У Берліне, адразу пасля Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу са старшынёй камітэта па замежных справах Бундэстагу Армінам Лашэтам, прадстаўніком кіруючай партыі — Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС).
Ціханоўская падзякавала Германіі і асабіста спадару Лашэту за падтрымку беларускай дэмакратычнай супольнасці, а таксама звярнула ўвагу на неабходнасць далейшай падтрымкі грамадзянскай супольнасці, незалежных медыя і культурніцкіх праектаў.
Ціханоўская распавяла пра працэс вызвалення палітвязняў і гуманітарнага трэку, які вядуюць Злучаныя Штаты. Пры гэтым яна падкрэсліла, што Еўрасаюз павінен захоўваць паслядоўную і прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да Беларусі, каб дабіцца спынення рэпрэсіяў і сістэмнага паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека. За кратамі застаюцца больш за 1150 чалавек, і неабходна працягваць ціск дзеля вызвалення ўсіх. Ціханоўская падзякавала Германіі, нямецкаму ўраду і МЗС, у прыватнасці за тое, што прапанавалі дапамогу і прынялі Марыю Калеснікаву і Віктара Бабарыку, заклікала прымаць больш палітвязняў, калі іх дэпартуюць з краіны.
Падчас сустрэчы таксама абмеркавалі супрацоўніцтва дэмакратычных сілаў з Украінай, а таксама грамадскія ініцыятывы і праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы за мяжой. Ціханоўская адзначыла, што Германія з’яўляецца адным з лідараў па колькасці выдадзеных шэнгенскіх візаў беларусам, і падкрэсліла важнасць захавання мабільнасці — у тым ліку для ўмацавання праеўрапейскіх настрояў і сувязяў паміж беларусамі ўнутры краіны і еўрапейскімі дзяржавамі. «Ізалюючы рэжым, важна падтрымліваць беларусаў», — адзначыла Ціханоўская.
Асобна абмеркавалі працу групы «За дэмакратычную Беларусь» у Бундэстагу, правядзенне супольных мерапрыемстваў з удзелам «хросных» парламентараў, якія ўдзельнічаюць у праграме Libereco і ўзялі шэфства над палітвязнямі, а таксама ініцыятыву правядзення Кангрэсу хросных.
