У Жэневе адбыўся брыфінг для амбасадараў пры Радзе ААН па правах чалавека, які Святлана Ціханоўская правяла для дэлегацыяў краінаў Еўрапейскага Саюза. Мерапрыемства прайшло пры падтрымцы Дэлегацыі ЕС пры ААН у Жэневе. У сустрэчы таксама ўзяў удзел дарадца па прававых пытаннях Леанід Марозаў.
Падчас сустрэчы Святлана Ціханоўская прадставіла актуальную ацэнку сітуацыі ў Беларусі і заклікала да ўзмацнення міжнароднага ціску на рэжым Лукашэнкі, захавання і ўзмацнення еўрапейскіх санкцыяў, падтрымкі палітвязняў і іх сем’яў, а таксама да развіцця механізмаў прыцягнення вінаватых да адказнасці праз міжнародныя судовыя інстанцыі.
Асобна абмяркоўваліся пытанні абароны беларусаў у выгнанні, гуманітарная дапамога вызваленым палітвязням і падрыхтоўка да дэмакратычных пераменаў у Беларусі.
«Без свабоднай і дэмакратычнай Беларусі не будзе доўгатэрміновай бяспекі ў Еўропе. Таму цяпер важна не аслабляць ціск на рэжым, а падтрымліваць беларускае грамадства і рыхтавацца да Беларусі пасля дыктатуры»,
— падкрэсліла Святлана Ціханоўская.
Дэмакратычныя сілы ўдзячныя Пастаяннай назіральніцы Еўрапейскага Саюза пры ААН у Жэневе Дайке Поцэль, а таксама яе намесніку Мікеле Чэрвоне д’Урса за дапамогу ў арганізацыі брыфінгу і няспынную падтрымку.
