Святлана Ціханоўская сустрэлася з Генеральнай сакратаркай Парламенцкай Асамблеі НАТА Бенедэтай Берці, якая атрымала ганаровае званне моладзевай лідаркі Мюнхенскай канферэнцыі ў 2013 годзе.
Сустрэча прайшла ў фармаце двухбаковай размовы і была прысвечаная пытанням бяспекі Беларусі і рэгіёну.
У размове абмеркавалі, як за апошнія гады Беларусь фактычна ператварылася ў ваенны плацдарм Расіі ў Еўропе: тэрыторыя краіны выкарыстоўваецца для размяшчэння расійскіх войскаў і наступальнага ўзбраення, у тым ліку магчымых тактычных ядзерных сродкаў, а таксама як інструмент стратэгічнага ціску на ўсходні фланг НАТА.
Асобна падкрэслілі, што поўная ваенная прысутнасць Расіі ў Беларусі стварае дадатковыя рызыкі для ўсёй Еўропы. Таму любыя перамовы пра заканчэнне вайны ва Украіне павінны ўлічваць беларускі фактар і пытанне вываду расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі. Ціханоўская падзялілася справаздачай BELPOL пра бяспекавую сітуацыю, а таксама пра тое, як рэжым дапамагае ў вайне, і прапанавала зрабіць закрыты брыфінг для Парламенцкай асамблеі НАТА па ваенна-палітычных падзеях. Яна таксама распавяла пра працу Міжпарламенцкага альянсу «За дэмакратычную Беларусь», куды ўваходзіць больш за 20 парламентаў.
Падчас сустрэчы таксама ўздымаліся тэмы:
– гібрыдных аперацыяў рэжыму;
– інтэграцыі абароннай прамысловасці Беларусі ў патрэбы Расіі.
Святлана Ціханоўская:
«Цяпер вельмі важна не згубіць фокус Беларусі, таму што Расія працягвае мілітарызаваць Беларусь і ўцягваць Беларусь у вайну».
Святлана Ціханоўская і Бенедэтта Берці таксама дамовіліся правесці сумесныя публічныя і непублічныя мерапрыемствы па пытанні Беларусі ў траўні, калі адбудзецца вясновая сесія Парламенцкай асамблеі НАТА ў Вільні. Таксама абмеркавалі супольны выступ Ціханоўскай на пленарнай асамблеі і ўдзел дэлегацыі дэмакратычных сілаў у Парламенцкай асамблеі НАТА.
