Падчас свайго візіту ў Аўстралію Святлана Ціханоўская ўшанавала памяць беларускіх анзакаў — ураджэнцаў Беларусі, якія стагоддзе таму ваявалі ў шэрагах аўстралійскай арміі падчас Першай сусветнай вайны.
У пятніцу Ціханоўская ўсклала кветкі каля Манумента памяці ў Мельбурне і прыняла ўдзел у фармальнай цырымоніі разам з прадстаўнікамі беларускай дыяспары і аўстралійскіх уладаў.
Раней у Сіднэі яна таксама наведала ваенны мемарыял АНЗАК і ўшанавала памяць салдат, сярод якіх былі і ўраджэнцы Беларусі.
«Гэта даніна памяці тым беларусам, якія разам з аўстралійцамі і новазеландцамі змагаліся за свабоду і справядлівасць. Іх лёсы — частка як аўстралійскай, так і беларускай гісторыі. Яны нагадваюць нам, што нашыя народы звязаныя агульнымі каштоўнасцямі і гатоўнасцю абараняць чалавечую годнасць», — адзначыла Ціханоўская.
