11 траўня Святлана Ціханоўская выступіла на круглым стале ў Стакгольмскім цэнтры даследаванняў Усходняй Еўропы ў Стакгольме. У сваёй прамове яна заявіла, што сітуацыя вакол Беларусі застаецца супярэчлівай: вызваленне палітвязняў адбываецца на фоне працяглых рэпрэсій, а залежнасць рэжыму Лукашэнкі ад Расіі толькі паглыбляецца.
Гаворачы пра рэгіён у цэлым, Ціханоўская адзначыла, што ўплыў Расіі ўжо не ўспрымаецца як непазбежны. У прыклад яна прывяла Арменію, якая сёння шукае больш цесныя сувязі з Еўропай. Лідарка адзначыла, што беларусы таксама жадаюць рухацца ў гэтым кірунку.
Ціханоўская заклікала Еўропу рыхтавацца не толькі да палітыкі санкцый, але і да будучай трансфармацыі Беларусі — праз падтрымку незалежных медыя, грамадзянскай супольнасці, эканамічную мадэрнізацыю і доўгатэрміновую стратэгію рэінтэграцыі краіны ў еўрапейскую прастору.
«Тое, што адбываецца ў Арменіі, цікава не таму, што сітуацыі ў Беларусі і Арменіі аднолькавыя — яны такімі не з’яўляюцца, — а таму, што Арменія дэманструе, што постсавецкія дзяржавы ўсё яшчэ актыўна пераглядаюць свой геапалітычны вектар. Гадамі Расія пазіцыянавала сябе непазбежным цэнтрам прыцягнення для рэгіёна. Сёння гэтае меркаванне слабее. Краіны ўсё часцей шукаюць дыверсіфікаванае партнёрства, большую незалежнасць і больш трывалыя адносіны з Еўропай. Беларусь у канчатковым выніку будзе рухацца тым жа шляхам. І я лічу, што многія беларусы ўжо з гэтым згодныя. Ідэя, што ў Беларусі няма будучыні па-за сферай уплыву Расіі, становіцца менш пераканаўчай, асабліва сярод моладзі».
