Сёння, 2 чэрвеня, у Гданьску праходзіць Форум імя Касцюшкі, прысвечаны ролі культуры і ідэнтычнасці ў часы палітычнага тупіку. Да адкрыцця форуму анлайн далучылася Святлана Ціханоўская.
Сярод гасцей і ўдзельнікаў форуму — намеснік міністра замежных справаў Польшчы Артур Харазім, намеснік мэра Гданьска Пётр Гжэляк, нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, галоўная рэдактарка «Белсата» Аліна Коўшык, а таксама прадстаўнікі Рады Еўропы і Еўрапейскай камісіі.
Ад Офіса Святланы Ціханоўскай у форуме ўдзельнічаюць старшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, намесніца дырэктара Станіслава Гліннік, дырэктарка Офіса ў Чэшскай Рэспубліцы Крысціна Шыянок, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка.
У сваёй прамове Ціханоўская падзякавала Еўрапейскаму цэнтру салідарнасці, польскім уладам і міжнародным партнёрам за падтрымку беларускай культуры, палітвязняў і беларусаў у выгнанні. Яна падкрэсліла, што культура сёння дапамагае беларусам захоўваць сувязь адно з адным і супрацьстаяць русіфікацыі.
Святлана Ціханоўская:
«Чаму падтрымка беларускай культуры, культурных сувязяў, нацыянальнай ідэнтычнасці мае такое значэнне цяпер?
Па-першае, культура служыць мостам паміж беларусамі па абодва бакі мяжы. Калі сотні тысячаў апынуліся ў выгнанні, праз мову, літаратуру, музыку, тэатр, супольную памяць мы захоўваем сувязь адно з адным.
Па-другое, нацыянальная ідэнтычнасць — найважнейшы інструмент супраціву рускаму міру. Нездарма Расія праводзіць гвалтоўную русіфікацыю, як у Беларусі, так і на акупаваных тэрыторыях Украіны.
Па-трэцяе, культура — гэта таксама элемент бяспекі. Моцная нацыянальная ідэнтычнасць робіць грамадства больш устойлівым да прапаганды і спробаў знешняга кантролю.
І, нарэшце, культура — гэта тое, што яднае нас з Еўропай. Беларусь гістарычна была часткай еўрапейскай культурнай прасторы і агульнаеўрапейскай спадчыны. І падтрымліваючы культуру, мы ўзмацняем еўрапейскасць беларускага грамадства».
