Сёння ў Парыжы Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з міністрам Еўропы і замежных справаў Францыі Жанам-Наэлем Баротам. У сустрэчы таксама ўдзельнічаў Сяргей Ціханоўскі.
Падчас размовы бакі абмеркавалі:
— палітыку Францыі ў дачыненні да Беларусі і ваенна-палітычную сітуацыю ў рэгіёне;
— крокі па вызваленні беларускіх палітвязняў;
— падтрымку для незалежных медыя;
— магчымасць пашырэння выдачы візаў беларусам.
Ціханоўская падкрэсліла:
«Я ўдзячная Францыі за паслядоўную падтрымку беларускага народа, за працу спецыяльнай прадстаўніцы па Беларусі і ўвагу да лёсу нашай краіны. Асобна хачу падзякаваць за візавую падтрымку — заставацца мабільнымі вельмі важна для тых, хто жыве ў Беларусі. Я заклікала міністра пашырыць выдачу візаў, бо гэта дае беларусам магчымасць мець сувязь з Еўропай і адчуваць сябе часткай свабоднага свету».
Пасля сустрэчы прайшоў урачысты прыём з нагоды трэцяй сустрэчы Альянсу парламенцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь», дзе прысутнічалі ўсе ўдзельнікі сустрэчы: міжнародныя прадстаўнікі групаў, парламентарыі, прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці, а таксама прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета — Павел Латушка, Аліса Рыжычэнка і Уладзімір Астапенка.