У межах працоўнага візіту ў Талін Святлану Ціханоўскую прыняў міністр унутраных справаў Эстоніі Ігар Таро. Бакі абмеркавалі ваенна-палітычную сітуацыю ў Беларусі, праблемы беларускай дыяспары, а таксама далейшае ўмацаванне двухбаковага супрацоўніцтва.
У Эстоніі цяпер пражываюць да 3000 беларусаў, дзейнічаюць дзясяткі арганізацыяў дыяспары і НДА, якія працягваюць працаваць для падтрымкі беларусаў у выгнанні. Святлана Ціханоўская падзякавала міністру за ўсёабдымную падтрымку беларусаў, за паслядоўную пазіцыю Эстоніі на міжнароднай арэне і за тое, што краіна працягвае прымаць людзей, якія ўцякаюць ад пераследу.
Падчас сустрэчы абмеркавалі пытанні, важныя для беларусаў у Эстоніі і па-за яе межамі:
- выкарыстанне пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў для атрымання дакументаў і прававых працэдураў;
- выдачу пашпартоў замежніка беларусам, якія не могуць аднавіць нацыянальныя дакументы;
- верыфікацыю беларусаў і арганізацыяў, што працуюць у Эстоніі;
- дапамогу беларусам, якія апынуліся ў складанай сітуацыі ў трэціх краінах;
- магчымасці рэлакацыі і рэабілітацыі рэпрэсаваных;
- імплементацыю Люксембурскіх рашэнняў па праблемах беларусаў у выгнанні (ПАРЕ).
Падчас гутаркі абмеркавалі таксама ўзаемадзеянне МУС Эстоніі з Місіяй дэмакратычных сілаў у Таліне, якую ўзначальвае Віталь Малчанаў, і важнасць пастаяннай камунікацыі паміж структурамі.
Святлана Ціханоўская:
«Я ўдзячная Эстоніі і міністру за ўвагу да Беларусі. З 2020 года МУС актыўна ўключаны ў беларускі парадак дня, уважліва сочыць за нашай працай і падтрымлівае беларусаў. Мы бачым плённае супрацоўніцтва паміж міністэрствам і Місіяй дэмакратычных сілаў у Таліне — і разам паступова вырашаем праблемы беларусаў з легалізацыяй».
