Падчас працоўнага візіту ў Мадрыд Святлана Ціханоўская сустрэлася са спікерам Сената Іспаніі Педра Рольян Ахеда.
Удзел у сустрэчы таксама ўзялі: дыпламатычны дарадца Дзяніс Кучынскі, дарадца па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька, галоўны дарадца Франак Вячорка і Таццяна Марыніч — прадстаўніца беларускай супольнасці ў Мадрыдзе і заснавальніца Imaguru, намінаваная на пасаду кіраўніцы Офіса дэмакратычных сілаў у Мадрыдзе.
Асноўнае з сустрэчы:
- Абмеркавалі магчымасць стварэння дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь» у Сенаце.
- Закранулі перспектыву падпісання мемарандума аб супрацоўніцтве паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і Сенатам Іспаніі.
«Калі ў папярэдніх сустрэчах з прадстаўнікамі іншых парламентаў нам прыходзілася пераконваць ці прыводзіць нейкія аргументы, чаму гэта трэба, то тут усё было, так скажам, на двухбаковым узроўні і інтарэсаў. Таму ацэньваю вельмі высока, што мемарандум можа быць падпісаны, і Іспанія можа ўвайсці ў тройку парламентаў, з якімі мы гэта зробім у бягучым годзе», — Анатоль Лябедзька.
- Разглядзелі фармат супрацоўніцтва ў трохкутніку Беларусь — Венесуэла — Іспанія. Спікер выказаў зацікаўленасць у прапанове дэмакратычных сілаў зладзіць мерапрыемства ў такім фармаце цягам году.
- Абмеркавалі міжнароднае супрацоўніцтва.
«Я думаю, што іх прадстаўнікі даедуць на сустрэчу Альянса парламенцкіх групаў «За дэмакратычую Беларусь» у Лондане, калі збяруцца прадстаўнікі больш чым дваццаці парламентаў», — Анатоль Лябедзька.
Асноўную ўвагу падчас сустрэчы надалі пытанням падтрымцы палітвязняў: ад афіцыйных заяваў і рэзалюцыяў да публічных акцыяў салідарнасці ў Мадрыдзе. Педра Рольян Ахеда прапанаваў выходзіць за межы Сената і разглядаць больш шырокія фарматы падтрымкі Беларусі: магчымасць правядзення публічных акцыяў у Мадрыдзе і выкарыстанне візуальных інструментаў для прыцягнення ўвагі турыстаў і жыхароў Мадрыда да тэмы палітвязняў і сітуацыі ў Беларусі.
«Сёння мы пачулі, што Сенат Іспаніі адкрыты да супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і гатовы ўдзельнічаць у будучых парламенцкіх сустрэчах. Дзякуй Сенату Іспаніі і спікеру за падтрымку Беларусі — гэтая сустрэча паказала, што ў нас ёсць агульнае разуменне і гатоўнасць працаваць разам», — адзначыла Святлана Ціханоўская.
Сенат — верхняя палата парламента Іспаніі, якая разглядае законы, уносіць у іх папраўкі, можа іх ухваляць або адхіляць і прадстаўляе інтарэсы рэгіёнаў краіны.
