Сёння Святлана Ціханоўская знаходзіцца з працоўным візітам у Берліне, каб далучыцца да Сусветнага форуму па дэмакратыі, тэхналогіях і будучыні чалавецтва. Беларуская лідарка прыняла ўдзел у міжнародным воркшопе «Women’s Progress Dialogue», які праходзіць у межах форуму і прысвечаны прасоўванню гендарнай роўнасці і падтрымцы жаночага палітычнага ўдзелу. Падчас сесіі Ціханоўская выступіла разам з вядомымі сусветнымі лідаркамі і праваабаронцамі.
Сесію адкрыла былая дзяржаўная сакратарка ЗША Хілары Клінтан. Падчас воркшопу выступілі экс-прэзідэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце, першая жанчына — прэм’ер-міністарка Грэнландыі Алека Хаманд, былая міністарка замежных справаў і юстыцыі Ізраіля Цыпі Ліўні, а таксама лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру, журналістка і праваабаронца з Емена Таваккуль Карман. Мадэравала дыскусію галоўная вядоўца BBC Касія Мадэра.
У сваім выступе Святлана Ціханоўская нагадала, што сёння больш за 170 беларускіх жанчын застаюцца палітычнымі зняволенымі. Яна таксама ўзгадала гісторыю Марыі Зайцавай — беларускай добраахвотніцы, якая загінула на фронце ва Украіне ва ўзросце 24 гадоў.
Святлана Ціханоўская:
«Больш за 170 беларускіх жанчын застаюцца палітычнымі вязнямі. Многія з іх у белых халатах стаялі з кветкамі на вуліцах у 2020 годзе. Іншыя былі арыштаваныя за пратэст супраць вайны ў 2022 годзе. У турме яны сутыкаюцца з прыгнётам, жорсткім абыходжаннем, збіццём і катаваннямі. У іх менш правоў, чым у звычайных зняволеных. Гэта неабходна спыніць.
Я вельмі спадзяюся, што наша жаночая салідарнасць ва ўсім свеце дапаможа іх вызваліць.
Салідарнасць паміж жанчынамі — гэта больш, чым дабрыня, гэта сіла. Гэта наша стратэгія. Гэта як мы выстаім».
Па выніках сустрэчы абмяркоўваліся магчымыя міжнародныя меры падтрымкі — ад узмацнення дапамогі незалежным медыя і грамадзянскай супольнасці ў краінах рызыкі да санкцыяў супраць асобаў, адказных за палітыку гендарных рэпрэсіяў. Асобная ўвага была нададзена неабходнасці павелічэння ўдзелу жанчын у палітыцы.
