• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская сустрэлася з вызваленымі палітвязнямі ў Варшаве

    15 студзеня, 2026

    14 студзеня Святлана Ціханоўская правяла шэраг сустрэчаў з беларусамі ў Варшаве. Разам з Паўлам Латушкам яна сустрэлася з палітвязнямі, якія былі вызваленыя ў снежні і дэпартаваныя ва Украіну, а пасля перавезеныя ў Польшчу. 

    Падчас сустрэчы абмеркавалі пытанні легалізацыі, уладкавання жыцця ў Польшчы, магчымасці для наступных вызваленняў і праблемы бяспекі. У сустрэчы ўзялі ўдзел больш за 40 вызваленых палітвязняў, якія цяпер знаходзяцца ў Варшаве.

    «Я ў вялікім захапленні ад нашых беларусаў — ад валанцёраў, ініцыятываў і ад мужнасці вызваленых палітвязняў. Ніхто не скарыўся, не зламаўся. Людзі вераць у нашую справу і кожны робіць усё, што можа. Мы павінны берагчы і падтрымліваць адно аднаго. Салідарнасць — гэта нашая зброя, якая нас узмацняе і не дае нашай справе, нашаму руху згаснуць. Я проста хачу сказаць кожнаму і кожнай вялікі дзякуй», — сказала Святлана Ціханоўская.

    Перад сустрэчай з палітвязнямі Святлана Ціханоўская таксама наведала выставу, якая адкрылася ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве, — «Кропка ўваходу — 123», прысвечаную «турэмнаму скарбу» 123 дэпартаваных палітвязняў. Выстава афіцыйна адкрыецца праз некалькі дзён. На ёй прадстаўлена каля 30 артэфактаў, якія належалі некаторым з 123 палітвязняў, дэпартаваных 13 снежня: рэчы з мужчынскіх і жаночых калоніяў (у тым ліку прадметы, забароненыя ў зняволенні), рэчы, звязаныя з працэдурай дэпартацыі (пакет ад сухпайка КДБ, балаклава і іншае), заначкі з чайнымі пакецікамі, алюмініевая лыжка, мыла, ануча, цёплая бялізна.

    Акрамя таго, 14 студзеня Святлана Ціханоўская правяла сустрэчы з кіраўніцай Місіі дэмакратычных сілаў Беларусі ва Украіне Святланай Шацілінай, а таксама з прадстаўнікамі BelPol.

    Апошнія навіны