членам сем’яў. Такія метады з’яўляюцца формай калектыўнага пакарання і несумяшчальныя з прынцыпамі права і міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі.
ЕГУ быў створаны як прастора свабоднай адукацыі для беларусаў. Спробы крыміналізаваць сувязь з універсітэтам — гэта атака на будучыню Беларусі і яе маладое пакаленне.
Мы заклікаем міжнародных партнёраў, праваабарончыя арганізацыі, еўрапейскія ўніверсітэты і дэмакратычныя інстытуты не пакідаць гэтую сітуацыю без увагі, публічна адрэагаваць на новы віток рэпрэсіяў і падтрымаць студэнтаў і выкладчыкаў».
