Сёння ў Лондане Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Кірам Стармерам.
Падчас сустрэчы яна падзякавала Вялікабрытаніі за паслядоўную падтрымку дэмакратычнай Беларусі, непрызнанне рэжыму Лукашэнкі і санкцыі супраць прадстаўнікоў рэжыму. Асобна Ціханоўская адзначыла два раўнды стратэгічных кансультацый, якія прайшлі паміж Вялікабрытаніяй і беларускімі дэмакратычнымі сіламі ў 2025 і 2026 гадах, запрашэнне Беларусі да ўдзелу ў Саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў 2024 годзе, а таксама падтрымку беларускіх праваабарончых і грамадзянскіх ініцыятываў. У 2024 годзе Вялікабрытанія абвясціла пра 2,5 мільёна фунтаў на падтрымку беларускіх праваабарончых і грамадзянскіх ініцыятываў.
Што абмеркавалі?
– неабходнасць далейшай падтрымкі незалежных медыя і грамадзянскай супольнасці;
– вызваленне і падтрымку палітвязняў;
– падтрымку Украіны і ролю дэмакратычнай Беларусі ў еўрапейскай бяспецы;
– развіццё стратэгічных кансультацый паміж Вялікабрытаніяй і дэмакратычнымі сіламі;
– пытанне адказнасці рэжыму Лукашэнкі за злачынствы, у тым ліку ў кантэксце выкрадання ўкраінскіх дзяцей і міжнародных механізмаў правасуддзя;
– бягучую сітуацыю ў Беларусі і працяг рэпрэсій;
– сінхранізацыю палітыкі Вялікабрытаніі і Еўрасаюза па Беларусі, у тым ліку ў пытанні санкцый;
– неабходнасць уздымаць беларускае пытанне на міжнародных пляцоўках, у тым ліку ў межах G7 і G20 (Вялікабрытанія прыме старшынства ў G20 у 2027 годзе);
– залежнасць рэжыму Лукашэнкі ад Расіі.
Асобна Ціханоўская падкрэсліла, што падтрымка дэмакратычнай Беларусі важная для бяспекі ўсёй Еўропы, у тым ліку Вялікабрытаніі. Яна адзначыла, што беларускае грамадства застаецца праеўрапейскім і антываенным, а незалежныя медыя і грамадзянская супольнасць дапамагаюць беларусам унутры краіны атрымліваць праўдзівую інфармацыю і захоўваць сувязь з Еўропай.
Ціханоўская таксама адзначыла выключную ролю прэм’ер-міністра Стармера ў стварэнні «Кааліцыі ахвотных» у падтрымку Украіны. Яна падкрэсліла, што дэмакратычная Беларусь гатовая быць часткай міжнароднай падтрымкі Украіны, бо будучыня Беларусі і бяспека Украіны непасрэдна звязаныя.
Да таго ж, Ціханоўская заклікала Вялікабрытанію разгледзець магчымасць далучыцца да Міжнароднага гуманітарнага фонду.
Святлана Ціханоўская:
«Я ўдзячная прэм’ер-міністру Кіру Стармеру і Вялікабрытаніі за прынцыповую пазіцыю па Беларусі. Для нас вельмі важна, што Лондан працягвае падтрымліваць беларускае грамадства і не прызнае легітымнасць рэжыму Лукашэнкі.
Падтрымка дэмакратычнай Беларусі — гэта ўклад у бяспеку ўсёй Еўропы. Беларусь не павінна заставацца ў цені Расіі ці быць разменнай манетай у міжнародных перамовах. Беларусы хочуць жыць у свабоднай, незалежнай і еўрапейскай краіне.
Сёння нам важна, каб партнёры працягвалі падтрымліваць палітвязняў, незалежныя медыя, грамадзянскую супольнасць і ўсіх, хто захоўвае сувязь Беларусі з Еўропай».

02/06/2026. London, United Kingdom. Prime Minister Keir Starmer hosts Sviatlana Tsikhanouskaya, Belarusian opposition leader in 10 Downing Street. Picture by Simon Dawson / No 10 Downing Street