Падчас Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Святлана Ціханоўская выступіла перад MSC Young Leaders — праграмай для маладых палітычных лідараў з усяго свету. У зале былі прадстаўнікі ўрадаў і парламентаў, палітыкі з розных краінаў, у тым ліку з ЗША, Вялікабрытаніі, Індыі, Турцыі, Пакістана, Германіі і іншых дзяржаваў.
Сустрэча працягвалася больш за гадзіну і прайшла ў фармаце выступу і адкрытых пытанняў.
Асноўныя тэмы размовы:
– Палітвязні і ціск на рэжым. Гаварылі пра перамовы з ЗША па вызваленні палітвязняў, умовы ў беларускіх турмах і санкцыі. Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што ціск на рэжым застаецца важным інструментам для вызвалення людзей.
– Бяспека і пагрозы. Абмеркавалі размяшчэнне ядзернай зброі і падкрэслілі, што Расія працягвае эскалацыю, і гэта пагроза не толькі для суседніх краінаў, але і для ўсёй Еўропы.
– Вайна ва Украіне. Святлана Ціханоўская адзначыла, што важна ўлічваць беларускі фактар у агульнай карціне вайны. Яна падкрэсліла, што ні Лукашэнка, ні Пуцін не зацікаўленыя ў хуткім заканчэнні вайны і выкарыстоўваюць яе як інструмент утрымання ўлады.
Да таго ж, закранулі пытанне «ваеннай эканомікі» у Беларусі, працу дэмакратычных сілаў і выбары ў Каардынацыйную Раду, праблему пашпартоў для беларусаў за мяжой і праект нацыянальнага пашпарта «Новай Беларусі».
Асобна лідарка прадставіла даклад BELPOL пра ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне і «Red Paper» па еўрапейска-беларускай бяспецы.
