Сёння дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў і прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Вольга Зазулінская правялі сустрэчы з прадстаўнікамі арганізацыяў дапамогі палітзняволеным. Да размовы далучыўся і намеснік Святланы Ціханоўскай у Аб’яднаным Пераходным Кабінеце Павел Латушка.
У сустрэчы бралі ўдзел прадстаўнікі Dissidentby, Вольныя, ByHelp, Partyzanka, Freedom Women, Humanosh, асацыяцыі палітвязняў «Да волі», Libereco, ПЭН, Праваабарончага цэнтра «Вясна», Dapamoga, Асацыяцыі Палітвязняў Беларусі, Цэнтра Беларускай салідарнасці, фонду «Краіна для жыцця».
Асноўная мэта сустрэчы — падрыхтоўка да магчымых масавых вызваленняў палітвязняў, каб падтрымка для іх і іх сем’яў была хуткай, зладжанай і эфектыўнай.
Асноўныя тэмы абмеркавання:
– шэлтары для размяшчэння вызваленых;
– мясцовая падтрымка — ежа, жыллё, транспарт;
– дакументы і легалізацыя, у прыватнасці — што рабіць з вызваленымі, якіх прымусова дэпартуюць без пашпартоў;
– візавыя і юрыдычныя пытанні, у тым ліку працэдура разгляду прытулку паводле Дублінскага пагаднення (у першай краіне ўезду).
– дапамога сем’ям і блізкім;
– доўгатэрміновыя праграмы падтрымкі.
Арганізацыі падзяліліся сваімі магчымасцямі — колькі чалавек яны могуць прыняць і ў якіх гарадах Польшчы гатовыя даць жыллё і дапамогу.
Леанід Марозаў:
«Гэта была вельмі эфектыўная сустрэча, дзе мы змаглі абмеркаваць нашыя далейшыя крокі і скаардынаваць дзеянні. Важна аб’ядноўваць усе высілкі і магчымасці, каб быць гатовымі да магчымых масавых вызваленняў і каб дапамога была зладжанай і своечасовай».
____
Сустрэча арганізаваная Офісам Святланы Ціханоўскай сумесна з Прадстаўніцтвам па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета.