Падчас візіту Святланы Ціханоўскай у Аўстралію дэлегацыя наведала парламент краіны і правяла шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі палітычных партыяў.
Як распавёў дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька, вынікі гэтых сустрэчаў адкрываюць магчымасць стварэння ў парламенце Аўстраліі групы «За дэмакратычную Беларусь»:
«Зараз, пасля дня працы ў парламенце, можам сказаць, што на мапе Альянсу дэпутацкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» можа з’явіцца новая краіна — і гэта Аўстралія. Ёсць папярэднія дамоўленасці са спікерам парламента і прадстаўнікамі дзвюх буйных партыяў, якія прадстаўленыя ў парламенце. Мы змаглі зацікавіць нашых аўстралійскіх партнёраў і сяброў у тым, што такая група будзе карыснай і для беларусаў, і для аўстралійцаў».
